Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На выбары ня пойдзем! Будзем пісаць Гарбачову» — у Гомелі жыхары патрабуюць добраўпарадкаваць вуліцу Валадарскага


Вуліца Валадарскага.
Вуліца Валадарскага.

У Навабеліцкім раёне Гомеля вуліца Валадарскага месьціцца за чыгункай на Чарнігаў. Тут гэткі «бальшавіцкі куток» у прыватным сэктары — тры вуліцы Луначарскага, Бабушкіна, Валадарскага з двума завулкамі, Сьвярдлова зь пяцьцю завулкамі і праездамі.

На выбары ня пойдзем, бо дарогі кепскія, — гамельчукі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:10 0:00

«Наша вуліца Валадарскага нібы праклятая, — тлумачыць старшыня вулічнага камітэту Вольга Сакоўская. — Даўжыня яе каля кілямэтра, а ўпарадкаваць яе ніяк ня могуць. Раней, калі дождж, стаялі лужыны. Мы хадзілі, грукаліся, пісалі. Адказвалі, што няма сродкаў. Потым зьлітасьцівіліся: па сто мэтраў з кожнага канца вуліцы падсыпалі асфальтавую крошку, ушчыльнілі, а пасярэдзіне кінулі ўсё на волю лёсу». Жыхары, аднак, не сядзелі склаўшы рукі. Падключылі гарадзкога дэпутата Аляксандара Шыраева. Той падаў запыт прадпрыемству жыльлёва -камунальнай гаспадаркі.

Жанкі з Валадарскага. На пярэднім пляне — Вольга Сакоўская
Жанкі з Валадарскага. На пярэднім пляне — Вольга Сакоўская

З паперы, падпісанай першым намесьнікам генэральнага дырэктара гарадзскога прадпрыемства ЖКГ Рыгорам Тураўцом, вынікала, што дарожны трэст сёлета ў трэцім квартале мусіць зрабіць пляніроўку вуліцы Валадарскага «з дабаўленьнем інэртных матэрыялаў на праежджай частцы». Шчэбень з мучністым пяском гарадзкі дарожны трэст сапраўды падсыпаў ды кінуў, аніякім чынам не змацаваўшы гэты «інэртны» матэрыял. «Любая машына праедзе, пыл узьнімаецца да нябёсаў. А тут у нас і дзеці жывуць, і хворыя на астму. І ўсе гэты пыл глытаюць. Нават прысады белыя ад яго. Вечарам, калі горад заціхае, здаецца, што не машына едзе па вуліцы, а танкі ходзяць — такі шум стаіць ад шоргату шынаў аб шчэбень», — жаляцца жанчыны.

Уладзімер Малафееў, яшчэ адзін мясцовы жыхар, апавёў, што жонка, ходзячы па такой «упарадкаванай» вуліцы, двойчы ўжо ламала абцасікі ў туфлях. Дзяцей нельга выпусьціць за браму. Таго й глядзі, патрапіць пад машыну на вузкай частцы вуліцы альбо шчэбень з-пад кола ў галаву пацэліць.

Ліст з адміністрацыі
Ліст з адміністрацыі

У гэтай сытуацыі жыхароў асабліва абурае тое, што на дадатак яшчэ й гарадзкія начальнікі пускаюць пыл у вочы ў сваіх адпісках. У прыватнасьці, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомеля Андрэй Чысты ў лісьце № к-153 ад 12 жніўня піша:

«Па інфармацыі КВУП „Гомельская гарадзкая ЖКГ“, сіламі КУП „Гомельскі гарадзкі дарожны будаўніча-рамонтны трэст“ выкананы работы па пляніроўцы з дабаўленьнем інэртных матэрыялаў праежджай часткі дарогі па вул. Валадарскага».

«Выглядае, што адрамантавалі „дарогу на вуліцы“. А што жыць нельга па-чалавечы пасьля такога рамонту, гэта ўжо нікога не турбуе. Людзі наагул ня хочуць ісьці на выбары і галасаваць, бо толку ніякага няма. Навошта ісьці галасаваць, калі не давяраюць уладам», — падсумоўвае пазыцыю жыхароў Вольга Сакоўская.

Аднак здавацца канчаткова прыватнікі з вуліцы Валадарскага не наважаны.

«Напішам яшчэ й Гарбачову, — цьвердзяць жанчыны. —У нас тут свой Гарбачоў у аблвыканкаме, будаўніцтвам і камуналкай займаецца. А калі й ён не дапаможа, то ў Менск паедзем».

Самае вузкае месца на Валадарскага
Самае вузкае месца на Валадарскага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG