Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму я палю?


Таня Скарынкіна
Таня Скарынкіна

Перафразуючы верш францускага паэта Блеза Сандрара, аднаго з улюбёных, адкажу сьцісла, згодна Сандрару:

— Таму.

*

Верш кароткі:

«Чаму я пішу?

Таму».

*

Паліў сам паэт таксама неміласэрна. На здымках, што маюцца ў сеціве, а іх дастатковая колькасьць, без цыгарэты не трапляецца амаль ніколі. Трымае цыгарэту ў левай руцэ, бо правая засталася на вайне. На першай сусьветнай; і ў хуткім часе Сандрар наогул перастаў ствараць вершы, бо лічыў што «правая была рука паэта».

Я даўно хацела пра гэта напісаць і наогул пра паленьне, але нагоды не выпадала. І вось аднойчы ў Менску па старой звычцы ля вакзала закурыла. Вокамгненна міліцыянт намаляваўся. Міліцыянт аднымі вачыма накіраваў мне позірк на знак, які, мякка гаворачы, не люблю больш за ўсе забаронныя разам узятыя знакі — на перакрэсьленую цыгарэту. А я можа для гэтага менавіта, для паленьня на ганку вакзала, і езьдзіла ў Менск. Нават не памятаю колькі год найвялікшай з асалодаў паленьне на выхадзе з чыгуначнага вакзала было. Я, галоўнае, яшчэ зьдзівілася, што з курцоў адна на вялікай прасторы перад вакзальным будынкам. Бо зазвычай нас шмат заўсёды. Але мала што, думаю.

*

Не пасьпела зацягнуцца, як міліцыянт казырнуў і паказаў моўчкі на знак.

— А дзе паліць можна? — пытаюся разгублена.

— Вунь там ля салдацікаў.

Але каб адказаў: «Нідзе», я б не зьдзівілася. Пайшла да салдацікаў паслухмяна, дарогай крыху падняўшы настрой, што не штрафануў міліцыянт. Але няўжо салдацікі там заўсёды стаяць, пазначаючы брудна-зялёнай групкай спэцыяльнае месца для занядбаных пабочнікаў тытуню? Не, ля сьметніка бачу ўказальнік: «70 мэтраў», побач зь неперакрэсьленай — о цуд! — цыгарэтай. Ня так і шмат ісьці да мэты. Папаліла з салдацікамі. Новы вопыт.

*

Пасьля па Менску хадзіла асьцярожней з мэтаю паленьня. Азіралася нэрвова. Ня дай Божа з цыгарэтай у роце на знак натрапіць. Як кажа ў такіх выпадках адна добрая сяброўка: «Его по морде били чайником и научили танцевать». Вось і ў сквэры ля Купалаўскага тэатру толькі зьбіралася адпачыць з цыгарэтай (колькі прыемных хвілінаў паленьня давялося правесьці менавіта насупраць «Хлопчыка зь лебедзем», у тыя моманты нават нейкая колькасьць вершаў напісаная была), але пакруцілася вакол ваўчком: так і ёсьць. Знак цыгарэтнай забароны тут як тут. Уздоўж і ўпоперак сквэр абышла. Паўсюль цыгарэты перакрэсьленыя, як насланьнё. Ціха вылаялася і пацягнулася шукаць лаву ў незабароненым месцы. Гэта быў Купалаўскі парк. Купалаўскія месцы такія супярэчлівыя: там забараняюць, тут дазваляюць. Нават дзьве цыгарэты ў парку выкурыла. У запас. А вечарам сяброўцы Т. паскардзілася на тытунёвыя абмежаваньні. Яна ня паліць, і таму своеасабліва, вядома з клопатам пра здароўе, супакоіла:

— Хутка паўсюль забароняць! Нават на ўласных бальконах.

*

Цікава. Наўмысна цяпер ня кіну з пачуцьця супярэчлівасьці. А ўжо намервалася «завязаць», бо такая пачала здарацца рэч апошнім часам: варта закурыць, як абавязкова сустрэчны мужчына, юнак, хлопец альбо стары просяць цыгарэту. Вось днямі толькі зацягнулася:

— Пачастуйце цыгарэткай, — прысадзісты мужычок пад 60.

Я, вымаючы цыгарэту з пачка:

— Цікавая справа. У апошні час варта толькі закурыць, як тут жа страляюць у мяне цыгарэту. І чамусьці толькі мужчыны.

Ён адступае на крок. Разглядвае ўважліва:

— А можа пазнаёміцца хочуць. Бо вы цікавая дзяўчына.

Словы ягоныя абрывістыя, нібы сабачы брэх: «Можа!» «Пазнаёміцца!» «Хочуць!»

Цяжкавата вывальваюцца словы.

— Але не знаёмяцца ж. Бяруць цыгарэту і сыходзяць, — не ўсур’ёз скарджуся.

Мужычок адступае яшчэ на крок:

— «Але» «вы» «цікавая» «дзяўчынка».

Шкадуе. «Дзяўчынкай» называе.

— Што вы заладзіліся «цікавая-цікавая». Самі таксама не знаёміцца падышлі.

Ды мне і не патрэбна аніякае знаёмства, проста цікава.

— «Жадаеце» «я» «з вамі» «пазнаёмлюся»?

— Не ўжо, дзякуй!

Мужычок не хаваў спагады. На добрым твары лупілася скура, і я ўважліва разглядала асабліва моцна аблезлыя месцы. Яшчэ трохі і, падаецца, заплакаў бы. Але цыгарэту ўзяў. «Але» «цыгарэту» «ўзяў».

*

Пасьля ўзмацненьня грамадзкай жорсткасьці супраць курцоў мне сталі трапляцца фільмы, якія нібы знарок рэклямуюць цыгарэты. Ня ведаю, як на каго, а на мяне кіно мае вялікі ўплыў. Калі, прыкладам, уключаю кіно францускае «Дробязі жыцьця» 1970-га году з Ромі Шнайдэр і Мішэлем Пікалі, дзе яны палюбоўнікі і таму нібы навыперадкі паляць разам і паасобку ў пакоі, у ложку, у кавярні, у машыне, у ліфце. Мішэль Пікалі калі не паліць, дык незапаленую цыгарэту заўсёды трымае ў роце.

*

А вось элегантны герой і прыватны шпег Марлаў з капой смаляных кучараў і свавольным норавам з амэрыканскага постнуара «Доўгае разьвітаньне» 1973-га года не пасьпявае дапаліць адну (цыгарэту), як ад яе прыкурвае чарговую. Здаецца, ён ня курыць толькі калі сьпіць, а як прачнецца, адразу цягнецца за пачкам і запалкамі на прыложкавым століку. Дарэчы, што-што, а паліць нашча не хацелася ніколі. Нават млосна робіцца, калі бачу такое ў фільме. У «Журналісьце» савецкім 1968-га прыгажун і журналіст Юры Аляб’еў (Юры Васільеў), добра памятаю, як на пачатку стужкі не пасьпеў прачнуцца, і за папяросу. А мама ягоная адабрала, і я была ёй ўдзячная.

*

Мой тата курыў нашча. Дзякуючы цыгарэтам і таму, што пішу пра цыгарэты, выплыў успамін. Нядзельная раніца. Па радыё перадача «С добрым утром!» На ўсю гучнасьць працуе радыёкропка, бо тата надта любіць перадачу, а мама шумна смажыць скваркі з цыбуляй да бліноў, горкай складзеных на талерцы. Тата выпускае дым у фортку і рагоча ад удалага жарту. На ім «сямейнікі» — даўгія чорныя трусы і скураныя шлапакі з цісьненьнем. Мама з Польшчы прывозіла. Зносу ім не было. Як выглядае гэтай нядзельнай раніцай мама, не памятаю. Бо любавалася на тату. Усё ў ім падавалася дасканалым. Альбо я патаемным чынам адчувала, што ня доўга засталося глядзець на яго. Бацькі разышліся, калі мне было 9, і тата зьехаў са Смаргоні. Тата курыць, а сьняданак яшчэ гатуецца. Тата курыць нашча. Мне падабаецца, бо не куру пакуль і ня ведаю індывідуальных тонкасьцяў паленьня. Мне падабаецца пах тытуню. Таму што мне падабаецца тата.

*

У нейкім сэнсе маё паленьне — спадчына таты. Разам з татам пакурылі мы толькі аднойчы. Дзіўнае адчуваньне. Я была дарослая, ён нічога, заўвагі не зрабіў, што закурыла пры ім. Мы былі роўня ў той кароткі момант. Шкада, канешне, што не распытала тату пра ягоныя зносіны з тытунём. Ён заўсёды купляў цыгарэты бяз фільтра «Астра» ці «Прыма» і таму карыстаўся мундштуком. Янтарным, наколькі памятаю. Захоўваліся цыгарэты ў алюмініевым партсыгары. Вось і усе веды.

*

Якраз у тэму на вочы трапіў фэйсбук-запіс пісьменьніка і мастака Ўладзіміра Сцяпана пра бацьку: «Была ў бацькі дзіўная звычка. Дастане з кішэні запалкі (запальнічкі ён не любіў), прыкурыць, узмахне рукой — запалку згасіць. Зацягнецца, а потым згарэлую запалку запхае пад донца скрыначкі. Ніколі ня кідаў на зямлю. Ні ў горадзе, ні ў лесе, ні ў полі, ні вясной, ні зімой. Потым згарэлыя запалкі высыпаў у попельніцу, сьметніцу, ці ў грубку, калі справа была ў вёсцы. Тыя гарэлыя запалкі мяне раздражнялі. Чаму ён рабіў менавіта так? Тады не пацікавіўся, а цяпер і не спытаеш».

Таксама шкадуе Ўладзімір. Добра яго разумею.

*

А тут раптам выпала магчымасьць даведацца пра звычкі сталага курца.

Выходжу ўвечары з пад’езду, дзядзя Лёня-сусед паліць на лаўцы.

— Дзядзя Лёня, ці даўно вы курыце?

— Я 70 лет куру, — з гатоўнасьцю адказвае. Нібы чакаў пытаньня ўсе 70 год.

— Гэта з якога ўзросту вы пачалі курыць?

— Мне 8 лет было.

— А дзе вы бралі цыгарэты?

— Якія тагда цыгарэты былі? Адкуль? Махорка. У дваюраднага брата самасад. Брат меня і навучыў. Мы кароваў разам пасьвілі. Яму гадоў 16-17 было.

— Вы ніколі ня кідалі паліць?

— Кагда я вучыўся ў Мінске і прыехаў з сесіі, на завочным я вучыўся страіцелем, мне стала плоха і меня скорая забрала. Манцэвіч-урач у меня забраў все сігарэты. Гэта даўно было, гадоў пад 50 таму. У 68-м можа. Я пяць месяцаў не курыў. Патом меня разьнясло так, што я не мог наскі сабе надзець. Пайшоў да яго, кажу так і так. Юльянавіч паглядзеў на мяне, кажа : «І так, і так паміраць. Куры!» Я начаў курыць. Вес нармальны стаў.

— Больш вы ніколі ня кідалі?

— Не.

— А што вы курыце?
— «Магнат» сіні.

— Колькі вы за дзень выкурваеце?

— Есьлі прыходзіцца, пачку за дзень скурываю.

— А колькі вам год?

— 78.

— І вы ў 78 год выкурваеце пачак за дзень і нармальна вам?

— Якое можа быць нармальна? Кашаль такі. Аб чым тут можна гаварыць...

— А вы не спрабавалі зьменьшыць колькасьць цыгарэт у дзень?

— Як па абстаноўке.

— Па фінанасах не ўдарае?

— Ну, як не ударае? Ударае. 10 тысяч у дзень шчытай.

— Але нават гэта вас не спыняе. І як да гэтай звычкі ставяцца вашы хатнія?

— Па галоўке не гладзяць.

— І вы ўсё роўна паліце.

— А што мне рабіць? Што рабіць?! І я ж панімаю, што курэніе — наркоцік. Нар-ко-цік!

*

Дзядзя Лёня артыстычна скамячыў пачак. Шпульнуў у сьметніцу ля лавы, дзе мы сядзелі пад старой яблыняй. Ды пачак той быў пусты.

Лёня прыкладна равесьнік таты. Толькі жывы, а папа даўно памёр. А польская цёця Яня памерла нядаўна. Усё сьвядомае жыцьцё паліла цёця. Толькі калі яе мужу Збышку дактары забаранілі паліць, і яна кінула з салідарнасьці. Я, прыяжджаючы ў госьці, выходзіла з цыгарэтай на балькон. У тыя рэдкія некалькі сустрэчаў, пакуль дзядзя жыў, яна заўсёды выходзіла са мной. Бо любіла гэтую справу хаця б назіраць. Калі Збышак памёр, я наведала цёцю, і таксама па старой звычцы, пайшла вонкі з памяшканьня курыць. А яна раптам прапанавала:

— Można palić tutaj. І ja z tobą.

А ёй на той момант было 84. Пражыла да 92. І паліла да сьмерці. Памятаю, як мы бачыліся ў апошні раз, то я не пытаючыся вымала цыгарэту за сталом, дзе мы вячэралі, і цёця прыкурвала мне. Запальнічку праз стол цягнула і я да яе цягнулася. Над сталом запальвалася цыгарэта рэдкага ў маім жыцьці радзіннага яднаньня. Мы пілі нешта моцнае, і цёця, размахваючы кілішкам у адной руцэ і цыгарэцінай у другой, разважала пра палітыку:

— Tylko młodzież powinna być w rządzie!

Чамусьці я асабліва запомніла гэтае пра młodzież.

*

Карацей, паважаю і трапячу, калі сталыя дазваляюць сабе паліць, зайздрошчу нават. Я шмат не магу, дыхалка ня тая. Стрыечны брат кажа:

— Нашто ты курыш, не панімаю? Для 5-ці сыгарэтаў ў дзень я б кінуў даўно.

Сам пачак ў дзень, як і дзядзя Лёня, зьнішчае.

— Есьлі не спаць ноч на рыбалке, то можа і паўтары, — удакладняе брат.

— І ніколі не зьмяньшаў колькасьць цыгарэт?

— Не-не.

— Што ты раней курыў?

— Курыў «Север», курыў «Беламор». Курыў «Шыпку». «Прыма», «Астра». «Космас», «Арбіта». Выбара асобага не было. А бацька (старэйшы родны брат мамы Эдзя — заўвага аўт.) курыў толька «Беламор».

— Ты слабейшыя цыгарэты не спрабаваў купляць?

— Пробаваў курыць слабее, но тагда палучалась выкурываць па дзве цыгарэты зараз. А стояць адзінакава. Смысла нету.

— Цяпер ты што курыш?

— Жоўтую «Карону», самую крэпкую лет 7 куру.

— А ці паліш ты нашча?

— Інагда. Абычна стараюся паесьць, а патом толькі.

— Не шкада грошай на цыгарэты?

— Я как-та не задумываўся сколька. 300 000 у месяц... Но я ужэ так прывык, і арганізм так настроен, што 45 мінут ці 1 час праходзіт, і ўжо нада прысесьці і пакурыць.

— А калі няма магчымасьці? У электрычцы, напрыклад.

— Настраіваюся, цярплю. У грыбы неяк забыўся. І нічога. 4 часы не курыў. Но абычна, як выходжу з хаты, правяраю: целефон, цыгарэты, спічкі.

*

Першую цыгарэту прапанавалі Вове дзядзькі суседзкія. На лаве палілі, далі зацягнуцца. «Я зацягнуўся і забалдзеў» — Вове сьмешна ўспамінаць. Было яму 6 гадоў. Але гэта не рэкорд. Памятаю, як уразіў элегантны і тонкі, быццам насякомае багамол, у кіпенна белым строі, у белым жа капелюшы сьпявак з дакумэнтальнай стужкі Віма Вэндэрса «Buena Vista Social Club» пра музыкаў з Кубы. Дымячы цыгарай, распавядаў элегантны багамол менавіта пра сваё паленьне. Пагугліла на імя. Кампай Сэгунда.

Кампай Сэгунда
Кампай Сэгунда

Прыгажун якіх мала, расказваў:

— Я раскурваў сыгары для бабулі ў дзяцінстве, калі мне было ўсяго 5 гадоў.

— Сур’ёзна?

— Si! Яна мне казала: «На, запалі мне цыгару». І я з 5-ці год смаліў гэтыя цыгары. Раскурываў, пасля аддаваў бабулі, і яна паліла. Так што можна сказаць, я ўжо 85 гадоў куру!

Кампай Сэгунда рагоча, паказваючы белыя моцныя зубы, што падкрэсьліваюць бронзаваскурасьць доўгага твару пад белым капелюшам над белым каўняром сарочкі, якія таксама падкрэсьліваюць. У доўгіх пальцах сыгара. А пальцы, як у Эмануіла Вітаргана, і я гэта не з пустога кажу. Бачыла днямі на ўласныя вочы ў Менску, на Маркса ён паліў. Высокі, хударлявы. Целасклад адзін у адзін, як у кубінца. У белым таксама, але ня строі. Толькі жакет белы. А джынсы звычайныя. Вецер рваў прастору ва ўсе бакі, усё вакол падавалася нерэальным, калі я ўбачыла нерэальна стылёвы жакет на мужчыне. Падкрадаюся сфатаграфаваць жакет. Іншаземец думаю. Немалады стыляга, і паліць прыгожай рукой. А як наблізілася, то разгледзела, што ніякі не замежнік.

— Вы ж Эмануіл Вітарган?

— Так, — спакойна адказвае голасам аксаміцістым, які ні з чыім не зблытаеш.

— А я, прызнацца, спачатку заўважыла жакет, — ад нечаканасьці, што насупраць знакаміты артыст, разгубілася, і ляпаю першае, што прыйшло ў галаву. Сьмяецца Эмануіл.

— Мне ніхто не паверыць, калі не сфатаграфую вас! — калі ня згодзіцца, во будзе сорам.

Лёгка ўсьміхаючыся, дазваляе сфатаграфаваць сябе.

Эмануіл Вітарган. Фота аўтаркі
Эмануіл Вітарган. Фота аўтаркі



Я спрабую апраўдвацца за настырнасьць:

— Наогул стараюся так не рабіць. Не нахабнічаць з фатаграфаваньнем незнаёмых.

— Усякае бывае, ніхто не дасканалы, — адказвае добразычліва артыст. Яму не прывыкаць.

— А вы самі адкуль? — пытаецца нечакана.

Выгляд маю паходны: заплечнік, панамка. Напэўна вырашыў, што вандроўнік. А я не вандроўнік, сама ня ведаю хто. І адказваю яму адпаведна ўнутранаму стану:

— Неістотна хто я і адкуль, галоўнае, што бачу вас перад сабой!

— Дзякуй! Дзякуй вам!

Лагодны тон суразмоўцы натхняе. Задаю пытаньне, якое даўно спакою не дае:

— Скажыце, чаму ўсе так любяць вас?

Паціскае плячыма. Удакладняю:

— Ну, не менавіта вас, а ўсе так любяць артыстаў, чаму?

— Ня ведаю, — усьміхаецца.

— Бо вы ж мне нічога добрага не зрабілі.

— Нічога...

Зноў сьмяецца.

— А вы са спэктаклем тут ці здымкі?

— Не, да сяброў прыехаў на пару дзён.

І навошта пытаюся, якая мне справа? Трэба сыходзіць.

— Жадаю вам прыемнага адпачынку!

— Дзякуй! Дзякуй вам! — зь пяшчотай незаслужанай мною і шчырай незаслужанай удзячнасьцю адказаў Эмануіл Вітарган, і пайшла я, у шчасьлівым ўзбуджэньні запальваючы цыгарэту.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG