Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Жыбуль: Мне сказалі — у дзяржаўнай кнігарні вашу кнігу выстаўляць боязна


Віктар Жыбуль

У сталічнай кнігарні «Веды» забаранілі да продажу новы зборнік паэта Віктара Жыбуля «Дзяцел і дупло». Што сталася таму прычынай? Госьцем перадачы — аўтар кнігі.

— Віктар, мне выпадкова давялося быць сьведкам, як вашу кнігу таваравед вяртала выдаўцу — Зьміцеру Вішнёву, дырэктару выдавецтва «Галіяфы». Якія прэтэнзіі былі прад’яўленыя вам як аўтару?

Мне мой верш быў пераказаны наступным чынам: там гаворыцца пра тое, як прэзыдэнт разам з народам п’е гарэлку...

— Найперш тавараведам не спадабаўся верш «Доктар Алькаголь». Мне мой верш быў пераказаны наступным чынам: там гаворыцца пра тое, як прэзыдэнт разам з народам п’е гарэлку... Хоць верш гучыць зусім інакш: «Добры доктар Алькаголь — / ён усім здымае боль! / Да яго прыходзь лячыцца / і цясьляр, і кранаўшчыца, / і прафэсар, і студэнт, / і паэт, і прэзыдэнт». Калі я пісаў гэтыя радкі, то меў на ўвазе абстрактных прафэсара, студэнта і прэзыдэнта. Відавочна, тавараведы «Ведаў» убачылі ў маім вершы нейкага канкрэтнага прэзыдэнта. Але гэта іх уласныя праблемы. Яшчэ была прэтэнзія да верша «Маньякі». Ужо першы радок «Па лесе блукае маньяк-заафіл...» прывёў кнігагандляроў у шок. Яны сказалі, што такое нельга ставіць на адну паліцу побач з Купалам, Коласам і Мележам... Але беларуская літаратура вялікая і разнастайная — на адну паліцу яе ня зьмесьціш. У кнігарні нам з выдаўцом сказалі, што маю кнігу катэгарычна нельга выстаўляць на продаж. Маўляў, чым далей чытаеш, тым болей валасы дыбарам устаюць. Хоць таваравед потым прызналася, што калі б яна працавала ў прыватнай кнігарні, то — іншая справа. А так, маўляў, у дзяржаўнай кнігарні вашу кнігу выстаўляць боязна.

— Я на свае вушы чуў, як вы спрабавалі растлумачыць, што паэзія — спэцыфічны жанр, што ёсьць розныя там гіпэрбалы і літоты. На супрацоўнікаў кнігарні гэта не паўзьдзейнічала?

І таваравед пачала выкручвацца, кажучы, што прадукцыю расейскіх выдавецтваў ніхто пільна не праглядае, а вось беларускія кнігі праглядаюць.

— На жаль, не. Не паўзьдзейнічала нават тое, што мы са Зьміцерам Вішнёвым, перабраўшы выданьні ў іх на паліцах, лёгка пазнаходзілі кнігі з адкрыта інтымнымі сцэнамі, дзе ўсё вельмі падрабязна апісваецца і называецца сваімі імёнамі. І Зьміцер наўпрост запытаўся, чаму такое можна прадаваць, а кнігу Жыбуля — не? І таваравед пачала выкручвацца, кажучы, што прадукцыю расейскіх выдавецтваў ніхто пільна не праглядае, а вось беларускія кнігі праглядаюць. Якую тут можна зрабіць выснову? Што беларуская літаратура пад больш пільным наглядам знаходзіцца.

— Мне тут прыгадаўся яшчэ адзін ваш верш, які можна залічыць у «экстрэмісцкія»: «З рагаткі я прыцэліўся ў варону, / а трапіў у міністра абароны. / Варонаў шмат, міністраў мала — / даўно мне так не шанцавала». А Міністэрства абароны да вас прэтэнзіяў ня мела?

— Пакуль ня мела. Відаць, у Міністэрстве абароны ніхто не чытаў маіх вершаў... Нядаўна мяне запрасілі прадставіць кнігу «Дзяцел і дупло» на Калядным кірмашы ў гандлёвым цэнтры «Купалаўскі». Дык там пасярод майго выступу выскачыла нейкая цётка і пачала голасна крычаць: «Як можна такое чытаць! Чаму вы пішаце пра алькаголь, пляўкі і дохлых мышэй?! Гэта не паэзія! Вы пазорыце беларускі язык!»

— Выдавецтва «Галіяфы» рэклямуе вашу кнігу, як «самую вясёлую з усіх кніг Віктара Жыбуля». І насамрэч, немагчыма чытаць вашы вершы, застаючыся сур’ёзным, вы паэт наскрозь іранічны. Гэта вам беларуская рэчаіснасьць так бачыцца, ці даводзіцца пераганяць яе праз сыстэму крывых люстэркаў, каб на выхадзе мець жаданую карцінку?

— Паэзія (увогуле мастацтва) — гэта такая дзівосная сыстэма люстэркаў, і крывых, і роўных. Яны могуць ня толькі адлюстроўваць рэчаіснасьць, але і адлюстроўвацца адно ў адным. Я не сказаў бы, што мае вершы — гэта малюнкі з натуры. Хоць часам бываюць нейкія ўражаньні, асацыяцыі з рэальнасьцю. Вось як, напрыклад, верш «Парашутыст»: «Пасадзілі на парашу парашутыста, / і заплакаў горка парашутыст: / «За што вы мяне так? Я перад вамі чысты! / Не камуніст я вам і не фашыст!» — / «А за тое, — у адказ прагугнявіў / чувак з бляшанай значкаю на ілбе, — / што паветра належыць Дзяржаве, / а ты хацеў яго прысвоіць сабе!». А некаторыя вершы ў мяне пішуцца ўвогуле як музыка — спачатку нараджаецца нейкая мэлёдыя, нейкі рытм.

— Як на мой погляд, не над усім варта іранізаваць. Лічыце мяне кансэрватарам ці кім заўгодна, але ёсьць нейкая мяжа і тут. Мне было дужа непрыемна спаткаць у вашай кнізе радок, дзе лірычнаму герою захацелася «сумна павісець з Каліноўскім». Вы лічыце гэта ўдалым вобразам?

— Вы працытавалі радок зь верша «Дзёньнік Багдановіча». Калі я яго пісаў, то засумняваўся, як лепей — «сумна павісець» ці «мужна павісець»? Урэшце спыніўся на першым варыянце. Гэты верш пра такую чалавечую рысу, як празьмерная цікавасьць да жыцьця вядомых асобаў, у тым ліку да асабістага жыцьця. Чаму да гэтак званага «крымскага дзёньніка» Багдановіча такая пільная цікавасьць? Паэт жа там нічога звышнатуральнага не апісаў... У названым вершы я Каліноўскага пакрыўдзіць не хацеў. І мне здаецца, што радок той там на сваім месцы, ён верша не псуе. А наконт таго, ці над усім можна іранізаваць... Таксама думаю, што не. І калі я адбіраў вершы для кнігі, то шмат чаго паадкідаў, у тым ліку і з гэтай прычыны.

— Ці ня кожны творца лічыць сябе ўнікальным, адзінкавым і непаўторным. Вы ж, наадварот, хочаце, каб вас клянавалі, паколькі: «Я адзін, і мне мала мяне». Калі б клянаваньне адбылося, і на сьвеце стала, скажам, сто Віктараў Жыбуляў, што б мусілі рабіць дзевяноста дзевяць вашых падвойнікаў?

— Думаю, што яны знайшлі б сабе занятак. «Оду клянаваньню» я лічу самым сур’ёзным вершам у кнізе. Чалавечае жыцьцё мае свой пачатак і свой канец, і гэта дастаткова абмежаваны прамежак часу, за які чалавек хоча самарэалізавацца як асоба. Ён часта кідаецца туды-сюды, яму не хапае часу на ўсе задуманыя справы. І тады яму хочацца мець некалькі целаў, але (і гэта важны момант) — адну сьвядомасьць. Гэта цяжка ўявіць нават мне, хоць я і аўтар тае «Оды...»

— У Максіма Танка ёсьць нешта падобнае: «Скажы, ўсемагутны Шыва, нашто табе столькі рук? А мне іх так не хапае, калі я трымаю плуг, калі здрабняю каменьне і зброю сабе кую...»

— Вось і мае падвойнікі мелі б чым заняцца. Думаю, яны патрацілі б свой час на добрыя справы.

— Андрэй Вазьнясенскі ў свой час вынайшаў радкі-кругабегі — калі нейкае шматкроць паўторанае слова спараджала новае слова: «цоколь-цоколь-цоколь-цоколь» — узьнікала «кольцо». Вы таксама практыкуеце падобную словатворчасьць. Вы адчуваеце сябе пасьлядоўнікам Багдановіча, які перасаджваў на беларускую глебу розныя экзатычныя саджанцы — рандо, трыялеты, тэрцыны?

— «Вянок» Багдановіча — рэч шмат у чым канцэптуальная. Адной з мэтаў кнігі якраз і была дэманстрацыя эўрапейскіх паэтычных формаў, адаптаваных на беларускай глебе. Я пакуль што не выдаў такой кнігі, у якой мог бы сабраць свае экспэрымэнты з рознымі паэтычнымі формамі. Хоць, прызнаюся, такая задума часам мне ў галаву прыходзіць. Што да «кругабегаў», то ў нас да такой формы зьвяртаўся Серж Мінскевіч у сваім зборніку «Праз галерэю». Праўда, ён яе назваў «цыркемай». У мяне радкі накшталт «Насьця-Насьця-Насьця — сьцяна» зьяўляюцца проста складнікамі верша і выконваюць функцыю, хутчэй, рэфрэну, альбо, як у песьні, прыпеву. У мяне адпачатку гэты верш нараджаўся як музычная кампазыцыя.

— Вы ня толькі наскрозь іранічны паэт, але і сур’ёзны дасьледчык літаратуры, укладальнік збораў твораў Адама Бабарэкі, Алеся Наўроцкага. Вы адкрываеце забытыя імёны — маю на ўвазе вашу нядаўнюю публікацыю ў «Дзеяслове» пра паэта Зьмітра Віталіна. Што вам гэта дае?

— Найперш гэта пашырае мой кругагляд. Мне вельмі цікавы сам працэс рэканструкцыі біяграфій забытых пісьменьнікаў. Той жа Зьмітро Віталін — паэт са складаным і пакручастым лёсам. У савецкі і постсавецкі час пра яго ў даведніках пісалі, як пра памерлага, загінулага на фронце, альбо пры ўцёках з савецкага лягеру, бо ён у 30-я гады быў рэпрэсаваны. А потым высьветлілася, што ён зь 50-х гадоў жыў у Адэсе, выдаў даволі шмат кніг прозы па-расейску. Працягваў пісаць і па-беларуску, толькі друкавацца яму не было дзе. Пасьля вызваленьня ён быў вымушаны хаваць сваю судзімасьць, а потым баяўся, што яго за гэта пакараюць, хоць ужо баяцца асабліва не было чаго. І калі я неяк адпачываў паблізу Адэсы, то як было такога чалавека не наведаць?

— У вас як прыхільніка розных дзівосных вершаформаў быў яшчэ адзін слаўны папярэднік — Францішак Скарына. Аказваецца, ён пісаў акафісты ў форме акравершаў. У год Скарынавага юбілею якой ягонай прысутнасьці ў сучаснай Беларусі вам хацелася б? Скажам, ёсьць ідэя надаць імя Скарыны Нацыянальнаму аэрапорту.

Аэрапорт імя Скарыны? Тут нешта ня тое. Лепш імем Скарыны назваць Нацыянальную бібліятэку ці сетку кнігарняў.

— У нас жа быў выдатны праспэкт Скарыны, але яго чамусьці перайменавалі, а імем Скарыны назвалі былы Старабарысаўскі тракт. Навошта гэта спатрэбілася? Мне вельмі падабалася, што ў Менску галоўны праспэкт носіць імя першадрукара. Аэрапорт імя Скарыны? Тут нешта ня тое. Лепш імем Скарыны назваць Нацыянальную бібліятэку ці сетку кнігарняў (тую ж «Белкнігу»). Усё ж асоба Скарыны асацыюецца найперш з кнігамі. А аэрапорт, самалёты — гэта сымбалі пазьнейшай эпохі. Менавіта кніга зьвязвае розныя эпохі, усе пяцьсот гадоў нашай «кніжнай» гісторыі. І нягледзячы на наяўнасьць інтэрнэту, кнігі ўсё адно будуць выдавацца і чытацца.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG