Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абраза беларускай мовы: караць ці пераконваць


Ці трэба штрафаваць за абразу беларускай мовы?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: 27 студзеня Навабеліцкі суд Гомеля аштрафаваў на 10 базавых велічыняў (230 рублёў) былога міліцыянта, супрацоўніка дэпартамэнту аховы МУС Васіля Варушчанку за публічную абразу беларускай мовы.

Справа была пачатая з прычыны камэнтара Васіля Варушчанкі ў пабліку парталу «Сильные новости» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце». Камэнтар быў наступнага зьместу: «Беларуская мова — гэта труп, які гніе і які ўжо даўно трэба закапаць глыбей!».

Гэтага было дастаткова, каб узьнялася дыскусія. Некаторыя пісалі, што такія штрафы, такі падыход нічым не дапамогуць беларускай мове, і хацелася б, каб людзей прыводзілі да беларускай мовы не пачуцьцё пакараньня, не страх перад ім, а менавіта самасьвядомасьць.

Раней у нас проста не было прэцэдэнту, не было выпадку пераканацца ў тым, а што ж дзяржава думае на гэты конт.

Мне здаецца, тут галоўнае – гэта стварэньне прэцэдэнту. Прэцэдэнту ў дэманстрацыі таго, як дзяржава (хаця б у гэтым вузкім аспэкце) ставіцца да абразаў беларускай мовы. Бо раней у нас проста не было прэцэдэнту, не было выпадку пераканацца ў тым, а што ж дзяржава думае на гэты конт.

Мы ня ведалі, як яны ставіцца. Алег Трусаў вось сабраў дзясяткі добрых і спрыяльных цытатаў Лукашэнкіпра беларускую мову, але мы ведаем і іншыя, ня самыя прыгожыя цытаты таго ж Лукашэнкі.

А цяпер ёсьць важны прэцэдэнт, якім у тым ліку можна і пагражаць, і ўжываць у дыскусіях.

Канешне, хацелася б, каб людзі прасякнуліся самі значэньнем, неабходнасьцю станоўчага стаўленьня да беларускай мовы, каб у іх адбыўся маральны пераварот і г.д. Але, на жаль, практыка паказвае, што ў жыцьці не ўсё так проста і не існуе такіх дзяржаваў і грамадзтваў, дзе самасьвядомасьць і стаўленьне да правільных рэчаў адбываецца без выкананьня заканадаўства.

То бок, канешне,ідэальна было б, калі б усе людзі самі па сабе разумелі і значнасьць, і дзяржаўнасьць беларускай мовы, і ніколі б не дапускалі абразы і пагарду да яе.

Вы можаце спадзявацца на іх сумленьне, але ёсьць людзі, якія проста вас праігнаруюць.

Але прывядзем побытавы прыклад, калі суседзі сьвідруюць вашу сьцяну, хоць ведаюць, што гэта нельга рабіць у выходныя дні, вечарам пасьля 8 гадзінаў. Вы можаце ці спадзявацца на іх сумленьне, і большасьць добрых суседзяў адрэагуе на просьбу, але ёсьць людзі, якія проста вас праігнаруюць.

Для такіх людзей ёсьць адзіны аргумэнт – званок у міліцыю. І гэты аргумэнт у сёньняшняй цывілізацыі часта здаецца самым галоўным. І без гэтага пакуль не абысьціся.

Дык вось выкананьне закона аб парушэньні заканадаўства аб мовах, гэта артыкул 9.22 Адміністратыўнага кодэксу, паказвае, што стварэньне такога прэцэдэнту нясе менавіта такое стрымліваючае значэньне і ў нашым грамадзтве без гэтага пакуль не абысьціся.

Карбалевіч: Пытаньне ў пэўным сэнсе філязофскае. Гэта пытаньне, ці зьяўляецца парушэньнем прынцыпу свабоды слова абраза нацыянальных ці рэлігійных пачуцьцяў. Памятаеце, якую дыскусію выклікала ў Эўропе гісторыя з карыкатурамі на прарока Мухамада. Гэтае пытаньне з той жа сэрыі. І, дарэчы, тады у Беларусі судзілі выканаўцу абавязкаў газэты "Згода" Аляксандра Зьдзвіжкова за перадрук гэтых карыкатураў.

Можна таксама ўзгадаць палеміку адносна арышту і крымінальнага перасьледу трох блогераў расейскага парталу Рэгнум, якія абражалі беларускую дзяржаўнасьць і, у тым ліку, беларускую мову.

У кожнай краіне ёсьць свае каштоўнасьці, якія патрабуюць абароны.

Мая пазыцыя такая. Акрамя агульнапрынятых у сьвеце прынцыпаў абароны правоў чалавека і свабодаў, у кожнай краіне ёсьць свае каштоўнасьці, якія патрабуюць абароны. І тое, што неактуальна для адной краіны, можа быць надзвычай актуальным для іншай краіны.

Вось калісьці Вярхоўны суд ЗША прыняў рашэньне, што абраза амэрыканскага сьцягу не зьяўляецца злачынствам - гэта права грамадзяніна. Але амэрыканскаму сьцягу і амэрыканскай дзяржаўнасьці нічога не пагражае. Чаго нельга сказаць пра дзяржаўнасьць і дзяржаўныя сымбалі іншых краінаў.

Таму лічу: тое з нацыянальных каштоўнасьцяў, што знаходзіцца ў небясьпецы, чаму пагражае зьнікненьне, трэба абараняць, нават штучна. Беларуская дзяржаўнасьць і яе дзяржаўныя сымбалі, у тым ліку беларуская мова, знаходзяцца ў працэсе станаўленьня. І гэта трэба абараняць, у тым ліку, заканадаўча.

Вось у Расеі расейскай мове нічога не пагражае, як у Польшчы - польскай, у Нямеччыне - нямецкай. Таму, магчыма, неабходнасьці ў такой абароне і няма. А тут ёсьць.

Цыганкоў: Я б хацеў дадаць, як гучыць гэты артыкул адміністратыўнага кодэксу: “Публічная зьнявага дзяржаўных і іншых нацыянальных моваў, стварэньне перашкодаў і абмежаваньняў для карыстаньня імі, прапаганда варожасьці на моўнай глебе караюцца накладаньнем накладаньне штрафу».

То бок размова тут ідзе дэмакратычна, не толькі пра беларускую мову, але пра “дзяржаўныя і іншыя нацыянальныя мовы”. Такім чынам гэты артыкул абараняе многа моваў.

Дракахруст: Мне здаецца, што ўсё ж такі заканадаўства розных краінаў адрозьнівае такія рэчы, як абразу, зьнявагу нацыянальных пачуцьцяў якіх бы то ні было іншых нацыяў і этнасаў і зьнявагу сваіх, гэтай краіны, нацыянальных і дзяржаўных сымбаляў.

Вы, Валер, прыгадалі, што ў ЗША было прынятае рашэньне, што зьнявага амэрыканскага сьцягу – гэта не злачынства. Але шмат у якіх іншых краінах гэта ўсё перасьледуецца паводле закону, бо сьцяг – сымбаль нацыі, дзяржавы.

У рэчышчы гэтага падыходу могуць абараняцца і іншыя нацыянальныя сымбалі, адным зь якіх зьяўляецца мова.

Мы, зразумела, можам разважаць пра нейкую будучую Беларусь ці пра мінулую, якая была да 1995 году і ў якой дзяржаўная мова была адна – беларуская.

Цалкам магчыма, заўтра зьявіцца такая ж адміністрацыйная справа за зьнявагу рускай мовы.

Але ў сучаснай Беларусі дзяржаўнымі сымбалямі зьяўляюцца дзяржаўная беларуская мова і дзяржаўная руская мова. Цалкам магчыма, у дадатак да гэтага працэсу, які вы, Віталь, прыгадалі, заўтра зьявіцца такая ж адміністрацыйная справа за зьнявагу рускай мовы.

Я мяркую, што многія прыхільнікі гэтага штрафаваньня за беларускую мову былі б вельмі незадаволеныя, калі б некага аштрафавалі за зьнявагу рускай мовы. Хоць юрыдычная лёгіка тут абсалютна аднолькавая. Я, напрыклад, не магу сказаць, што я вялікі прыхільнік падобнага кшталту пакараньняў, у тым ліку і з прычыны вось гэтай сымэтрыі і юрыдычнай лёгікі. Але я лічу, што ў нашым кантэксьце, кантэксьце нашай палітычнай культуры, караць невялікім штрафам за гэта можа быць і варта.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG