Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто скраў лесьвіцу на нябёсы


Ня ведаю, ці хто-небудзь насамрэч разабраўся, пра што сьпявае Робэрт Плант у песьні «Stairway to Heaven». Кожная асобная страфа як быццам зразумелая, але ўсе яны разам ня складваюцца ў нейкі ўцямны наратыў, прабачце мне гэты выраз. Тым ня менш, паасобныя радкі песьні, словы для якой напісаў вакаліст «Led Zeppelin», робяць моцнае ўражаньне, калі іх вырваць з кантэксту. Ну, напрыклад, гэтыя пад самы канец:

And if you listen very hard
The tune will come to you at last.
When all are one and one is all
To be a rock and not to roll.

Як шматкроць паўтарае вакаліст «Led Zeppelin» у гэтым ці не найбольш славутым і магутным гімне рок-музыкі, it really makes me wonder, пра што гэтая песьня!

Джымі Пэйдж (гітара), Робэрт Плант (сьпеў), Джон Пол Джонс (бас-гітара, клявішныя) і Джон Бонэм (бубны) пачалі запіс «Stairway to Heaven» пад канец 1970 году і скончылі ў 1971. Паводле вэрсіі, якую да апошняга часу згодна падтрымлівалі ўсе ўдзельнікі гурту, ідэя песьні ды першы накід музыкі і словаў прыйшлі ў галовы Пэйджа і Планта ў 1970 годзе на адным валійскім хутары, дзе яны адпачывалі пасьля чарговага турнэ па ЗША. Песьня зьявілася на іхным чацьвёртым альбоме, неназваным, як і тры папярэднія, і таму вядомым пад тэхнічнай назвай «Led Zeppelin IV». Альбом пачаў прадавацца восеньню 1971.

Пра тое, што сам пачатак песьні «Stairway to Heaven» нагадвае інструмэнтальную кампазыцыю «Taurus» амэрыканскага гурту «Spirit» з 1968 году, гаварылася даўно. Але ніхто не надаваў гэтаму сур’ёзнай увагі, тым больш што і на трох папярэдніх альбомах «Led Zeppelin» можна знайсьці шмат «запазычаньняў» зь не сваіх песьняў ці нават «перайначаных» кавэраў. Але вось на мінулым тыдні справа ўзяла вельмі сур’ёзны паварот, то бок яна апынулася ў судзе. У Лос-Анджэлесе Пэйдж, Плант і Джонс выступаюць як абвінавачаныя ў парушэньні аўтарскіх правоў Рэнды Вольфа (гітарыста гурту «Spirit», які напісаў кампазыцыю «Taurus»). Сам Рэнды Вольф памёр у 1997, і справу распачалі яго спадкаемцы, сярод якіх і ягоны сын.

Прысуд у гэтай справе можа аказацца прэцэдэнтным. Праблема тут ня столькі ў тым, ці абвінаваўцам удасца даказаць, што Пэйдж і Плант чулі кампазыцыю «Taurus» перад стварэньнем «Stairway to Heaven» (абвінаваўцы нібыта маюць такога сьведка), колькі ў вызначэньні памеру музычнага падабенства ці супадзеньня, які можна лічыць плягіятам. Ці тыя пяць-шэсьць нотаў, якія супадаюць у «Stairway to Heaven» і «Taurus», можна палічыць выпадковасьцю ці сьвядомай цытатай, аўтарства якой музыкі «Led Zeppelin» потым наўмысна замаўчалі? That is the question!

У якасьці аўдыё- і відэаілюстрацыі гэтага выданьня «Музыкалкі» мы прыкладаем адмысловае параўнаньне падабенства «Taurus» і «Stairway to Heaven»; славутае выкананьне песьні гуртам «Led Zeppelin» у Madison Square Garden у Нью-Ёрку ў 1973 годзе; і неверагодна энэргетычны кавэр гэтай песьні сёстрамі Эн і Нэнсі Ўілсан (з удзелам бубнача Джэйсана Бонэма, сына Джона Бонэма) у Kennedy Center у Вашынгтоне ў 2012 годзе.

Што тычыцца маёй асабістай думкі наконт таго, ці варта дурыць сабе галаву абвінавачаньнямі «Led Zeppelin» у плягіяце, дык я прытрымліваюся меркаваньня, якое некалі выказаў біёграф гурту Мік Уол у сваёй кніжцы «When Giants Walked the Earth». Уол напісаў, што Джымі Пэйдж, паўтарыўшы ў пачатку"Stairway to Heaven" некалькі нотаў з кампазыцыі «Taurus», зрабіў усяго так, як зрабілі б будаўнікі катэдры, якія разабралі будан у садзе, каб выкарыстаць частку матэрыялу пры будове храму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG