Адпаведнае рашэньне было абвешчана ў аўторак, 24 сьнежня ў Лёндане.
У пастанове суду гаворыцца, што, паколькі выхад з ЭЗ мяняе законы Вялікабрытаніі, пачатак працэдуры так званага Brexit’у павінен ухваліць парлямэнт, нават нягледзячы на тое, што ў падтрымку выхаду з Эўразьвязу выступіла большасьць удзельнікаў рэфэрэндуму летам мінулага году.
Вярхоўны суд таксама пастанавіў, што ў Шатляндыі, Паўночнай Ірляндыі і Ўэльса ня будзе «права вета» на рашэньне аб выхадзе з ЭЗ.
Суд падкрэсьліў, што яго рашэньне носіць не палітычны, але юрыдычны характар.
Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй раней заяўляла, што яе кабінэт мае намер пасьпець ініцыяваць працэдуру выхаду з ЭЗ, згодна з артыкулам 50 Лісабонскай дамовы да канца сакавіка сёлета, нават калі Вярхоўны суд вырашыць, што для гэтага трэба згода парлямэнта. Кабінэт ужо працуе над законапраектам, які будзе ўнесены ў парлямэнт.
Многія дэпутаты Палаты абшчын выступаюць супраць выхаду з ЭЗ, аднак большасьць прадстаўнікоў вядучых партый заяўляюць, што будуць паважаць волю народу, выказаную на рэфэрэндуме.