Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малады Фронт» пратэстуе супраць прыезду ў Менск расейскага прапагандыста Салаўёва


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя «Маладога Фронту» на адкрыцьці графіці «Масква — Менск», на якім беларускі хлопчык «сябруе» з расейскай дзяўчынкай

25 лістапада Менск наведае Ўладзімер Салаўёў — расейскі журналіст і літаратар, аўтар шэрагу кніг, сярод якіх «Мы — русские! С нами Бог!», «Путин. Путеводитель для неравнодушных», «Путин — Медведев. Что дальше?», «Враги России», вядомы таксама сваімі прапагандысцкімі перадачамі на тэлеканале «Россия».

«Малады Фронт» напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што перад пачаткам выступу Салаўёва выйдзе на вулічную акцыю пратэсту.

«Гэта ня першы візыт расейскіх прапагандыстаў у Менск. Паказальна, што людзі, якія заяўляюць, што Беларусь — гэта не самастойная дзяржава, а частка Расеі ці „русского мира“, свабодна езьдзяць па Беларусі і ладзяць свае прапагандысцкія шоў у лепшых залях. У той час, як прадстаўнікам творчай беларускай эліты не даюць магчымасьці выступаць увогуле, адзін з ідэолягаў расейскага шавінізму ладзіць свой выступ у вялікай залі Палаца Рэспублікі», — лічаць у «Маладым фронце».

Кіраўнік арганізацыі Зьміцер Дашкевіч сказаў Свабодзе, што мэта такіх акцыяў — «зрабіць так, каб расейскія пісьменьнікі ведалі, што тут ёсьць супраціў».

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

«Маладафронтаўцы заклікаюць з 18 да 19 гадзінаў прыходзіць да будынку, дзе будзе адбывацца выступ прапагандыста Салаўёва. Мэта — распавесьці тым, хто прыйдзе на імпрэзу, пра тое, чым займаецца гэты чалавек, што гэта не такі „пухнаценькі“ пісьменьнік, як яго, да майго жаху, рэклямуюць на афішах. Мы зробім і раздрукуем падборку матэрыялаў зь яго выказваньнямі. Будзем раздаваць іх людзям. Але найбольш важна, каб ідэолягі вайны Расеі ва Ўкраіне, якія расказваюць, што Беларусь — гэта частка „русского мира“, не пачуваліся падчас сваіх прыездаў у Беларусь як акупанты на падкантрольнай тэрыторыі, як у сябе дома. Яны павінны разумець і бачыць, што ёсьць супраціў. Няхай сёньня гэты супраціў абмежаваны і нешматлюдны, але ён ёсьць і рана ці позна праявіцца ва ўсю моц».

Канцэртны дырэктар Ўладзімера Салаўёва Табрыз Шахідзі сказаў Свабодзе, што «канцэрт адбудзецца, ніякай рэакцыі з боку Салаўёва ня будзе».

Праграма, зь якой пісьменьнік выступіць у Менску, паводле яго канцэртнага дырэктара, «пра жыцьцё». На пытаньне, ці закранае яна палітычныя тэмы, Табрыз Шахідзі сказаў, што «сучаснае жыцьцё ня можа праходзіць без палітыкі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG