Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяперашні час ня горшы за брэжнеўскі. У чымсьці цяпер нават лепш...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Апошнім часам у пошце Свабоды прыкметна больш допісаў з развагамі пра тое, чаму Беларусь сутыкнулася з такімі складанымі эканамічнымі праблемамі, як доўга працягнецца гэтая паласа выпрабаваньняў і ці нельга было яе пазьбегнуць.

Наш слухач Антон Лебядзінскі зь Ліды, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, адказы на гэтыя пытаньні спрабуе знайсьці ў нядаўняй айчыннай гісторыі. Спадар Антон піша:

Беларусы цярпелі ўладу тады, церпяць і цяпер. Такі ў нас, відаць, нацыянальны характар.

«Надта шмат у вас панічных настрояў. Такое ўражаньне, што тут у нас ледзь ня голад і ня сёньня-заўтра выбухне рэвалюцыя. А ўсё крыху ня так. Людзі нашы пераважна ня звыклыя да раскошы. Многія памятаюць часы, калі было куды больш цяжка. Вось хоць бы параўнаць цяперашні час з брэжнеўскім. Тады ж мы таксама не раскашавалі. Праўда, працы ў той час было багата. Але плацілі паўсюль няшмат. І ў крамах было пуставата. Нават калі маеш грошы, не заўсёды і ня ўсюды купіш тое, што хочаш. Але людзі звыкліся і ўспрымалі ўсё як належнае.

Цяперашні час ня горшы за брэжнеўскі. З чымсьці цяпер горш, з чымсьці — лепш. Напрыклад, таварнага дэфіцыту больш няма — гэта плюс. А вось грошай у людзей значна меней і зарабіць іх цяжка — гэта мінус.

Яшчэ адно. З «сацыялкай» у брэжнеўскім СССР было куды лепш: мэдыцына, адукацыя, абарона працоўнага чалавека былі на ўзроўні, гэта плюс. А вось выяжджаць за мяжу было нельга, гэта мінус.

І так, бадай, ва ўсіх сфэрах, куды ні кінь.

Але беларусы цярпелі ўладу тады, церпяць і цяпер. Такі ў нас, відаць, нацыянальны характар».

У многім вашы, спадар Антон, развагі, безумоўна, слушныя. Многія пакаленьні беларусаў сваю ўладу, па сутнасьці, самі, самастойнымі высілкамі не мянялі. Яна альбо мянялася сама (як было з Брэжневым, Андропавым, Чарненкам), альбо беларусам яе мянялі так званыя «ўсходнія браты» (як было з Габачовым і ягонай перабудовай, а пазьней са жнівеньскім путчам 1991 году і наступным распадам СССР). Была адна нясьмелая спроба самім разабрацца з уласнымі праблемамі ў 1994 годзе, але і тая скончылася вядомым вынікам, пасьля якога прынамсі на чвэрць стагодзьдзя беларусы зноў засталіся бяз права на выбар.

А вось што датычыць параўнаньня ўзроўню дабрабыту ў сёньняшняй Беларусі і брэжнеўскім СССР, то паралелі гэтыя выглядаюць прыніжальнымі для беларусаў. Мінула амаль паўстагодзьдзя з таго часу. У Беларусі за гэтыя дзесяцігодзьдзі не было ні войнаў, ні іншых катаклізмаў. Усе суседнія эўрапейскія краіны шпаркімі тэмпамі разьвіваліся і дасягнулі немалых посьпехаў. Чаму ж беларусы павінны быць задаволенымі тым, што жывуць гэтак жа, як жылі іхныя продкі паўстагодзьдзя таму?

Аўтар наступнага ліста Павал Біч зь Менску разважае пра тое, чаму ў беларускім грамадзтве так востра стаіць праблема нацыянальнай самасьвядомасьці. Слухач піша:

Самапавага чалавека вышэй за ўсё, і таму, каб унікнуць прыніжэньня ад назвы «белый русец», наш чалавек адмаўляецца наогул ад Нацыянальнага. І гэтым адразу карыстаюцца русыфікатары.

«Чаму беларускасьць не прымаецца народам? Адраджэнцы ўсьлед за выслоўем Багушэвіча «не пакідайце мовы, каб ня ўмёрлі» памылкова лічылі, што кодам нацыі зьяўляецца мова. Між тым кодам нацыі зьяўляецца назва народу, а мова ёсьць адным з адбіткаў нацыянальнага. Яны таксама памылкова лічылі, што назва народа не ўплывае на сьвядомасьць, ігнаруючы векавую сусьветную практыку абавязкова мяняць імя чалавека пры зьмене ім рэлігіі. Яны таксама памылкова ігнаравалі існуючую ў філязофіі (і ва ўсіх астатніх сфэрах ведаў) мэтафару-дрэва, у якога найважнейшым ёсьць корань, а галінкі і лісьце — другасныя і згодна зь якой параўнаньне назваў «рускі» і «беларускі» адназначна вызначае першыню і карэннасьць назвы «рускі» і другаснасьць, вытворнасьць назвы «беларускі». Такім чынам, назва «беларускі» страчвала асноўнае, што патрэбна для любові — адметнасьць і арыгінальнасьць. Нагадаю, што ўсе народы Амэрыкі прынялі чужыя мовы, але маюць нэўтральныя добра акрэсьленыя коды-назвы — канадцы, бразільцы, чылійцы... Народаў з назвамі кшталту нашай — сінія партугальцы, жоўтыя гішпанцы, фіялетавыя ангельцы — на сьвеце не існуе, таму што гэта зьневажальна. Такія назвы забіваюць гонар і годнасьць людзей, нараджаюць у іх комплекс непаўнавартасьці, і ў гэтым прычына паразы апазыцыі. Але ў нас зьневажальная мянушка «беларусы» (белыя русы) замацавалася. Людзі падсьвядома адчуваюць зьневажальнасьць гэтай назвы і ня хочуць мець такую. І гэта выяўляецца ў тым, што яны адмаўляюцца карыстацца мовай пад назвай «беларуская». Самапавага чалавека вышэй за ўсё, і таму, каб унікнуць прыніжэньня ад назвы «белый русец», наш чалавек адмаўляецца наогул ад Нацыянальнага. І гэтым адразу карыстаюцца русыфікатары.

Што будзе, калі за беларусізацыю возьмецца ўлада, сказаць цяжка. Палюбіць гэтыя назвы (па сутнасьці, рускасьць) усе ня змогуць, і, калі не пачне разьвівацца літоўскасьць, яны могуць выбраць польскасьць. Гэта будзе сапраўдным расколам народу — накшталт таго, што ўжо адбываўся ў нас на пачатку ХХ стагодзьдзя».

Каб жа ўсе праблемы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і станаўленьня дзяржаўнасьці так проста вырашаліся — шляхам зьмены назвы краіны...

Заўважу, спадар Павел, што на працягу ХХ стагодзьдзя з падобнай праблемай (адмовы ад каляніяльных назваў) сутыкнуліся дзясяткі краін, якія здабылі незалежнасьць і спрабавалі паквітацца зь ненавіснай спадчынай калянізатараў. І досыць актыўна пераназываліся. Залаты Бераг стаў Ганай, Бэльгійскае Конга — Заірам, Бірма — М’янмарам, Паўночная Радэзія — Замбіяй, а паўднёвая — Зымбабвэ... Гэты сьпіс можна досыць доўга працягваць. Што адметна, ні да якіх кардынальных зьменаў гэта не прывяло — у тым ліку і ў нацыянальнай самасьвядомасьці. Як былі дзяржаўнымі мовамі ў большасьці гэтых краін мовы былых калянізатараў, так і засталіся.
___________________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск−5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG