Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія філёзафы далі справаздачу за 15 год: «Код прысутнасьці»


У другі «зрэз» беларускай філязофскай думкі ўвайшлі тэксты двух дзясяткаў аўтараў у розных жанрах і стылях. У адрозьненьне ад першага «зрэзу», стала меней маніфэстаў і больш спрэчак.

У Менску прайшла прэзэнтацыя анталёгіі беларускай філязофскай думкі «Код прысутнасьці» за 2000-2015 гады.

Кніга выйшла абмежаваным накладам і ўжо зьявілася ў продажы. На прэзэнтацыі гасьцям ня толькі прадставілі ўкладальнікаў, аўтараў і ідэю, а нават прапанавалі гульню: па кароткім урыўку філязофскага тэксту адгадаць аўтара. Не атрымалася толькі з адным урыўкам зь дзясятка.

Кніга адукацыйных праектаў «Беларускі калегіюм» і «Лятучы ўнівэрсытэт» сабрала разважаньні 23 беларускіх аўтараў: Алеся Разанава, Альмара Ўсманава, Аляксандра Грыцанава, Андрэя Казакевіча, Валянціна Акудовіча, Віталя Сіліцкага, Вольгі Шпарагі, Ігара Бабкова, Ірыны Дубянецкай, Максіма Жбанкова, Мікалая Кацука, Мікалая Сямёнава, Міхаіла Баярына, Міхала Анемпадыстава, Паўла Баркоўскага, Пётры Рудкоўскага, Сяргея Дубаўца, Сяргея Санько, Тацяны Шчытцовай, Уладзімера Мацкевіча, Уладзімера Абушэнкі, Уладзімера Лобача і Ўладзімера Фурса.

Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў

«Гэта анталёгія, і як кожная анталёгія гэта пэўнае падсумаваньне канкрэтнага пэрыяду, — сказаў Максім Жбанкоў, які выступіў у ролі вядоўцы. — Калі хочаце, гэта справаздача нашых супольных і паасобных інтэлектуальных высілкаў. Зрабіць такую анталёгію было мэтай нахабнай, сьмелай і адначасова абсалютна неабходнай рэччу. Бо нашто існуюць нашыя працы, высілкі, калі яны ня маюць пэрспэктывы адбіцца прынамсі ў такой складанцы, якая пазначае асноўныя пэрыяды, падзеі інтэлектуальнага жыцьця?»

«Код прысутнасьці» ўтварыў у пэўным сэнсе сэрыю кніг: у 2003 годзе выйшла «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» пад рэдакцыяй Анціпенкі і Акудовіча. І на прэзэнтацыі анталёгіі за 2000-2015 гады ня раз гучала дапушчэньне таго, што сэрыя атрымае працяг — што другая кніга гэта ня «кропка», а «коска ці кропка з коскай». Пра першую ж кнігу кіраўніца «Лятучага ўнівэрсытэту» і «прадусарка» другой кнігі Тацяна Валадажская згадвала як свой штуршок да беларускага мысьленьня. Другую назвала крокам да будаваньня беларускай інтэлектуальнай традыцыі:

Тацяна Валадажская
Тацяна Валадажская

«Мне падаецца, што ўся беларуская культура, і асабліва інтэлектуальная традыцыя, цяпер выглядае як нейкі шэраг гераічных праяваў. Хоп! — адна гераічная праява, потым цішыня, потым другая. І чаго нам не стае — гэта пераемнасьці, адчуваньня мо ня самай гераічнай, але працы. Я думаю, мысьленьне існуе ў розных рэжымах: ёсьць маніфэсты, прарывы, а ёсьць час і месца для разгортваньня мысьленьня, для крытыкі, дыскусіяў...»

У другой анталёгіі, кажа Тацяна Валадажская, адлюстраваны якраз меней гераічны пэрыяд. У гэтага пэрыяду яна адзначыла тры адметнасьці: палемічнасьць альбо дыскусійнасьць, ператварэньне Беларусі ў кропку адліку для значна больш шырокага кола мысьляроў і стварэньне беларускім мысьленьнем свайго сусьвету. Жбанкоў жа адзначыў, што калі для папярэдняй кнігі пытаньне было «Ці ёсьць мы?», то для другой — пытаньні пра коды прамаўленьня, стратэгіі мысьленьня і канфлікты паміж імі, канцэптуальныя і ідэалягічныя разыходы. То бок пра тое, што «пазначае нармальную сытуацыю інтэлектуальнага працэсу».

Павал Баркоўскі
Павал Баркоўскі

Яшчэ адзін сябра рэдакцыйнай рады і аўтар пасьляслоўя Павал Баркоўскі згадвае, што ў першай кнізе даводзілася штучна прыцягваць аўтараў да канцэпцыі кнігі, перакладаць тэксты, спрачацца, якой мусіць быць беларуская філязофія (і на якой мове) і ці наогул бывае беларускае мысьленьне. «У гэтай анталёгіі такіх спрэчак не было, — працягвае ён. — І большасьць тэкстаў, якія тут ёсьць, гэта ня толькі тэксты беларускіх аўтараў, а і тэксты, пісаныя ў кантэксьце эпохі і сытуацыі».

Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч

Кіраўнік аддзяленьня філязофіі і літаратуры «Беларускага калегіюму» Валянцін Акудовіч жа адзначыў, што за апошнія 15 год не зьяўлялася «новага героя» ў беларускай філязофіі, а тыя, хто мог прэтэндаваць на гэта, хутка перасталі пісаць. Ён завярае: новых філёзафаў укладальнікі вывучалі пільна, нястомна спрачаліся. Гэта пацьвердзіў і Ігар Бабкоў: рэдакцыйная рада дыскутавала тры месяцы, не пагадзіліся з прапанаванымі ім тыпалёгіяй і перадгісторыяй, ідэяй абавязкова ўвесьці маладое пакаленьне літаратараў, назвай («Простыя рэчы»), вокладкай (баяўся паказваць пальцам на варыянт, які здаўся найлепшым, бо прадчуваў, што і яго ня прымуць), нават датай прэзэнтацыі, якая наклалася на імпрэзу, прысьвечаную ўкраінскай літаратуры, у якой Бабкоў таксама браў удзел.

Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў

«Гэта не канон, гэта аніякі не „супэрбэст“, гэта нашая супольная, кампрамісная вэрсія інтэлектуальнага працэсу апошніх 15 гадоў, — зазначыў Жбанкоў, прыгразіўшы распавесьці і пра свае „траўмы“ ад укладаньня кнігі. — Супольная праца — гэта вайна, канфлікты, кампрамісы, непазьбежныя страты і сярэднестатыстычны вынік. У нармальнай сытуацыі на адну такую анталёгію мы б мелі дзесяць альтэрнатываў. У нашай маем толькі тое, што маем. І ў нашай пустэчы недаадфарматаванасьці сьвядомасьці ці падсьвядомасьці тое, што гэта ёсьць, гэта нармальны штуршок, каб зрабіць інакш, каб не пагаджацца, каб разважаць, каб мысьліць. Бо мысьленьне ёсьць нязгодай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG