Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раніцай масаж, перад сном — масавыя расстрэлы. Знойдзеныя дзёньнікі Гімлера


Асабістыя запісы аднаго з нацысцкіх правадыроў доўга лічыліся згубленымі. Іх знайшлі ў архіве ў Падмаскоўі.

У Цэнтральным архіве Міністэрства абароны РФ, які разьмешчаны ў падмаскоўным Падольску, дасьледчыкі знайшлі дакумэнты, якія лічыліся страчанымі. Навукоўцы выявілі дзёньнікі рэйхсфюрэра СС Генрыха Гімлера, датаваныя 1938, 1943 і 1944 годам. Вытрымкі апублікавала газэта Bild.

Звычайны дзень арганізатара Галякосту

Газэта прыводзіць у прыклад трэцяе студзеня 1943 г. як тыповы дзень кіраўніка СС. У гэты дзень у яго заплянавана 19 сустрэч у асабістым бункеры «Шварцшанзэ» у Прусіі, разьмешчаным непадалёку ад «Воўчага логава» Адольфа Гітлера (цяпер гэта тэрыторыя Польшчы).

Працоўны дзень рэйхсфюрэра СС пачынаецца ў 09:30 са сьнеданьня, пасьля якога — сэанс масажу. Працэдуру праводзіць асабісты масажыст Гімлера Фелікс Кэрсьці, яна доўжыцца каля дзьвюх гадзінаў. Масаж дапамагае Гімлеру справіцца з хранічнымі страўнікавымі болямі.

Апоўдні Гімлер тэлефануе некалькім людзям. Першая размова тычыцца ўзнагароджаньня нямецкага салдата, які ваюе на фронце. Другі званок — кіраўніку галоўнага расава -пасяленчага ўпраўленьня СС Рыхарду Дарэ. Потым ён размаўляе з жонкай Маргарэт і дачкой Гудрун. Са сваёй сямʼёй Гімлер бачыўся ўсяго некалькі разоў на год, але, мяркуючы па дзёньніку, пастаянна меў зносіны па тэлефоне.

У 14:00 Гімлер абедае, пасьля чаго праводзіць заплянаваныя 19 перамоваў, у тым ліку інструктуе вядомага нацысцкага кáта Германа Фэгелейна перад допытам палоннага савецкага генэрала Пятра Прывалава. Допыт праводзіцца ў Кіеве.

А 21:00 Гімлер вячэрае.

Пазьней, пасьля 22:30, Фэгелейн і Гімлер зноў стэлефаноўваюцца, каб абмеркаваць вынікі допыту.

Генэрал Пётр Прывалаў трапіў у палон пад Кіевам у 1941 годзе, выжыў у некалькіх канцлягерах і быў вызвалены амэрыканцамі ў 1945 годзе, перададзены Маскве, арыштаваны і прысуджаны да расстрэлу. Пакараны ў 1951 годзе, пасьмяротна рэабілітаваны ў 1968 годзе.

Германа Фэгелейна, мужа сястры Евы Браўн, расстралялі ў апошнія дні вайны па асабістым загадзе Гітлера за спробу ўцячы з бункера фюрэра.

Каля 23:30 у Гімлера праходзіць яшчэ дзьве сустрэчы. Ён заказвае 2000 грузавікоў Opel Blitz для дывізіі СС «Лейбштандарт».

Каля паўночы ад’ютант Гімлера Вэрнэр Грот паведамляе, што на тэрыторыі акупаванай Польшчы партызаны напалі на паліцэйскі ўчастак. Паліцыянты здалася без супраціву.

Гімлер загадвае расстраляць дзесяць афіцэраў паліцыі, а іх семʼі адправіць у канцэнтрацыйны лягер. Пасьля гэтага ён кладзецца спаць.

Іншыя дні, расклад якіх захаваўся ў дзёньніку, прысьвечаныя інспэкцыйнаму падарожжу па лягерах сьмерці. У сакавіку 1938 году ён наведвае Дахаў і Бухэнвальд, разам доктарам Гэбэльсам — Заксэнхаўзэн.

Пасьля капітуляцыі Нямеччыны Генрых Гімлер спрабаваў схавацца, але быў арыштаваны двума былымі савецкімі ваеннапалоннымі. Падчас ператрусу яму ўдалося пакласьці ў рот ампулу з цыяністым каліем. Сьмерць рэйхсфюрэра СС была канстатаваная 23 траўня 1945 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG