Нямецкія спэцслужбы на працягу месяцаў сачылі за падазраваным з прычыны ягоных сувязяў з ісламістамі. Паводле інфармацыі штотыднёвіка Der Spiegel, падазраваны прапаноўваў сябе ісламісцкім групоўкам у ролі сьмяротніка яшчэ некалькі месяцаў таму. Яго не затрымалі празь недахоп доказаў.
Амры прыбыў у Нямеччыну з хваляй уцекачоў у ліпені 2015 году, але ў чэрвені сёлета ягонае прашэньне аб прытулку адхілілі. Улады не змаглі яго дэпартаваць з прычыны адсутнасьці сапраўдных дакумэнтаў. Тунісец выкарыстоўваў некалькі фальшывых пашпартоў з рознымі імёнамі.
У панядзелак увечары грузавік заехаў у натоўп, які сабраўся на калядным кірмашы каля вуліцы Курфюрстэндам ў Бэрліне. Загінулі 12 чалавек, 48 — атрымалі раненьні. Адказнасьць за напад узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».