Абраны прэзыдэнтам ЗША Дональд Трамп 10 лістапада зробіць візыт у Белы дом. Яго запрасіў цяперашні прэзыдэнт ЗША Барак Абама.
Празь некалькі гадзін пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў і перамогі Трампа Абама паабяцаў правесьці плаўны пераход улады, нягледзячы на «значныя адрозьненьні» ў поглядах.
«Адну рэч вы хутка зразумееце — заявіў Абама, зьвяртаючыся па тэлебачаньні да Трампа. — Патрабаваньні, якія прад’яўляюцца да працы прэзыдэнта або віцэ-прэзыдэнта, часьцяком перавышаюць магчымасьці кожнага з нас».
Абама таксама зьвярнуўся да сваіх прыхільнікаў і прыхільнікаў Гілары Клінтан, якія галасавалі супраць Трампа і да гэтага часу не прынялі яго перамогі ды тысячамі выходзяць на вуліцы, каб выказаць свой пратэст.
«Мы насамрэч усё ў адной камандзе — заявіў Абама. — Мы не дэмакраты ў першую чаргу. Мы не рэспубліканцы ў першую чаргу. Мы амэрыканцы ў першую чаргу. Мы патрыёты ў першую чаргу».
Трамп будзе прыведзены да прысягі 20 студзеня, каб пераняць кіраваньне ад Абамы, які завяршае свой другі чатырохгадовы тэрмін на пасадзе прэзыдэнта ЗША.