Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Беларусь уступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю


Штаб-кватэра Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі ў Жэнэве.

Наколькі рэалістычныя пляны беларускага ўраду, каб краіна ўступіла ў WTO да 2020 году? Якія чыньнікі спрыяюць і перашкаджаюць гэтаму?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Ігар Ільяш, Уладзімер Глод.

Глод: На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 27 сьнежня апублікавалі праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на пяць бліжэйшых гадоў. Згодна зь ёй, Беларусь плянуе да 2020 году ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.


Для Беларусі гэта фактычна трэці варыянт далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Першы, які ў свой час агучвалі многія беларускія чыноўнікі, прадугледжваў супольнае з Расеяй уступленьне. Аднак пасьля таго, як 22 жніўня 2012 году Расея самастойна далучылася да арганізацыі, гэты варыянт адпаў сам па сабе. Тады беларускія ўлады пераключыліся на другі варыянт — будзем уступаць разам з Казахстанам. Але ж і казахі ня сталі чакаць. 27 ліпеня 2015 году яны сталі чальцамі WTO. Такім чынам, беларусам застаецца трэцяя магчымасьць — далучацца да вялікай (гэта 170 краінаў) арганізацыі самастойна.

працэс далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі Беларусь пачала яшчэ да Лукашэнкі

Эканаміст «Лібэральнага клюбу» Антон Болтачка лічыць, што пляны па ўступленьні Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю да 2020 году цалкам рэальныя. Далучыцца можна нават нашмат хутчэй. Для гэтага патрэбныя толькі палітычная воля і шэраг эканамічных рашэньняў, якія зьвязаныя з адменай субсыдаваньня некаторых галінаў эканомікі і іншых пратэкцыянісцкіх мераў. І сапраўды, цяперашні час вельмі зручны для Беларусі. Калі раней некаторыя краіны блякавалі намеры афіцыйнага Менску з палітычных матываў, то цяпер мы маем пацяпленьне дачыненьняў і з Эўразьвязам, і з ЗША. А падчас уступленьня ва Эўразійскі эканамічны саюз шэраг нормаў беларускага заканадаўства істотна зьмяніўся ў лепшы бок, таму што заканадаўства ЭАЭС падобнае на нормы ЎГА.

Дарэчы, працэс далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі Беларусь пачала яшчэ да Лукашэнкі — у 1993 годзе адначасова з Расеяй. Але гэты працэс зацягнуўся таму, што беларускія ўлады ніяк не хацелі адмовіцца ад эканамічнай мадэлі субсыдаваньня і абароны ўнутранага рынку. Уся беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль пабудаваная шмат у чым на пратэкцыянізму ўнутраных рынкаў і на субсыдаваньні і падтрымцы асобных галін эканомікі за кошт бюджэту. Але ж такія падыходы не адпавядаюць прынцыпам WTO.

Наадварот, карэляцыя адкрытасьці эканомікі і тэмпы эканамічнага разьвіцьця паказваюць наўпроставую ўзаемасувязь з сяброўства ва WTO. Чым больш адкрытая эканоміка сьвету, тым вышэй тэмпы эканамічнага росту, а чым вышэй тэмпы эканамічнага росту, тым лепшыя сацыяльныя паказчыкі.

2 красавіка 2013 году тагачасны намесьнік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Беларусі, цяпер ён амбасадар у Італіі, Аляксандар Гур’янаў бадзёра заяўляў, што Беларусь можа ўступіць у WTO да 2015 году. Сёньня на календары канец 2016-га.

Дракахруст: Я не ўпэўнены, што да 2020 году Беларусь у яе ўступіць, але вы, Ўладзімер, пералічылі сапраўды асноўныя чыньнікі, якія падштурхоўваюць яе да таго, каб туды ўсё ж такі патрапіць.

Найперш — гэта паляпшэньне стасункаў з Захадам, ЭЗ і ЗША. Галасы гэтых краінаў, зразумела, ключавыя ў гэтым пытаньні. Прадстаўнікі гэтых краінаў, хай яны і міжнародныя чыноўнікі, усё ж такі маюць большую вагу, чым, напрыклад, прадстаўнікі Расеі, якія зараз там таксама ёсьць (бо Расея ўва WTO ужо ўступіла).

Што тычыцца ўмоваў — гэта ўсё ж такі прадмет перамоваў. На практыцы сытуацыя не зусім такая, што ёсьць нейкія нязьменныя, нязломныя прынцыпы гэтай WTO, і кожная новая краіна, якая туды ўступае, проста «здае іспыт» і ўсё выконвае. Ці не выконвае, але тады яе не прымаюць.

Памятаем, якія цяжкія, няпростыя перамовы ішлі з Расеяй. Расейцы прыводзілі пэўныя аргумэнты, тлумачылі, даводзілі, чаму трэба ўсё ж крыху зьмякчыць патрабаваньні WTO, што ў іх ёсьць свае асаблівасьці, што холадна ў Расеі зімой, і таму без пэўных маніпуляцый з цэнамі на энэргію ніяк не атрымліваецца.

дэдлайн уступленьня ў WTO, вызначаны ўрадам — 2020 год — мае немалое значэньне ў беларускім палітычным календары

І ўрэшце вынік быў кампрамісным, не такім, што адкульсьці прадыктавалі Маскве і яна падпарадкавалася. Тое самае з Украінай. Гэта быў дыялёг. Вынік размоваў, аргумэнтаў, спрэчак і краіна таксама туды трапіла. Так што мне падаецца спрошчаным уяўленьне, што Беларусь павінна нешта выканаць, як салдат, і ўзяць пад казырок, і толькі тады яна ўступіць у гэтую арганізацыю. І так, і не. Я б сказаў так: Беларусь уступіць, калі выйграе перамовы, калі той кампраміс, які будзе дасягнуты, задаволіць і WTO, і Менск. Я лічу, што гэта тэарэтычна магчыма.

Ну і хацеў бы сказаць, што дэдлайн уступленьня ў WTO, вызначаны ўрадам — 2020 год — мае немалое значэньне ў беларускім палітычным календары. Гэта прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Праўда, звычайнаму беларусу не надта зразумела, якую такую велізарную карысьць ён атрымае ад той WTO, але нейкае прасоўваньне ў сьвет. Гэта тое, што ёсьць ва ўкраінцаў, у расейцаў, у казахаў. Ну вось і ў нас будзе. І такі «падарунак» беларускаму народу ў год прэзыдэнцкіх выбараў некаму, і я здагадваюся, каму, можа падацца і ня лішнім.

Глод: А мне падаецца, што вельмі проста скарыстаць гэтую дату і сказаць людзям, што ўступленьне ў WTO дапаможа падвысіць ваш сярэдні заробак, умоўна кажучы, на 100 даляраў. Вось вельмі прыемная рэч для галоўнага кандыдата на прэзыдэнты.

Дракахруст: Дарэчы, сам гэты галоўны кандыдат пэўныя сумневы выказваў на гэты конт. І не сказаць, што ён зусім ужо ня меў рацыі. Для беларуса як спажыўца, зразумела, гэта выгадна. Бо адкрываемся сьвету, здымаюцца мытныя абмежаваньні, да нас прыйдзе танны імпарт. А вось беларусу як вытворцу, працаўніку на заводзе — ня факт, што будзе так ужо добра. Таму што гэта азначае ўзмацненьне канкурэнцыі, ў тым ліку і з прадукцыяў беларускіх вытворцаў. Так што тут балянс. Але сапраўды цалкам імаверна, што беларусам будзе сказана сапраўды так, як вы, Уладзімер, «прапануеце»: вось вам па 100 баксаў ад WTO і ні ў чым сабе не адмаўляйце.

Ільяш: Эпапэя з уступленьнем Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю з цягам часу стала ўжо падобная на анэкдот. Спадар Глод пералічыў некалькі плянаў далучэньня Беларусі да WTO і ўжо з гэтай прадгісторыі можна зразумець, наколькі няпростае гэтае пытаньне і як марудна яно вырашаецца.

дывідэнды ад уступленьня ў гэтую арганізацыю стануць адчувальнымі не адразу

Пацяпленьне дачыненьняў з ЗША і Эўразьвязам, на мой погляд, ня зробіць гэтае пытаньне больш лёгкім, прынамсі істотна больш лёгкім. Вось тут згадвалася меркаваньне эканаміста Антона Болтачкі, што далучыцца да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі Беларусь можа і да 2020 году, але для гэтага трэба прыняць шэраг эканамічных рашэньняў. Зразумела, што гэта тыя рашэньні, якія можа прыняць толькі Аляксандар Лукашэнка.

А Лукашэнка ўжо неаднаразова казаў пра тое, што ніякіх рэформаў ня будзе, што на істотныя зьмены эканамічнай палітыкі ён ня пойдзе. Таму я ня веру, што пратэкцыянісцкія меры скасуюць — а без гэтага да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі не далучыцца.

Трэба разумець, што дывідэнды ад уступленьня ў гэтую арганізацыю стануць адчувальнымі не адразу. А Лукашэнка ня той палітык, які любіць распрацоўваць доўгатэрміновыя праекты, асабліва ў эканоміцы. Ён хоча вынікі тут і зараз. Без падобных пэрспэктываў і ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю афіцыйнаму Менску наўрад ці можа быць надта цікавым. Прынамсі адно дзеля гэтага на эканамічныя рэформы Лукашэнка ня пойдзе. Прынамсі бліжэйшым часам.

XS
SM
MD
LG