Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смартфоны Samsung Galaxy Note 7 не рэкамэндуюць купляць — выбухаюць нават «бясьпечныя»


Шэраг IT-блогаў і парталаў сьвету выступілі з заклікам адмовіцца ад куплі смартфонаў Samsung Galaxy Note 7 празь небясьпеку ўзгараньня і выбуху акумулятараў. Гаворка ідзе ня толькі пра першую партыю, якую Samsung адклікаў як небясьпечную, але і пра наступную, у якой нібыта пазбавіліся праблемаў з акумулятарам.

У другой партыі вядома сама мала пяць выпадкаў узгараньня ці выбуху акумулятараў у звычайных умовах. Апошні вядомы на сёньня выпадак — «бясьпечны» смартфон жыхара штату Кентукі загарэўся а 4-й раніцы, калі проста ляжаў на стале і ня быў падключаны ў разэтку. The Verge сьцьвярджае, што Samsung ведае пра кожнае здарэньне зь «бясьпечнай» партыяй, але выдае толькі адгаворкі пра «сур’ёзнае стаўленьне да кожнага выпадку».

«Сёньня было б безадказна казаць нешта іншае: калі вы маеце Samsung Galaxy Note 7, вы мусіце неадкладна перастаць ім карыстацца і вярнуць яго прадаўцу», — заяўляе The Verge. Гэтыя словы паўтараюць Android Central, Android Police, BRG, CNet і іншыя.

Samsung часова прыпыняе вытворчасьць небясьпечнай мадэлі смартфонаў, паведамляе паўднёвакарэйскае агенцтва Yonhap News. Samsung можа адклікаць і другую партыю смартфонаў, перадае Bloomberg. Па розных ацэнках, адкліканьне будзе каштаваць кампаніі 1-2 млрд даляраў.

Тым часам амэрыканскія мабільныя апэратары спынілі продажы Note 7. У Беларусі тэлефон пакуль не прадаецца афіцыйна, але беларускія мабільныя апэратары прапануюць (і не скасоўваюць) папярэднюю замову смартфонаў Note 7. У інтэрнэце можна набыць і «шэрыя» смартфоны гэтай мадэлі па цэнах каля 2000 рублёў. У Менску смартфон працягвае рэклямавацца на білбордах, Note 7 рэклямуецца і на афіцыйных старонках Samsung у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG