Забойства эмігранта зь Беларусі Віталя Мяліка адбылося 3 лютага ў 11 гадзінаў вечара ў горадзе Норкрас, штат Джорджыя.
Як паведамляе інтэрнэт-выданьня slavicsac.com, паліцыя высьветліла, што Віталь Малік зайшоў у краму на аўтазаправачнай станцыі. Потым туды зайшлі двое падазраваных. Калі яны выйшлі на вуліцу, паміж імі і Мялікам ўзьнікла спрэчка, адзін з падазраваных дастаў стрэльбу і стрэліў у Мяліка. Паліцыя паведаміла, што цела знаходзілася пасярэдзіне парковачнай пляцоўкі. Паколькі аўтамабіля побач не было, дэтэктывы лічаць, што на запраўку Мялік мог прыехаць разам са сваімі будучымі забойцамі.
Паліцыя распаўсюдзіла прыкметы падазраванага, якога зафіксавалі камэры відэаназіраньня: чорнаскуры мужчына 18-25 гадоў, ростам ад 175 да 185 сантымэтраў. Другі падазраваны — такога ж самага ўзросту. Інтэрнэт-выданьне падае нумар тэлефону для сувязі з паліцыяй тых, хто мае інфармацыю пра злачынства.
Блізкія Віталя Мяліка пачалі збор сродкаў у Інтэрнэце, яны маюць намер сабраць 50 тысячаў даляраў. Як напісала сваячка Мяліка, у забітага ў Беларусі засталіся жонка і двое дзяцей: «Для ўсіх, хто ведаў Віталя, ён быў вельмі добрым чалавекам, які заўсёды прыходзіў на дапамогу ўсім, хто меў у гэтым патрэбу. Ягоныя жонка і дзеці цяпер знаходзяцца ў Менску (Беларусь), і мы спрабуем арганізаваць атрыманьне візы, каб яна здолела разьвітацца з мужам».