Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якуб Лапатка: «Ганарару за „Калевалу“ я так і не атрымаў. Так што за прэмію дзякуй!»


Якуб Лапатка

Першым ляўрэатам прэміі імя Карласа Шэрмана стаў Якуб Лапатка зь перакладам зь фінскай мовы карэла-фінскага эпасу «Калевала» (выдавец Зьміцер Колас).

У лонг-лісьце намінантаў на прэмію імя Шэрмана было 15 кніг, перакладзеных з 6 моў 23 перакладнікамі. У шорт-ліст трапілі Якуб Лапатка і яшчэ два прэтэндэнты:

Павал Касьцюкевіч зь перакладам з ангельскай мовы кнігі Дугласа Адамса «Аўтаспынам па галяктыцы» (выдавецтва «Логвінаў»);

Францішак Корзун зь перакладам з ангельскай кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Лісты Круцяля» (выдавецтва «Галіяфы»).

Пераможца атрымаў ад міжнароднага дабрачыннага фонду «Вяртаньне» чэк на суму, эквівалентную 2 тысячам даляраў.

Падчас уручэньня прэміі
Падчас уручэньня прэміі

Першы ляўрэат прэміі імя Шэрмана Якуб Лапатка пасьля ўганараваньня адказаў на некалькі пытаньняў карэспандэнткі Свабоды.

— Спадар Якуб, мне вельмі сорамна, але на журфаку, рыхтуючыся да іспыту па замежнай літаратуры, я так і не адолела «Калевалу», хоць дагэтуль на паліцы стаіць тоўсты том зь «Бібліятэкі ўсясьветнай літаратуры» — пераклад фінскага эпасу на расейскую з прадмовай Марыеты Шагінян. А вы здолелі ня проста прачытаць, а і перакласьці!

— Нічога, у вас цяпер ёсьць шанец адолець па-беларуску.

— А чаму ўзяліся за гэтую тытанічную працу? На сёньняшні дзень, як падказаў мне Ўладзімер Арлоў, гэта самы вялікі паэтычны тэкст на беларускай мове — 50 рунаў, амаль 23 тысячы вершаў.

— Калі быць дакладным, 22 795 вершаў. Чаму ўзяўся? Па-першае, кожны мастак марыць напісаць «Сыкстынскую мадонну» альбо «Мону Лізу». А паэт — штосьці кшталту «Іліяды». Ну а перакладнік таксама марыць зрабіць нешта эпахальнае, манумэнтальнае. Так і я марыў.

Па-другое, беларусаў часта папракаюць: «Няма тэрміналёгіі, няма перакладаў»... Вось і мне казалі: «А зачем по-белорусски? Есть же „Калевала“ по-русски». Я проста ашалеў і ўпёрся. І доўга ўпіраўся. Вось і Ўладзімер Някляеў, зь якім пэўны час мы жылі ў Фінляндыі, сумняваўся: «Не адолееш». А я адолеў. Займаўся гэтым доўга, гадоў 5 толькі рыхтаваўся, а 2 гады проста крукам сядзеў з дня ў дзень, не разгінаючыся. Мая мэта была даказаць, што гэта магчыма і трэба зрабіць.

Калі толькі сядзець і скардзіцца, што нас прыціскаюць, нас зьневажаюць, нічога ня будзе. Мы самі сябе зьневажаем, калі лічым, што на нашай мове нельга нічога выказаць. Усё можна выказаць і ўсё можна зрабіць. Ёсьць шмат недалёкіх анэкдотаў пра чукчаў. Але на сваёй мове ўсё, што важна для іх паўночнай цывілізацыі, яны скажуць. Можам сказаць і мы.

— Вось падчас цырымоніі ўганараваньня вы сказалі, што, на жаль, у Беларусі няма іншых перакладнікаў зь фінскай мовы. Скандынаўскія мовы, мовы фіна-ўгорскай групы, мне здаецца, даволі складаныя, асабліва для славян. Няма перакладнікаў, бо мова цяжкая, ці, можа, там літаратуры мала, нестае цікавага, што можна перакласьці?

— Вой, літаратуры там вельмі багата! Там шалёная колькасьць добрай літаратуры. Па-першае, там бібліятэкі — не параўнаць з нашымі: у самых глухіх мясьцінах яны ўкамплектаваныя кампутарамі, паўсюль працуе вельмі дасьведчаны пэрсанал. Фінская мова сапраўды складаная, яна ня індаэўрапэйская, вельмі не падобная да славянскіх моў паводле складу, лёгікі. Швэдзкая мова (паўночнагерманская група моў) лягчэйшая. У фінскай мове адных толькі склонаў 15. Таму мне шкада, што я ўжо немалады чалавек, а зьмены няма. Праўда, ёсьць у мяне маладыя дзяўчаты, якія вучацца. Можа, навучацца.

— А вы над чым цяпер працуеце?

— Апошнім часам я шмат працаваў на адно піцерскае выдавецтва, пераклаў шмат ірляндзкіх кніжак. А цяпер я працую на заказ Міністэрства замежных спраў над кнігай «Сто сацыяльных інавацыяў Фінляндыі». Прычым замова фінскага МЗС — перакласьці гэтую кнігу на беларускую мову, а не на расейскую.

— На ваш погляд, ці стане дадатковым стымулам для беларускіх перакладнікаў заснаваньне прэміі імя Карласа Шэрмана?

— Думаю, што стане. Ведаеце, «Калевалу» я пачаў перакладаць са свайго ўласнага пачыну, ня думаючы аб прэміях, не спадзеючыся на ганарар. Дарэчы, ганарару за гэты пераклад я так і не атрымаў, таму што выданьне кнігі фундавалася фінамі. Так што за прэмію вялікі дзякуй! Думаю, матэрыяльны стымул таксама важны, асабліва для моладзі.

Францішак Корзун: «У інтэрнэт-галасаваньні я аддаў свой голас за Якуба Лапатку»

Францішак Корзун зь перакладам з ангельскай кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Лісты Круцяля» трапіў у шорт-ліст прэміі імя Карласа Шэрмана разам з Паўлам Касьцюкевічам і Якубам Лапаткам. Францішак кажа, што Якуб Лапатка з «Калевалай» перамог цалкам заслужана, і прызнаўся, што ў інтэрнэт-галасаваньні свой голас аддаў менавіта спадару Лапатку.

Францішак Корзун (зьлева) падчас уручэньня прэміі імя Шэрмана
Францішак Корзун (зьлева) падчас уручэньня прэміі імя Шэрмана

— На цырымоніі ўганараваньня не адзін з прамоўцаў казаў, што перакладніцкая праца недаацэненая. І вось нарэшце зьявілася прэмія. Вы трапілі ў шорт-ліст, перамаглі два дзясяткі канкурэнтаў. Ня крыўдна, што засталіся ў кроку да перамогі? Толькі што чула, як вашы сябры жартавалі, што ня ў той год кнігу выдалі...

— Не, мне абсалютна ня крыўдна. І падчас уганараваньня я зусім не хваляваўся. Па-першае, трапіць у шорт-ліст — гэта ўжо прызнаньне таго, што пераклад атрымаўся. Прэмію павінен атрымаць хтосьці адзін, гэта зразумела. Я ад самага пачатку схіляўся да таго, што прэмію павінен атрымаць Якуб Лапатка, таму што адолець «Калевалу» — гэта сапраўды тытанічная праца. Прэмію спадар Якуб атрымаў абсалютна заслужана. Дарэчы, у інтэрнэт-галасаваньні, якое было ў «Фэйсбуку», я галасаваў за Лапатку. Так што вынік мяне цалкам задавальняе.

— А ці падштурхне гэтая прэмія перакладнікаў да новых подзьвігаў?

—Так, спадзяюся, што яна паўплывае на тое, што перакладаў стане больш. І справа ня толькі ў матэрыяльным складніку, але і ў тым, што на нялёгкую перакладніцкую працу зьвярнулі ўвагу. Літаратурныя прэміі самі па сабе зьяўляюцца прызнаньнем таго, што праца пісьменьніцкая, перакладніцкая сапраўды запатрабаваная. І тое, што за апошнія 10-15 гадоў зьявілася столькі новых літаратурных прэмій, гэта вельмі добра. Няма пакуль прэміі для літаратурных крытыкаў, але, спадзяюся, і яна зьявіцца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG