Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх лягерах для мігрантаў ня стануць разьмяшчаць сырыйскіх уцекачоў


Ілюстрацыйнае фота. Сырыйскія ўцекачы ў лягеры для мігрантаў у Грэцыі

Цягам наступных гадоў у Беларусі за грошы Эўразьвязу будзе пабудавана некалькі «цэнтраў разьмяшчэньня мігрантаў» з разьлікам на 30-50 чалавек кожны. На гэтыя мэты Эўракамісія выдаткоўвае афіцыйнаму Менску 7 мільёнаў эўра. Будаўніцтва цэнтраў разьмяшчэньня мігрантаў вядзецца ў межах падрыхтоўкі да падпісаньня Беларусьсю пагадненьня аб рэадмісіі з Эўразьвязам.

Але, як паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў, сырыйскія альбо іншыя ўцекачы з Эўразьвязу там разьмяшчацца ня будуць.

«Гаворка ідзе толькі пра замежнікаў — незаконных мігрантаў, затрыманых у нашай рэспубліцы, — падкрэсьлівае МУС. — Зьмяшчэньне незаконных мігрантаў плянуецца ў пэрыяд правядзеньня неабходных працэдураў, зьвязаных з ідэнтыфікацыяй асобы і/або дэпартацыяй. На цяперашні момант у МУС і Дзяржаўным памежным камітэце адсутнічаюць спэцыяльныя памяшканьні, прызначаныя для ўтрыманьня і працы з такой катэгорыяй грамадзянаў. Апошнія разьмяшчаюцца ў ізалятарах часовага ўтрыманьня тэрытарыяльных аддзелаў унутраных спраў і Дзяржаўнага памежнага камітэту».

Грашы Эўракамісіі пойдуць таксама на «садзейнічаньне добраахвотнаму вяртаньню» іншаземцаў у дзяржавы, грамадзянамі якіх яны зьяўляюцца, і на «вырашэньне шэрагу іншых задачаў».

У сьнежні 2015 году ў разгар мігранцкага крызісу ў Эўропе НІСЭПД правёў апытаньне: «Апошнія месяцы краіны ЭЗ перажываюць востры крызіс, зьвязаны з патокам мігрантаў з афрыканскіх і азіяцкіх краінаў. Зь якім меркаваньнем з нагоды гэтага крызісу Вы згодныя ў большай ступені?». «Трэба высылаць уцекачоў назад, а не пускаць да сябе — гэтыя людзі чужыя Эўропе», — так адказалі 52%. «Трэба прымаць гэтых людзей — яны ўцякаюць ад войнаў і галечы, ім трэба дапамагчы», — адказалі 32%.

За 2015 год у Беларусь легальна імігравалі больш за 28 тысяч чалавек, але 22,5 тысячы былі з краінаў СНД. Зьвестак аб міграцыі ў 2016 годзе пакуль няма. Але вядома, што за першае паўгодзьдзе 2016 году было выяўлена 16 нелегальных мігрантаў (8 зь Віетнаму, па 2 з Марока, Гвінеі і Індыі, па 1 з Лівану ды Ірану), а 314 замежнікаў зьвярнуліся з хадайніцтвам пра абарону (зь іх 245 украінцаў, 20 аўганцаў, па 10 сырыйцаў ды іракцаў).

Афіцыйныя асобы Беларусі, у ліку якіх Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Макей, у 2015 годзе заяўлялі, што ў Беларусі ці то 150, ці то 160 тысяч уцекачоў з Украіны. Лічбы паходзілі са справаздач упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, але структура ААН казала пра 150 тысяч украінцаў, якія агулам прыехалі ў Беларусь у 2014-2015 гадах. Афіцыйна ў Беларусі 20-30 тысяч мігрантаў з Украіны і 1 уцякач, які атрымаў афіцыйны статус; яшчэ 1089 украінцаў атрымалі «дадатковую абарону».

XS
SM
MD
LG