Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прагнеш свабоды — то бяры!» — гомельскія апазыцыянэры падсумавалі вынікі году


Выступае Ўладзімер Кацора
Выступае Ўладзімер Кацора

Апазыцыйныя актывісты з Гомелю, Мазыра, Калінкавічаў, Лоева, Сьветлагорску, Акцябрскага, Жлобіну, Рагачова на супольнай сустрэчы падсумавалі вынікі 2016 году. Праходзіла сустрэча ў грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай.

Пагоня за мандатамі

Тон дыскусіі задаў грамадзкі актывіст і палітык, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі й руху «За свабоду» Ўладзімер Кацора, празваны ў нефармальным асяродку «шэрым кардыналам» гомельскай апазыцыі.

Прамоўца адзначыў, што апошнім часам улады крыху зьмянілі сваё стаўленьне да дзейнасьці дэмакратычных партыяў і рухаў. Афіцыйныя структуры ўжо не здушаюць татальна, як у папярэднія гады, розныя ініцыятывы і імпрэзы, скіраваныя на нацыянальнае адраджэньне — выявіўся нават трэнд на беларусізацыю. Пацьверджаньнем таму і мандат дэпутата Палаты прадстаўнікоў у намесьніцы старшыні ТБМ Алены Анісім.

На думку палітыка, улада, хоць і нехаця, але неяк змушана рэагаваць, паварочвацца да людзей.

Стаўленьне да ўлады, паводле апазыцыянэра, выявілася і празь няўдзел грамадзянаў у сёлетніх парлямэнцкіх выбарах. Гомельскія дэмакратычныя актывісты, заўважыў Кацора, шчыльна кантралявалі 15 выбарчых участкаў. У абласным цэнтры, у прыватнасьці, у Гомельскай-Юбілейнай акрузе № 31 на кантраляваных дэмакратычнымі назіральнікамі ўчастках удзел выбарнікаў у галасаваньні склаў ад 18,1 да 27,8 адсоткаў ад сьпіскавага складу, камісіі паказалі адпаведна — 36,1і 31,3 адсотка.

Гэта адзін бок мэдаля. Другі выявіўся ў тым, што апазыцыйныя актывісты не змаглі дамовіцца наконт адзінства дзеяньняў на выбарах. Многія кінуліся навыперадкі «атрымліваць» мандаты, часам нават ня маючы ні каманды падтрымкі, ні досьведу, ні аўтарытэту.

«Удзельнічалі прадстаўнікі партый, кампаній ды рухаў у выбарах «да канца» хутчэй дзеля таго, каб зрабіць уражаньне на патэнцыйных грантадаўцаў, а не каб рэальна змагацца за ўладу. І што атрымалі? Улады выбралі «слабое зьвяно». Пры ўсёй маё павазе да Ганны Канапацкай — яна ў асяродку правацэнтрыскай апазыцыі й ёсьць тое самае «слабое зьвяно». Пра гэта ёй я адкрыта сказаў падчас нядаўняга прыезду ў Гомель, — заявіў Уладзімер Кацора.

Удзельнікі сустрэчы
Удзельнікі сустрэчы

Як адзначалася на сустрэчы, у будучым годзе мае распачацца кампанія па выбарах у мясцовыя саветы. І тут важна для яе ўдзельнікаў знайсьці матывацыю. Бо мясцовыя прадстаўнічыя органы — гэта не Палата прадстаўнікоў, дзе плацяць добры заробак. У мясцовым савеце дэпутат нічога не заробіць, наадварот, можа працу страціць з-за сваёй прынцыповай пазыцыі.

Калі ўлада «прычэпіць» да выбараў рэфэндум аб чарговым падоўжаньні прэзыдэнцкага тэрміну на два гады і выбарах прэзыдэнта праз парлямэнт, то матывацыя ўзьнікае сама па сабе: дэмакратычныя сілы мусяць удзельнічаць у такіх выбарах і празь пікеты пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі выступіць супраць такога перафарматаваньня дзяржаўнага ўладкаваньня. Іншая справа, калі ніякага рэфэрэндуму ня будзе.

У такім разе, гучала прапанова, варта аб’яднаць сілы ў 2-3 акругах, вылучыць моцных кандыдатаў, каб яны маглі перамагчы.

«Каля паловы сродкаў зь дзяржаўнага бюджэту, — даводзіў паплечнікам эканаміст Мікалай Новікаў, — разьмяркоўваецца менавіта празь мясцовыя саветы. Наколькі эфэктыўна выкарыстоўваюцца гэтыя грошы і на якія мэты — грамадзяне, дэмакратычная супольнасьць толкам ня ведаюць. Сытуацыю трэба выпраўляць, і ў гэтым мусяць быць зацікаўлены дэмакратычныя актывісты».

Пра чарвяка, які ідзе з мужыкамі на рыбалку

На сустрэчы прысутнічаў і колішні кіраўнік зьліквідаванага ўладамі Гомельскага грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы», а цяпер сталічны палітык Віктар Карняенка.

Ён прыгадаў, што ў папярэднія гады ўдавалася дасягнуць палітычнага адзінства дэмакратычных сілаў, і Гомель, дзе найперш гэтае адзінства існавала, прадукаваў шэраг слушных грамадзкіх ініцыятываў. Узяць хоць бы вылучэньне ў 2006 годзе Аляксандра Мілінкевіча як адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі.

Кансалідаваную апазыцыю ўсюды ўспрымалі як суб’екта палітычнага жыцьця ў Беларусі, у тым ліку й на міжнародным узроўні.

«Цяперашнія разрозьненыя так званыя ідэйныя кааліцыі, — заявіў Карняенка, — проста шкодныя для палітычнай будучыні Беларусі. Гэта стварае ілюзію нармальнай палітычнай барацьбы, тым больш, што ўлада падыграла гэтай ілюзіі праз прызначэньне дзьвюх апазыцыйных дэпутатак. Гэта задавальняе й нашых міжнародных партнэраў. І цяпер апазыцыя змушана ўжо шукаць не партнэраў, а апекуноў. У нейкім сэнсе гэта можна назваць палітычнай дзейнасьцю, але толькі не барацьбой за ўладу. Чарвяк у бляшанцы рыбака можа таксама думаць, што ідзе з мужыкамі на рыбалку. Рэгіёны мусяць больш уплываць на сваіх сталічных „апартфэленых“ апазыцыянэраў. На жаль, асаблівага ўплыву рэгіёнаў на дзейнасьць рэспубліканскіх дэмакратычных структураў я ня бачу».

На сустрэчы дэмакратычных актывістаў сьпявалі вядомыя гомельскія барды Вальжына Цярэшчанка і Андрусь Мельнікаў. Іхні выступ пачаўся зь песьні «Муры» Яцака Качмарскага, перакладзенай з польскай мовы на беларускую Андрэем Хадановічам: «Разбуры турмы муры! Прагнеш свабоды — то бяры! Мур хутка рухне, рухне, рухне — І пахавае сьвет стары!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG