Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такога паняцьця, як беларусы, у яго наагул няма», — уніяцкі сьвятар пра выказваньні мітрапаліта Паўла 


Грэка-каталіцкая царква ў Магілёве
Грэка-каталіцкая царква ў Магілёве

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Павал заявіў пра сваю нязгоду з тымі, хто лічыць унію нацыянальнай рэлігіяй беларусаў. Пра гэта ён выказаўся ў Магілёве падчас казані ў Сьвята-Праабражэнскім саборы.

На ягоную думку, унія не спрыяла аб’яднаньню вернікаў, а наадварот, «была страшнай спробай навязаць праваслаўным каталіцкую веру».

На афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы няма выказваньняў уладыкі Паўла пра ўніяцтва, якія падалі незалежныя мэдыі. Атрымаць камэнтар у кіроўным апараце Беларускай праваслаўнай царквы пра словы ўладыкі Паўла не ўдалося.

Вернікі ж грэка-католікі словы праваслаўнага мітрапаліта лічаць зьневажальнымі. На думку многіх зь іх, падобныя выказваньні недапушчальныя ў шматканфэсійнай Беларусі.

Парафія Маці Божай Бялыніцкай
Парафія Маці Божай Бялыніцкай

«Чаму праваслаўны мітрапаліт, які прыехаў у Беларусь з расейскай Разані, дазваляе сабе ўказваць беларусам, што нацыянальнае, а што не? Гэтыя ягоныя словы толькі пацьвярджаюць, што па сутнасьці Беларуская праваслаўная царква ня ёсьць беларускай. Яна цалкам падначалена Расейскаму патрыярхату, які навязвае беларусам чужы сьветапогляд», — кажа грэка-каталічка Алена з Магілёва.

Суразмоўніца заўважае, што многія беларускія праваслаўныя вернікі ўспрымуць словы мітрапаліта Паўла як праўдзівыя, бо «ён іх вярхоўны герарх». Разам з тым, лічыць яна, такія выказваньні не павінны заставацца па-за ўвагай дзяржаўных службоўцаў.

«Словы ўладыкі Паўла тычацца пытаньняў беларускай дзяржаўнасьці ды фактаў гісторыі, якія ставяцца пад сумнеў. Акрамя таго, у іх чытаецца спроба зрабіць праваслаўе, як у Расеі, дзяржаўнай рэлігіяй, што парушае беларускую Канстытуцыю», — заключае верніца з Магілёва.

На адной з урачыстасьцяў магілёўскіх уніятаў
На адной з урачыстасьцяў магілёўскіх уніятаў

У праваслаўнага мітрапаліта Паўла імпэрскае мысьленьне, адсюль і такія выказваньні, кажа грэка-каталік са Шклова Аляксандар.

«У яго мэта не далучаць да веры людзей, а павялічыць паству і рабіць з праваслаўных беларусаў расейцаў, бо беларусаў для такіх сьвятароў няма як народу. Такія, як уладыка Павал, ніяк ня звыкнуцца з думкай, што беларусы — гэткі жа годны народ, як іншыя. Наш край яны ўспрымаюць часткай „русского мира“ і праз рэлігію навязваць нам імпэрскае мысьленьне», — кажа жыхар Шклова.

«Лічыць, што ўладыка Павал ня ведае гісторыі, у мяне падставаў няма, — дадае Аляксандар. — Але я яму нагадаю, што грэка-каталіцкая царква ўратавала беларусаў як нацыю, і толькі дзякуючы гэтай царкве захавалася беларуская мова».

У сваім казаньні мітрапаліт Павал спаслаўся на дакумэнт, падпісаны на сустрэчы патрыярха Кірыла з папам Рымскім, дзе унія нібыта асуджаецца.

У прыватных гутарка грэка-каталіцкія сьвятары заяўляюць, што такога дакумэнта не існуе:

«Дастаткова ўзяць і прачытаць дэклярацыю, якую яны падпісалі, каб пераканацца, што гэта зусім ня так. Можа, уладыку Паўлу хацелася б, каб гэтак было, аднак такога няма. Пра унію гаворкі ў дакумэнце не вядзецца», — сказаў адзін са сьвятароў.

Такія выказваньні, на думку суразмоўцы, выдаюць, што для праваслаўнага герарха існуе або Расея, або іншы сьвет:

«Такога паняцьця, як беларусы, у яго наагул няма», — заключыў сьвятар.

Анатоль Сідарэвіч, архіўнае фота
Анатоль Сідарэвіч, архіўнае фота

Гісторык Анатоль Сідарэвіч нагадвае, што ў Беларусі, акрамя праваслаўных, жывуць рыма-каталікі, грэка-каталікі, мусульмане. Пры гэтым ён заўважае: дзяржава чамусьці вылучае менавіта праваслаўных, адсюль і сьмеласьць, зь якой Павал дазваляе сябе выказвацца. Суразмоўца прапануе мітрапаліту пагартаць беларускую гісторыю.

«Масавы пераход уніятаў у рыма-каталікі пачаўся са спробамі гвалтам іх навярнуць у маскоўскае праваслаўе. Пакуль жа існавала Рэч Паспалітая і ўніятаў не прымушалі пераходзіць да каталікоў і праваслаўных, да грэка-каталіцкай царквы належала да 75 працэнтаў насельніцтва нашага краю», — нагадвае Сідарэвіч.

«Уся праблема расейскага чалавека ў тым, што ён, паводле Пушкіна, «ленив и нелюбопытен», — дадае суразмоўца.

«Расеец ня ўчытваецца ў гісторыю Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і ідзе „в чужой монастырь со своим уставом“, а потым крыўдзіцца, што яго не разумеюць ды ня любяць. З уладыкам Паўлам варта паставіць настаўніка грамадзянскай гісторыі і гісторыі рэлігіі Беларусі. Ад адзінаццатага стагодзьдзя да зьнікненьня Рэчы Паспалітай з палітычнай мапы Эўропы ў Беларусі не было маскоўскага праваслаўя. Беларускае ж праваслаўе адрозьнівалася ад маскоўскага сваёй культурай кардынальна».

Ігар Пушкін, архіўнае фота
Ігар Пушкін, архіўнае фота

Кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін кажа, што ўніяцтва стала вынікам спробы аб’яднаць жыхароў адной краіны адной рэлігіяй. Ён нагадвае: у Беларусь хрысьціянства прыйшло, калі яно не было падзеленым. Таму, на думку магілёўскага гісторыка, ідэя аб’яднаньня веравызнаньняў мела глыбокія карані.

«Берасьцейскую унію прынялі ня ўсе праваслаўныя вернікі і сьвятары. Варта адзначыць, што тады яе распаўсюджвалі ў тым ліку і гвалтам. Але гэтак жа гвалтоўна унія была скасаваная ў 1839 годзе. Ніякага добраахвотнага аб’яднаньня не было і тады. Ніхто ў народу не пытаў ягонай думкі. У праваслаўных вырашаюць усё герархі, — кажа Ігар Пушкін.

«Зь цягам часу, пасьля падпісаньня уніі, большая частка насельніцтва краю стала грэка-каталікамі, — працягвае гісторык. — Мовай казаняў у цэрквах была ня польская або лацінская, як у рыма-каталікоў, а беларуская мова. Дзякуючы ўніяцтву беларуская мова і захавалася. Таму роля і значэньне ўніяцтва для беларускага народу дужа вялікая».

Мітрапаліт Павал наведаў Магілёў, каб узяць удзел ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных праваслаўнаму сьвятару і асьветніку 17 стагодзьдзя Георгію Каніскаму. Ягоным імем праваслаўныя вернікі намагаюцца назваць адну з цэнтральных плошчаў гораду. Ініцыятыва вернікаў спарадзіла палкую дыскусію пра асобу Каніскага.

Георгі Каніскі
Георгі Каніскі

Паводле ўладыкі Паўла, Георгі Каніскі навярнуў у праваслаўе сотні тысяч беларусаў.

Ігар Пушкін сумняваецца ў слушнасьці выказваньня праваслаўнага герарха. На ўсходзе Беларусі, кажа ён, нямала землеўладальнікаў, пасьля таго як беларускія землі апынуліся пад Расеяй, у якой дзяржаўнай рэлігіяй было праваслаўе, прынялі новую ўладу, а зь ёю памянялі і веравызнаньне. Гісторык нагадвае, што ў народу ніхто не пытаўся, якой яны будуць трымацца веры, бо дзейнічаў прынцып: «які пан, такая і вера».

«Ніхто па гэтым пытаньні не галасаваў, асабліва тады, калі ў Расеі быў прыгон».

«Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай на ўсходзе Беларусі землі, на якіх жылі ўніяты, перадаваліся ва ўласнасьць расейскім землеўладальнікам. Асабліва тыя землі, уладальнікі якія не прынялі ўладу Кацярыны ІІ. Сяляне гэтых зямель адназначна станавіліся праваслаўнымі, бо памешчыкі былі праваслаўнымі», — рэзюмуе Ігар Пушкін.

У Беларусі блізу 10 тысяч грэка-каталікоў, дзеіць 18 грэка-каталіцкіх парафіяў. Першыя парафіі зарэгістраваныя ў 1990 годзе. Асяродкам, вакол якога адраджалася грэка-каталіцтва, стаў часопіс «Унія». Прэзэнтацыя першага нумару адбылася 6 жніўня 1990 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG