Былы галоўны пракурор Ірану Саід Мартазаві 2 лістапада асуджаны да 135 удараў бізуном паводле абвінавачаньняў у карупцыі.
Мартазаві адыгрываў адну з галоўных роляў у прысудах актывістам апазыцыі пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў 2009 году, якія скончыліся пратэстамі. Ён лічыўся блізкім паплечнікам тагачаснага прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэджада і адыграў значную ролю ў закрыцьці апазыцыйных сродкаў масавай інфармацыі.
Іранскі парлямэнт прызнаў Мартазаві адказным за сьмерць трох удзельнікаў пратэстаў і ў 2010 годзе ён быў адхілены ад пасады.
Цяперашні суд адбыўся пасьля абвінавачаньняў у «захопе і марнаваньні бюджэтных сродкаў» на пасадзе кіраўніка іранскай праграмы сацыяльнай дапамогі.
49-гадовы Мартазаві яшчэ можа падаць апэляцыю на прысуд.