Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як міністар унутраных справаў сфармуляваў правілы паліцэйскай дзяржавы


МІністар унутраных спраў Ігар Шуневіч (зьлева)

Чаму міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч адрынае крытыку на адрас міліцыі.

Удзельнічаюць: Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: У чацьвер 1 сьнежня міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч у эфіры праграмы «Буйным плянам» на тэлеканале «Беларусь-1» выступіў з шэрагам гучных заяваў.

Адказваючы на пытаньне вядоўцы пра сваё стаўленьне да «інфармацыйнай хвалі, накіраванай на дыскрэдытацыю міліцыі, якая падымаецца ў незалежных інтэрнэт-рэсурсах», кіраўнік МУС адрынуў усякую крытыку з боку грамадзкасьці і мэдыяў. Ён заявіў, што «ідзе падтасоўваньне, падтасоўка фактаў і адкрытая хлусьня». Больш за тое, Шуневіч сказаў: «Аналізуючы досьвед „каляровых рэвалюцыяў“, можна зрабіць простую выснову: усе яны пачыналіся з дыскрэдытацыі ўлады і найбольш моцных яе галін». То бок лёгіка міністра такая: усе, хто выкрывае факты пагардлівага, часам злачыннага стаўленьня міліцыянтаў да грамадзян, рыхтуюць «каляровую рэвалюцыю».

Адначасова Шуневіч заявіў, што за супрацоўнікамі міліцыі ідзе жорсткі кантроль зьверху. Паводле яго, служба ДАІ праходзіць праверку на дэтэктары хлусьні. Кожны супрацоўнік, які будзе набліжацца да працягненьня кантракту, пройдзе гэтую працэдуру. На сёньня каля 700 чалавек мы такім чынам праверылі, кажа міністар. Адна траціна гэтую працэдуру не прайшла, і зь імі кантракт працягнуты ня будзе. Праўда, невядома, якія пытаньні задаюць міліцыянтам падчас праверкі.

Гледзячы па ўсім, Шуневіч не разумее сэнсу самога паняцьця «паліцэйская дзяржава».

Такім чынам, сп. Шуневіч, сам таго не разумеючы, сфармуляваў правілы функцыянаваньня паліцэйскай дзяржавы. То бок кантроль за міліцыяй можа быць толькі зьверху. І толькі тыя злачынствы міліцыянтаў, якія выяўленыя зьверху, караюцца. А вось любы кантроль з боку грамадзтва, любая крытыка з боку незалежнай супольнасьці адрынаецца. Грамадзянскі кантроль за сілавымі структурамі — непарушны прынцып дэмакратычнай, прававой дзяржавы — у Беларусі разглядаецца як спроба рэвалюцыі.

Гледзячы па ўсім, Шуневіч не разумее сэнсу самога паняцьця «паліцэйская дзяржава». Паводле ягоных слоў, назваць нашу краіну «паліцэйскай дзяржавай» наўрад ці можна, бо на 100 тысяч грамадзян у Беларусі прыпадае 405 супрацоўнікаў міліцыі, што, як падкрэсьліў міністар, супастаўна з эўрапейскімі краінамі. Але справа ў тым, што «паліцэйская дзяржава» вызначаецца не паводле колькасьці паліцэйскіх у краіне, а паводле статусу ў ёй сілавых ці праваахоўных органаў, паводле магчымасьці грамадзтва ажыцьцяўляць кантроль за імі.

Дарэчы, упершыню афіцыйна агучана колькасьць супрацоўнікаў МУС. Дасюль гэта была дзяржаўная таямніца. Раней у мэдыях называліся іншыя лічбы супрацоўнікаў міліцыі, утрая большыя. Але справаўдзіць дакладнасьць гэтых лічбаў немагчыма. Таксама міністар сказаў, што колькасьць міліцыянтаў будзе скарачацца. Мусіць, нават на сілавыя структуры ўжо грошай не хапае.

Глод: Я адразу хачу паспрачацца са спадаром Карбалевічам наконт таго, што міністар Шуневіч ня ведае, што такое паліцэйская дзяржава. Усё ён цудоўна ведае. Адрозна ад вас, калегі, я маю магчымасьць час ад часу размаўляць з Шуневічам. Сталая акрэдытацыя пры Палаце прадстаўнікоў дае магчымасьць задаць пытаньне кіраўніку міністэрства. І тут трэба аддаць належнае генэралу. Ніякі іншы міністар так ахвотна не ідзе на кантакты з журналістамі, як ён.

Я думаю, стыль яго паводзінаў з карэспандэнтамі грунтуецца на той школе, якую Ігар Шуневіч атрымаў на папярэднім месцы працы — у Камітэце дзяржаўнай бясьпекі. Падобна, там ён зразумеў, што з журналістамі лепш сябраваць, чым сварыцца. Менавіта кіраўнік органаў унутраных справаў хутчэй за іншых сілавікоў зразумеў важнасьць стварэньня станоўчага іміджу сваёй прафэсіі ў СМІ. І на гэтую задачу працуюць шматлікія прэсавыя службы, газэты, рубрыкі. Выразна бачна, што Шуневічу хочацца, каб вобраз беларускага міліцыянта выглядаў рамантычна і прывабна.

Кіраўнік органаў унутраных справаў хутчэй за іншых сілавікоў зразумеў важнасьць стварэньня станоўчага іміджу сваёй прафэсіі ў СМІ.

Але такі падыход у інтэрпрэтацыі беларускага міністра, на мой погляд, мае і адваротны бок. Шуневіч, клапоцячыся аб чысьціні мундзіра беларускай міліцыі, губляе пачуцьцё аб’ектыўнасьці. Адсюль і хваравітая крытыка ў адказ на любыя папрокі і нараканьні на адрас міліцыі. Прычым я заўважыў нават пэўную тэндэнцыю. Калі ўзьнікае нейкае абвінавачаньне на адрас ягоных падначаленых, міністар не абвяргае яго адразу. Ён кажа журналістам: добра, мы правядзем сваё ўнутранае расьсьледаваньне гэтага здарэньня. Але што адбываецца пасьля? Праходзіць пэўны час, і адбываецца нешта новае. І ўжо гэтае новае выходзіць на пярэдні плян. А старое паступова забываецца. І такая тактыка спрацоўвае. Яскравы прыклад — выпадак зь філёзафам Уладзімерам Мацкевічам.

Пэўную тактыку абароны міністар мае і тады, калі гаворка ідзе пра паводзіны супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас разгону палітычных акцыяў. Пазыцыя Шуневіча тут заўжды аднолькавая — трэба, каб усе акцыі праходзілі ў рамках дазволенага, у рамках закону. Пярэчыць гэтаму немагчыма. Але д’ябал, як вядома, хаваецца ў дэталях. А ўлазіць у дэталі міністар якраз і ня хоча.

Любую крытыку міністар Шуневіч успрымае надзвычай балюча. Я хачу для пацьвярджэньня сваіх слоў нагадаць, што сёлетняй вясной на прэсавай канфэрэнцыі ён заявіў: супраць МУС вядзецца інфармацыйная вайна:

Любую крытыку міністар Шуневіч успрымае надзвычай балюча.

«Гэта інфармацыйная вайна, якая вядзецца ў дачыненьні да Міністэрства ўнутраных справаў, з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць: два супраціўныя бакі, набор інструмэнтарыю», — сказаў міністар.

Ён меў найперш на ўвазе так званыя «інтэрнэт-правакацыі»: відэаролікі пра канфліктныя сытуацыі з удзелам міліцыі і сатырычныя фотакаляжы, якія выкладваюць у інтэрнэце карыстальнікі.

Але ж становішча ў міліцыі зусім не такое, як хоча прадставіць міністар. Толькі за апошні час сталі вядомыя амаль два дзясяткі прыкладаў злачынстваў, учыненых міліцыянтамі, ганебных паводзінаў супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, якія ўчынілі гвалт над грамадзянамі, падлеткамі, фактаў беззаконьня ў турмах, калёніях, СІЗА.

І тут справа не ў канкрэтным міністру. Памяняць яго на нейкага іншага чалавека — нічога ад гэтага ня зьменіцца. Бо трэба мяняць усю сыстэму.

Цыганкоў: Ня толькі тады, а менавіта на той прэсавай канфэрэнцыі, якую мы абмяркоўваем, у праграме на Беларускім тэлебачаньні «Буйным плянам», Шуневіч зноў зьвярнуўся з дапамогай журналіста да тэмы інфармацыйнай вайны. І павярнуў яе так, што, аналізуючы досьвед практычна ўсіх «каляровых рэвалюцый», можна зрабіць выснову: усе яны пачыналіся з дыскрэдытацыі ўлады, найбольш моцных яе галінаў.

Вельмі зручны спосаб адхрысьціцца ад крытыкі з боку грамадзтва — маўляў, усе, хто крытыкуе нас, на самой справе рэвалюцыянэры і ворагі ўлады.

«Лічу, што ў Рэспубліцы Беларусь органы ўнутраных справаў зьяўляюцца адным з самых моцных аргумэнтаў улады ў падтрыманьні правапарадку і дзяржаўнасьці ў краіне. Мне здаецца, у нас спрабуюць разыграць той жа самы сцэнар». То бок зьвязаў крытыку міліцыі і незадаволенасьць яе дзеяньнямі, канкрэтныя выпадкі, пра якія піша і незалежная, і часам нават дзяржаўная прэса, парушэньняў заканадаўства супрацоўнікамі міліцыі, амаль што з захопам улады. Фактычна ўсё гэта ён назваў інфармацыйнай хваляй і ледзь не падрыхтоўкай каляровай рэвалюцыі. Вельмі зручны спосаб адхрысьціцца ад крытыкі з боку грамадзтва — маўляў, усе, хто крытыкуе нас, на самой справе рэвалюцыянэры і ворагі ўлады.

Гэта думка паказала, як міністар унутраных справаў, якія б там ні былі яго асабістыя якасьці, ставіцца да крытыкі дзеяньняў МУС і спробаў грамадзкага кантролю над імі. У сёньняшняй дзяржаве ўсе дзяржаўныя органы гэтага не ўспрымаюць, але здаецца, што МУС стаіць тут ці не на першым месцы — у нежаданьні слухаць грамадзтва, прызнаваць недахопы, якія, безумоўна, ёсьць у яго дзейнасьці.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG