Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стала Беларусь за 25 гадоў незалежнай у эканамічнай сфэры


Свая валюта, адрозная ад расейскай сацыяльна-эканамічная палітыка, адсутнасьць прыватызацыі, траціна замежнага гандлю — з ЭЗ, палова — з РФ, штогадовы расейскі «грант».

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.


Дракахруст: Кароткі адказ, калі параўноўваць менавіта з 91-м годам — зразумела, стала больш незалежнай. Тады наагул пра эканоміку Беларусі можна было гаварыць досыць умоўна, адно пра частку савецкай эканомікі, якая месьцілася ў Беларусі. Так было па ўсім СССР, але адносна БССР гэта было справядліва ў найбольшай ступені, нідзе такая высокая доля эканомікі не знаходзілася ў саюзным падпарадкаваньні і не кіравалася наўпрост з Масквы. Знакаміты «зборачны цэх» СССР.

Ніякай уласнай грашовай сыстэмы не было — была рэспубліканская кантора Дзяржбанку СССР. Не было і амаль ніякага гандлю, тым больш замежнага — таварныя і фінансавыя патокі рэгуляваліся ізноў жа з Масквы.

Іншая справа цяпер. У Беларусі была абраная іншая сацыяльна-эканамічная мадэль, чым у Расеі. На нечы погляд горшая, менш эканамічна эфэктыўная, але свая. Расейская прыватызацыя Беларусь не закранула.

За 25 гадоў структура нацыянальнай эканомікі ўсё ж паўстала. Свае грошы, свая падатковая сыстэма, свая мытня, свая ўласнасьць. Залежная ад расейскай, але ня частка расейскай. Аднак сапраўдная эканамічная незалежнасьць яшчэ наперадзе.

Нехта скажа — ну і кепска, што не пазычылі карысны досьвед. Можа і так. Але сувэрэнітэт, незалежнасьць — гэта права і магчымасьць дзейнічаць па сваёй, хай сабе і дурнаватай, волі.

Грашовая сыстэма свая. Ізноў жа — айчынны рубель больш слабая валюта, чым расейская, грашовая палітыка іншая. Але свая.

Пераважная большасьць прадпрыемстваў знаходзяцца ў беларускай дзяржаўнай і прыватнай уласнасьці. Больш за тое, перашкоды для пранікненьня расейскага капіталу ў нацыянальную эканоміку хіба ня большыя, чым у іншых постсавецкіх краінах, якія абралі кардынальна іншы, празаходні шлях разьвіцьця.

Што да зьнешняга гандлю, то ён не абмяжоўваецца адно Расеяй, беларусы спрабуюць засвойваць рынкі самых розных краінаў, у тым ліку і досыць экзатычных. З экзатычнымі атрымліваецца ня надта, але прыкладна траціна гандлю, якая прыпадае на краіны Эўразьвязу — гэта дасягненьне ці, прынамсі, істотнае адрозьненьне ад стану на 1991 год.

Хаця, зразумела, ёсьць і «але». Усё ж значная частка зьнешняга гандлю краіны, як і ў БССР прыпадае на Расею. Гэтая доля ў разы большая, чым нават у саюзнага з Беларусьсю і Расеяй Казахстану.

Эканамічныя стасункі з Расеяй у значнай ступені палітычна абумоўленыя. Дарэчы, у савецкія часы БССР мела станоўчае сальда ў эканамічным абмене з саюзным цэнтрам. Праўда, цэны гэтага абмену вызначыліся адвольна, літар нафты па ўнутрысаюзных цэнах каштаваў менш, чым літар мінэралкі. Сталі цэны больш адэкватнымі, станоўчы балянс зьмяніўся на адмоўны. Праўда, ён у значнай меры пакрываецца разнастайнай, палітычна абумоўленай дапамогай Расеі. Славуты расейскі грант у выглядзе нізкіх цэнаў на энэрганосьбіты і адмысловых умоваў доступу на расейскі рынак складае да 10-15% беларускага ВУП.

Ды і той жа самастойны гандаль з Эўропай — гэта ладнай часткай гандаль нафтапрадуктамі, вырабленымі з таннай расейскай нафты.
У такіх умовах гаварыць пра поўную ці нават значную незалежнасьць, зразумела, не даводзіцца. Дагэтуль вядуцца спрэчкі, што будзе з беларускай эканомікай, калі яна пазбавіцца штогадовай расейскай падтрымкі і чаго запатрабуюць расейцы за яе працяг.

Хаця за 25 гадоў структура нацыянальнай эканомікі ўсё ж паўстала. Свае грошы, свая падатковая сыстэма, свая мытня, свая ўласнасьць. Залежная ад расейскай, але ня частка расейскай. Аднак сапраўдная эканамічная незалежнасьць яшчэ наперадзе.

Карбалевіч: Тут трэба падзяляць дзьве рэчы: эканамічную палітыку і залежнасьць ад расейскай эканомікі. Калі казаць пра эканамічную палітыку, то тут Беларусь, можа апынулася найбольш незалежнай. Бо Лукашэнка якраз ганарыцца тым, што мы не пайшлі за ўсім сьветам, не пачалі трансфармацыю эканомікі ўсьлед за іншымі постсацыялістычнымі краінамі, не правялі прыватызацыю, захавалі дзяржаўную ўласнасьць. Прычым, нягледзячы на моцны ціск у кірунку рынкавых рэформаў звонку, найперш, з боку Масквы. Цяпер мы не абмяркоўваем пытаньне, добра гэта ці дрэнна, а толькі канстатуем факт: ва ўнутранай эканамічнай палітыцы Беларусь была даволі незалежнай.

Хоць цяпер, апошнія год-два ўладам даводзіцца рабіць эканамічныя крокі пад ціскам крэдытораў: МВФ, Эўразійскага баку стабілізацыі і разьвіцьця. Даводзіцца падвышаць камунальныя тарыфы, падвышаць пэнсійны ўзрост, праводзіць жорсткую грашовую палітыку. То бок, у гэтым пляне залежнасьць ад вонкавых сілаў павялічваецца.

Падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту разбурае ўсю парадыгму беларуска-расейскай інтэграцыі. Пасьля падзеньня ўсясьветных цэнаў на энэргарэсурсы расейскі рынак скурчыўся.

Калі казаць пра эканамічную залежнасьць Беларусі ад Расеі, то яна застаецца вялізарнай. Асабліва вялікая энэргетычная залежнасьць. Краіна на 100% залежыць ад расейскага газу, моцна — ад паставак расейскай нафты. Цяпер, калі Беларусь будуе АЭС за расейскі 10-мільярдны крэдыт, зьявіцца залежнасьць ад Расеі ў атамнай галіне.

Але калі глядзець на залежнасьць ад расейскага рынку, ад гандлю з Расеяй, то залежнасьць не мяняецца. Доля Расеі ў тавараабароце Беларусі складала ад мінімальных 43% у 1993 гадзе да максымальных 60% у 2001 г. Цяпер на долю Расеі прыпадае звыш 40% абʼёму экспарту і больш за 50% імпарту.

Падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту разбурае ўсю парадыгму беларуска-расейскай інтэграцыі. Пасьля падзеньня ўсясьветных цэнаў на энэргарэсурсы расейскі рынак скурчыўся.

Другі важнейшы чыньнік інтэграцыі Беларусі і Расеі — танныя расейскія энэргарэсурсы. Бязь іх было б немагчымае доўгае існаваньне беларускай сацыяльнай мадэлі. Яшчэ 2-3 гады таму экспэрты ацэньвалі расейскі энэргетычны «грант» у 15% ВУП Беларусі. Усе спрэчкі і канфлікты паміж Менскам і Масквою круціліся вакол абʼёму гэтага «гранту». Але цяпер, калі ўсясьветныя нафтавыя цэны ўпалі, энэргетычны «грант» Расеі мінімізаваўся.

Такім чынам, Расея, якая доўгі час, амаль чвэрць стагодзьдзя пасьля распаду СССР, была галоўнай крыніцай эканамічнага дабрабыту Беларусі, гарантам існаваньня беларускай сацыяльнай мадэлі, стала цяпер галоўнай крыніцай праблемаў для беларусаў, чыньнікам крызысу для краіны. І таму працэс дыстанцыяваньня ў эканамічным сэнсе ад Расеі, які ўжо пачаўся, будзе працягвацца і далей.

Цыганкоў: За 25 гадоў Беларусь зрабіла кардынальныя і грунтоўныя крокі ў бок сваёй эканамічнай незалежнасьці. Зьявілася свая нацыянальная валюта, свая грашова-крэдытная сыстэма. Варта ацэньваць гэта ў двух аспэктах: ці ёсьць самастойная эканамічная палітыка і ці ёсьць эканамічная залежнасьць ад Расеі?

Дык вось, безумоўна, самастойная эканамічная палітыка ёсьць, нават насуперак патрабаваньням і пажаданьням суседзяў, як Расеі, так і Захаду. Яшчэ ў 90-я і нулявыя гады быў вельмі папулярны лёзунг, які зараз ужо забываецца — рынкавы сацыялізм. Але ўжо гадоў 7-10 ніхто яго ня ўзгадвае, але менавіта гэта быў асноўны стратэгічны эканамічны пасыл Беларусі.

У 90-я і нулявыя гады быў вельмі папулярны лёзунг, які зараз ужо забываецца — рынкавы сацыялізм. Але ўжо гадоў 7-10 ніхто яго ня ўзгадвае, але менавіта гэта быў асноўны стратэгічны эканамічны пасыл Беларусі.

Калі казаць пра залежнасьць ад Расеі, то як мінімум гадоў 7-8 беларускія ўлады гавораць пра дывэрсыфікацыю экспарту, але гадамі гэтая доля не мянялася. Валер Карбалевіч прывёў яркія красамоўныя лічбы, калі ў 1993 годзе на Расею прыпадала 43% замежнага гандлю, а потым гэтая доля доўгі час толькі павялічвалася.

Гэты працэс проста непараўнальны з тым, што адбывалася ў нашых суседзяў, калі ў іх увесь час доля Расеі памяншалася — у краінах Балтыі, ва Ўкраіне, у іншых краінах СНД, Беларусь была адзіным выключэньнем. Але потым доля Расеі зафіксавалася дзесьці на 50% і кардынальна не мянялася.

Дасюль размовы пра дывэрсыфікацыю былі ўсяго размовамі, толькі ў пачатку 2016 году быў прыняты дэкрэт, паводле якога экспарт у найбліжэйшай будучыні павінен фармавацца ў такіх прапорцыях: траціна — на Захад, траціна — у Расею і траціна — у краіны так званай «далёкай дугі».

Пытаньне ізноў у тым, ці будзе гэта выканана, бо шмат чаго ў беларускіх пастановах не выконвалася. Але хоць можна адзначыць, што беларуская ўлада зрабіла гэта сваёй канкрэтнай мэтай, разумеючы, што такая аднабаковая арыентацыя ў эканоміцы зьяўляецца відавочнай пагрозай эканамічнай незалежнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG