Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня лютаўская, і не кастрычніцкая, а Вялікая Беларуская Рэвалюцыя»


Радыё Свабода падсумоўвае сёлета стагодзьдзе падзеяў 1917 году. Мы хочам асэнсаваць іх значэньне для беларусаў і беларускай гісторыі. Цягам году ў нашым эфіры і на нашым сайце слухайце, чытайце і глядзіце матэрыялы рубрыкі «1917: Вынікі».

Сёньня госьці Радыё Свабода — гісторыкі Ніна Стужынская зь Менску і Андрэй Вашкевіч з Горадні.

РС: Мы напярэдадні 100-годзьдзя лютаўскай рэвалюцыі, якая зрынула самадзяржаўе. Гэтай падзеі практычна не існуе ў масавай сьвядомасьці беларусаў, ды, напэўна і ў іншых народаў былой Расейскай імпэрыі. Спадарыня Ніна, чаму?

Стужынская: Лютаўская рэвалюцыя засталася ў цені Першай сусьветнай вайны і кастрычніцкай рэвалюцыі. За першыя дзесяцігодзьдзі XX стагодзьдзя склаўся стэрэатып дзякуючы савецкай гістарыяграфіі, што галоўная дамінанта ўсёй гэтай гісторыі — кастрычніцкая рэвалюцыя. Што адбывалася раней — нікога не цікавіла, таму ў выніку атрымалася, што гісторыя пачалася з чыстага аркуша, адразу з кастрычніка 1917 году. Былі спробы пераасэнсаваць гэтыя падзеі ў 1990-я, але яны вельмі хутка скончыліся.

РС: Андрэй, а ці можна неяк вызначыць, якая з гэтых дзьвюх рэвалюцый для беларусаў была больш вызначальная?

Абедзьве гэтыя падзеі былі часткай вялікага працэсу.

Вашкевіч: Калі разважаць глябальна, то абедзьве гэтыя падзеі былі часткай вялікага працэсу. Гэта быў глябальны працэс пераўтварэньняў ня толькі ў Расейскай імпэрыі, а ўвогуле на эўрапейскай прасторы. лютаўская рэвалюцыя была першай ў цэлым шэрагу рэвалюцый, таго, што пазьней адбывалася ў Аўстра-Вугоршчыне, Нямеччыне і іншых эўрапейскіх краінах. Канешне, гістарычная спадчына кастрычніцкіх падзей намнога большая. Але лютаўская рэвалюцыя прынцыпова зьмяніла палітычную карціну ў тым ліку і ў Беларусі, прынамсі ў яе ўсходняй частцы, каторая ў той час не была пад нямецкай акупацыяй. Яе, уласна кажучы, і тычылася найперш лютаўская рэвалюцыя.

РС: Беларусь 100 гадоў таму была правінцыяй Расейскай імпэрыі. Навіны з Пецярбургу і Масквы даходзілі сюды пазьней. Як беларускія сілы хацелі выкарыстаць яе ў сваіх мэтах?

Свабоду, якую дала Лютаўская рэвалюцыя, не ўдалося выкарыстаць.

Стужынская: Свабоду, якую дала Лютаўская рэвалюцыя, не ўдалося выкарыстаць. Хаця бачна, як імкліва тады разьвіваліся нацыянальныя сілы. Мы прызвычаіліся вывучаць Кастрычніцкую рэвалюцыю, як пралетарскую рэвалюцыю. Але ж яна была толькі часткай вялікага працэсу. Гэта і вайна, увесь 1917-ы і тое, што было пасьля, да 1920-х. З пункту гледжаньня імпэрскай гістарыяграфіі пастаянна замоўчваўся нацыянальны чыньнік. Я вучаніца сьветлай памяці Ілярыёна Ігнаценкі, які ўвесь час пісаў пра кастрычніцкую рэвалюцыю. І нават ён у 1990-я гады сказаў такую думку, што беларускі чыньнік гэтай рэвалюцыі акурат неакцэнтаваны. А ён для нас вельмі важны. Ён быў важныя і ў 1990-я і асабліва цяпер, калі мы шукаем гістарычныя аргумэнты падмацаваньня нашай дзяржаўнасьці. Паглядзіце, як імкліва разьвіваліся тады падзеі. Увесну пачалі зьяўляцца першыя нацыянальныя арганізацыі, у лютым яны фармуюцца ў Беларускі Нацыянальны Камітэт. Потым пайшло стварэньне радаў, у тым ліку і вайсковай, якая занялася фармаваньнем вайсковых частак. І вось гэта, я лічу, галоўнае для нас, на што мы павінны рабіць акцэнт.

РС: Спадарыня Ніна, але ў той жа час Раману Скірмунту і Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту адмовіліся перадаваць ўладу на тэрыторыі Беларусі.

Стужынская: Бо тыя ж самыя імпэрцы прыйшлі да ўлады ў лютым, а ў кастрычніку 1917 году яны прыйшлі ў бальшавіцкім фармаце.

РС: Андрэй, а чаму тыя магчымасьці, якія давала лютаўская рэвалюцыя, не былі выкарыстаныя ў поўнай меры.

Вашкевіч: Імі не змаглі скарыстацца ня толькі беларусы, але і ўкраінцы, і народы Закаўказьзя. Фактараў было вельмі шмат. У першую чаргу гэта сацыяльны чыньнік. Народ, які ня быў усьвядомлены ў нацыянальным пляне, у першую чаргу выступаў за значныя сацыяльныя пераўтварэньні. А бальшавіцкая партыя вельмі актыўна пра гэта казала. Другое — гэта фактар фронту, які быў вырашальным момантам на беларускіх землях у той час. Гэта каля мільёна людзей са зброяй у руках. Яны ў большасьці былі за бальшавікамі, бо бальшавікі хацелі міру і канца вайны. У тых умовах нацыянальны праект было вельмі складана рэалізаваць.

Стужынская: Але зь іншага боку фронт таксама паўплываў на хуткае фармаваньне нацыянальнай сьвядомасьці. Зрабіў зь беларусаў жаўнераў.

РС: А якая сіла ў Беларусі пасьля лютаўскай рэвалюцыі мела найбольшыя шанцы аб’яднаць вакол сябе войска і стварыць дзяржаўнасьць. Ці гэта была ўсё ж фантастыка?

Стужынская: Не фантастыка. Дастаткова сьпелымі былі палітычныя партыі. Найперш Беларуская Сацыялістычная Грамада.

РС: Андрэй, вы — так званы заходнік, можа ў Вас іншая думка?

Я ня думаю, што ў тых умовах у беларусаў быў шанец дамагчыся незалежнасьці.

Вашкевіч: Лютаўская рэвалюцыя запусьціла вялікі працэс. Гэта значыць, што ўсе беларускія арганізацыі, якія сышлі ў сьпячку пасьля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. Альбо проста яшчэ не сфармаваліся як акрэсьленыя палітычныя плыні, што ва ўмовах царызму немагчыма было зрабіць. Яны выйшлі з ценю і пачалі актыўна зьяўляцца і фарміравацца. Возьмем хрысьціянска-дэмакратычную лінію. Яна пачала афармляцца вясной ці на пачатку лета 1917. Тая ж самая БСГ стваралася, фактычна, нанова. Гэтыя партыі былі пачаткам нацыянальнага праекту. Беларусы тады апынуліся ў вельмі складанай сытуацыі, таму што вельмі цяжка гаварыць пра барацьбу за нацыянальную незалежнасьць, пра палітычнае самастойнае жыцьцё, калі толькі 7 гадоў да гэтага выйшла першая кніга па гісторыі Беларусі і яшчэ нават не было першай беларускай граматыкі. Я ня думаю, што ў тых умовах у беларусаў быў шанец дамагчыся незалежнасьці. З аднаго боку беларускі рух быў слабы. А зь іншага — Беларусь займала вельмі важнае геапалітычнае становішча. Літва і Латвія пры пэўных умовах маглі быць аддадзеныя камусьці зь вялікіх краінаў. Тэрыторыя Беларусі была надзвычай важнай для Расейскай імпэрыі. Яны да апошняга імкнуліся трымаць тут сытуацыю пад кантролем.

Стужынская: Я вось узгадала слуцкія падзеі. Камісар Часовага ўраду Радаслаў Астроўскі прыяжджае ў Слуцк і адкрывае тут нацыянальную гімназію. І паглядзіце як хутка, праз 2 гады пачынаецца паўстаньне. Гэта невыпадкова. Гэта доказ таго, як імкліва разьвіваліся нацыянальныя працэсы. І гэты штуршок дала лютаўская рэвалюцыя.

РС: Я ведаю, што гісторыкі ня любяць футуралёгію. Але яе любяць журналісты. Уявіце, што кастрычніцкай рэвалюцыі ня было пасьля лютаўскай. Як маглі б разгортвацца падзеі?

Стужынская: Я думаю, што былі б умовы для разьвіцьця нацыянальных партый, якія б рубам паставілі пытаньне аб нацыянальнай аўтаноміі, а потым і дзяржаўнай самастойнасьці.

Вашкевіч: Усе рэвалюцыі добрыя, калі яны своечасова заканчваюцца. Калі б усё скончылася толькі Лютаўскай рэвалюцыяй, то ўсё роўна тады б беларусы незалежнасьці не атрымалі, але пазыцыі беларусаў, палітычныя і культурныя, эканамічныя, у сьвеце і ў расейскай дзяржаве былі б зусім іншыя. Расея ўжо ніколі б ня была той дзяржавай, якой яна была да 1917 году.

РС: Але ня факт, што Беларусь была б абвешчаная ў межах нават БССР і ў выніку РБ. Якая з гэтых дзьвюх рэвалюцыяў бліжэйшая да беларускай дзяржаўнасьці? Ці нейкую зь іх беларусам варта сьвяткаваць і ўшаноўваць?

Мы забыліся, што Першая сусьветнай вайна праходзіла пад лёзунгам «Свабоду малым народам».

Стужынская: Лютаўскую. Яна адкрыла нацыянальны шлюз і дала штуршок для стварэньня нацыянальных інстытуцый, узмацненьня палітычных партыяў. Мы забыліся, што Першая сусьветнай вайна праходзіла пад лёзунгам «Свабоду малым народам». Беларусы гэтым скарысталіся і паказалі ў лютаўскай рэвалюцыі, як яны сьпяшаліся выкарыстаць усе магчымасьці лютаўскай рэвалюцыі, якую мы абсалютна не па заслугах забыліся.

Вашкевіч: Гэта была частка вялікага працэсу. Безумоўна для нас беларусаў галоўным наступства гэтай падзеі было зьяўленьне Беларусі як рэспублікі на палітычнай мапе Эўропы. Гэта быў вынік усяго палітычнага землятрусу 1914 −1921 гадоў. Гэтыя дзьве рэвалюцыі ўсё толькі часткі гэтай вялікай падзеі. Самае галоўнае, пра што ў гэтай сытуацыі павінны памятаць беларусы, каб ніколі не паддавацца на размовы пра тое, што нам гэтую незалежнасьць нехта даў, ці то бальшавікі, ці хтосьці яшчэ. Што гэтую незалежнасьць нехта для нас прыдумаў. Гэта абраза памяці тых людзей, якія за гэтую Беларусь аддалі свае жыцьці. Гэтыя людзі ўсё жыцьцё марылі пра дзяржаву. І як толькі зьявілася магчымасьць сябе праявіць, то яны ўсё кінулі і пачалі займацца справай, якая ім была наканавана.

Стужынская: Украіна сьвяткуе, нават загадам прэзыдэнта, Вялікую Ўкраінскую Рэвалюцыю. Яны нават прапісалі тыя чыньнікі, што маюцца на ўвазе пад гэтым тэрмінам. Гэта пэўная дыстанцыя ад тых падзей, якія адбываліся на той момант у Маскве, і ў Пецярбурзе. А чаму мы не ставім пытаньне такім чынам. Даволі моцны чыньнік гэтых падзеяў быў нацыянальны. І калі разглядаць падзеі ня толькі 1917 году, але і іх працяг, і ў гэтым ланцугу паўстаньні за незалежнасьць, якія адбываліся ў пазьнейшыя часы, то трэба ставіць пытаньне аб сьвяткаваньні Вялікай Беларускай Рэвалюцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG