Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт як палітыка і як прынада


Дэпутатка Алена Анісім

Чаму Лукашэнка не адкінуў прапанову Алены Анісім аб стварэньні ў Беларусі Нацыянальнага ўнівэрсытэту?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Карбалевіч: Калі вызначаць, што новае зьявілася ў выступе Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі, то гэта тое, што на традыцыйнае пытаньне пра Нацыянальны ўнівэрсытэт, якое задала дэпутатка палаты прадстаўнікоў, намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім упершыню прагучаў іншы адказ. Раней на гэтае пытаньне афіцыйныя асобы адказвалі так: у нас ужо ёсьць нацыянальны ўнівэрсытэт — гэта БДУ. А вось цяпер Лукашэнка адказаў «ні так, ні не». То бок, можа быць. Маўляў, трэба абмеркаваць.

Сам фармат мерапрыемства, якое было прадстаўленае ў выглядзе дыялёгу, патрабаваў такога падыходу.

Чаму памянялася стаўленьне? Па-першае, сам фармат мерапрыемства, якое было прадстаўленае ў выглядзе дыялёгу, патрабаваў такога падыходу. Зьвярніце ўвагу, што нават закіды Яраслава Раманчука наконт рынкавай эканомікі, вялікай ролі дзяржавы ў эканамічным працэсе, Лукашэнка не адрынаў з парогу. Маўляў, ужо адбываецца працэс аптымізацыі дзяржапарату, вось мы ідзем насустрач МВФ, рухаемся па гэтым шляху, толькі павольна. Так і ў пытаньні Нацыянальнага унівэрсытэту адказ быў у тым жа стылі.

Па-другое, гэта адказ ляжыць у межах працэсу «мяккай беларусізацыі», нарастаньня напружанасьці з Расеяй.

Тут трэба зьвярнуць увагу на новы фэномэн, які мы назіраем апошнімі гадамі. Зьявілася беларускамоўныя «лукашысты». Раней, у 90-я гады, напачатку нулявых такога амаль не было. Беларуская мова была надзейным маркерам апазыцыйнасьці. Нават міліцыянты падчас «хапуну» шукалі апазыцыянэраў па прыкмеце мовы.

Цяпер сытуацыя трошкі зьмянілася. У кіроўнай палітычная эліце зьявіліся людзі, якія добра гавораць па-беларуску. Той жа дэпутат Марзалюк, якога Лукашэнка жартам прызначыў рэктарам будучага ўнівэрсытэту. Ці Гігін, Дзермант, іншыя праўладныя палітолягі, якія лёгка пераходзяць на чыстую беларускую мову. Больш, за тое, нават некаторыя міністры сталі гаварыць па-беларуску. Як напрыклад, Павел Латушка, калі ён быў міністрам культуры. Ды і іншыя міністры.

У такой сытуацыі цалкам рэальна набраць склад беларускамоўных выкладчыкаў, якія будуць праводзіць афіцыйную ідэалёгію. І тут можа ўзьнікнуць пастка. Ініцыятары гэтай ідэі меркавалі, што выкладаньне ў Нацыянальным унівэрсытэце будзе ісьці ў духу беларускасьці, беларускай ідэі, беларускага адраджэньня. А на практыцы можа здарыцца так, што там на беларускай мове будуць праводзіць лінію на адвечнае сяброўства з Расеяй. Што стане пэўным вычварэньнем сьвятой ідэі. Але няўжо ініцыятары разьлічвалі, што будзе па-іншаму у межах існай сыстэмы?

Лукашэнка, як «гаспадар свайго слова», дзейнічае па прынцыпе «я слова даў, як яго і забраў».

Цыганкоў: Валер аналізаваў будучы Нацыянальны унівэрсытэт, нібыта ўжо вырашана яго стварыць. Мне здаецца, што шлях нашмат даўжэйшы, чым нам уяўляецца, і проста кароткае неадназначнае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі яшчэ не значыць, што палітыка дзяржавы на дадзены момант памянялася. Зь яго выказваньня сапраўды нельга зрабіць нейкіх канкрэтных высноваў, мы нават маем прыклады, калі Лукашэнка, як «гаспадар свайго слова», дзейнічае па прынцыпе «я слова даў, як яго і забраў».

Тут нават не было дадзенае слова — проста сапраўды ўпершыню адказ на гэтае пытаньне прагучаў у нейкім неадназначным, неакрэсьленым ракурсе. Мой прагноз — што справа да стварэньня Нацыянальнага унівэрсытэту пакуль яшчэ далёкая ад арганізацыйнага ці нейкага іншага вырашэньня, і ўлада пакуль не бачыць такога вялікага ціску грамадзтва па гэтым пытаньні, каб пайсьці на яго.

У любым выпадку, калі будзе прынятае такое рашэньне, гэта будзе сьведчыць пра далейшыя тэндэнцыі ва ўладзе ў накірунку той самай «мяккай беларусізацыі», пра якую мы спрачаемся, ці ёсьць яна ці няма. Але можна пагадзіцца, што такі важны накірунак толькі дзякуючы беларускамоўнасьці ўлада не ўпусьціць, не зробіць гэты унівэрсытэт апазыцыйным. Знойдзецца шмат беларускамоўных, ці прынамсі валодаючых беларускай мовай выкладчыкаў, якімі можна будзе напоўніць гэты унівэрсытэт. Так што сапраўды ня трэба чакаць, што гэта будзе ўстановай, дзе будуць нейкія зусім іншыя адрозныя ад дзяржаўнай сыстэмы адукацыі каштоўнасьці.

Я б разглядаў гэтыя заявы, як пэўнае манэўраваньне на ўнутрыпалітычнай арэне.

Дракахруст: Я б разглядаў гэтыя заявы — будзем гаварыць менавіта пра заявы, а не пра тое, што гэты ўнівэрсытэт ужо створаны — як пэўнае манэўраваньне на ўнутрыпалітычнай арэне. Мы бачым гэтае манэўраваньне на зьнешнепалітычнай арэне — яно фактычна пачалося з 2014 году, калі Беларусь выразна не ўставала ў адзін вайсковы шыхт з Расеяй адносна Украіны. Вось Беларусь стала пасярэднікам, вось Беларусь увесь час трымала стасункі ў афіцыйным Кіевам, робіць нейкія спрыяльныя крокі на адрас Украіны і ў эканамічнай сфэры, нядаўна мы пачулі заяву наконт таго, што Украіна вядзе барацьбу за незалежнасьць. Вось такое балянсаваньне. Яно не азначае, што Беларусь устала ў адзін шыхт з Украінай — зусім не, гэта балянс і ня больш за тое.

Вось мне здаецца, што і на ўнутрыпалітычнай арэне таксама выбудоўваецца нейкі балянс, яго можна ўбачыць у некалькіх формах. Гэта і стаўленьне ў 2015 годзе да кандыдаткі Тацьцяны Караткевіч, гэта і спыненьне «хапуноў» на масавых маніфэстацыях, гэта ўдзел людзей з неафіцыйным пунктам гледжаньня на розных імпрэзах на беларускім тэлебачаньні, вось і вы, Валер, час ад часу там бываеце, вас туды запрашаюць.

Гэта сыстэма знакаў, жэстаў, пасланьняў грамадзтву, што ўсё ў нас па-рознаму, усё ў нас не так адназначна. На прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка сказаў, што тут няма «пятай калёны». Іншымі словамі, меркаваньні Раманчука наконт рынкавай эканомікі і Анісім — наконт Нацыянальнага ўнувэрсытэту не трактаваліся, як меркаваньні «пятай калёны». Было сказана, што ў спадарыні Анісім, у спадара Марзалюка, ёсьць свае меркаваньні наконт мовы, а можа і падумаем, а можа і будзем слухаць.

Вось гэтыя два балянсаваньні — ўнутрыпалітычнае і зьнешнепалітычнае — насамрэч стасуюцца адно з адным. У маёй перадачы «Праскі акцэнт» даволі слушна сказаў Аляксандар Фядута, калі я спытаў, а чаму гэтая канфэрэнцыя была ледзь не бэнэфісам Раманчука. Ён сказаў — таму што канфэрэнцыю глядзелі не толькі беларусы. Яе глядзелі замежнікі — дыпляматы, аналітыкі — і яны спрабуюць расшыфраваць сыгналы — і наконт лібэральнай эканомікі, і наконт беларускай мовы, нацыянальнай ідэнтычнасьці.

І ўсе гэтыя сыгналы атрыманыя. Гэта частка гульні з тым жа Захадам, і са сваім грамадзтвам таксама. Зь іншага боку, прынамсі пакуль гэта не азначае нічога больш. Гэта вельмі дазаваныя сыгналы, і днямі БелТА апублікавала камэнтар нейкай выкладчыцы (нібыта камэнтароў Лукашэнкі недастаткова) пра тое, што ў нас усё добра з беларускай мовай, увогуле Нацыянальны ўнівэрсытэт непатрэбны. То бок паказаная мяжа гэтага фармальнага дыялёгу. Так, мы можам размаўляць, сказаць, мы падумаем, але пакуль не далей.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG