Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарнобыльскі шлях». Нязьменны фармат


Ці мог сёлетні «Чарнобыльскі шлях» быць больш шматлюдны? Навошта было абіраць Сьвятлану Алексіевіч на ганаровага старшыню «Чарнобыльскага шляху», калі было вядома, што яе ў гэты дзень ня будзе ў Беларусі? Чаму ні ўлады, ні апазыцыя не паспрабавалі зьмяніць традыцыйны фармат?

Дракахруст: 26 красавіка ў Менску прайшоў традыцыйны «Чарнобыльскі шлях». Людзі прайшлі шэсьцем па горадзе ад кінатэатру «Кастрычнік» да парку Дружбы народаў. Свабода вяла онлайн-трансьляцыю з акцыі. На плошчы Бангалор удзельнікі меркаванага мітынгу адмовіліся праходзіць праз мэталашукальнікі і, правёўшы замест мітынгу хвіліну маўчаньня, разышліся.


Паводле ацэнак журналістаў, у акцыі ўзялі ўдзел ад 700 да 1000 чалавек — прыкладна столькі ж, колькі ў шэсьці на Дзень Волі.

Існавала шмат чыньнікаў, якія маглі б зрабіць шэсьце больш шматлюдным. Сумную дату прыгадвалі напярэдадні 26 красавіка ўсе дзяржаўныя мэдыі — гэта ня той выпадак, калі людзі ня ведалі пра нагоду. Кругласьць даты — таксама дадатковая нагода выказаць сваё стаўленьне. Акцыя была дазволеная. Так, мог быць агульны страх, меркаваньне, што лепш не высоўвацца, але не было страху, што некага пакараюць за сам факт удзелу менавіта ў гэтым шэсьці.

Дзясяткі, сотні тысяч людзей у Беларусі пацярпелі ад Чарнобыля, страцілі здароўе, былі вымушаныя зьмяніць месца жыхарства, сутыкнуліся з крыўдамі з боку ўладаў. Нарэшце, ганаровым старшынёй аргкамітэту шэсьця стала ці ня самая знакамітая беларуска ў сьвеце — нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Усё гэта магло б прывесьці ў калёну шэсьця многіх. Але насамрэч прыйшло прыкладна столькі ж, колькі на Взень волі, прыкладна столькі ж, колькі прыходзілі на іншыя, больш пратэстныя, з большай палітычнай подбіўкай акцыі гэтай зімы і вясны.

Можна вылучыць гіпотэзу, што ўсе памянёныя фактары наагул мала ўплывалі — у большасьці прыйшлі тыя, хто прыходзіў і на іншыя акцыі падобнага характару, якія адбываліся ў апошнія месяцы. Што, у сваю чаргу, характарызуе стан грамадзкіх настрояў. Вывучаючы грамадзкую думку падчас крызісу 2009 году, дасьледчыкі высьветлілі, што ён дзіўным чынам не падвышаў, а зьніжаў пратэстныя настроі, паглыбляў атамізацыю грамадзтва, умацоўваў прынцып — кожны выжывае ў адзіночку.

Мы з вамі памятаем, калегі, шматтысячныя «Чарнобыльскія шляхі» канца 80-х — пачатку 90-х. Што тады рухала грамадзтвам, чаго няма цяпер? Як яно ўзьнікае і як сыходзіць?

Глод: Самае прыкрае, што беларусы фактычна забыліся пра наступствы Чарнобылю. А як яшчэ можна ацаніць такі невялічкі ўдзел людзей у «Чарнобыльскім шляху»?! Зразумела, што псыхіка чалавека збудаваная так, што ён ня можа ўвесь час памятаць пра трагедыю. Так, час ад часу нехта з блізкіх ці знаёмых памірае ад анкалёгіі, і тады ўспамінаюць чарнобыльскую навалу. Але ж празь некалькі дзён і гэта забываецца.

Пра тое, што ляўрэатка Нобэля будзе 26 красавіка ў Паўднёвай Амэрыцы, ведалі загадзя

Таму, каб заклікаць шмат людзей на шлях, апазыцыі трэба было шукаць нейкі моцны, надзвычайны ход. І, здавалася б, яго знайшлі. Было абвешчана, што ганаровым старшынёй «Чарнобыльскага шляху» стане нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. Я памятаю, зь якім уздымам было ўспрынятае гэта паведамленьне ў Палацы Рэспублікі, дзе праходзіла прэзэнтацыя кнігі «Алексіевіч на Свабодзе». Сапраўды, гэта захапляла. Уяўлялася, як ідуць удзельнікі шэсьця, паперадзе якіх нобэлеўская ляўрэатка. Якія цудоўныя сюжэты для тэле- і відэарэпартажаў.

Аднак Сьвятланы Алексіевіч на шэсьці не было. Яна ў гэты час знаходзілася ў Калюмбіі. Пра тое, што ляўрэатка Нобэля будзе 26 красавіка ў Паўднёвай Амэрыцы, ведалі загадзя. Таму, як я разумею, і не было раскруткі яе ўдзелу ў «Чарнобыльскім шляху».

Тут і ўзьнікае пытаньне да арганізатараў шэсьця: калі вы ведалі, што Алексіевіч 26 красавіка ня будзе ў Беларусі, навошта было абіраць яе ганаровым старшынёй «Чарнобыльскага шляху»? Навошта было абнадзейваць, а затым так моцна расчароўваць людзей? А можа, як мне падаецца, гэтая гісторыя цалкам адпавядае тактыцы дзеяньняў апазыцыі апошнім часам — спачатку зацікавіць людзей, а пасьля як будзе, так і будзе.

Учорашні «Чарнобыльскі шлях» пацьвердзіў — калі ўсур’ёз не займацца справай, калі адкладаць галоўныя пытаньні на апошнія дні, то нельга чакаць, што насельніцтва адгукнецца на звароты да яго. Нават калі гэта праблема такая балючая, як Чарнобыль.

Карбалевіч: Сёлетняя гадавіна — юбілейная. Прайшло 30 гадоў з дня чарнобыльскай катастрофы. І гэта адзначае ўвесь сьвет. Я глядзеў учора па расейскіх тэлеканалах — з гэтай нагоды мітынг быў нават ва Ўладзівастоку. Там ліквідатары аварыі ўзгадвалі гэтую дату.

Усё традыцыйна. І колькасьць удзельнікаў, і фармат, і афармленьне

А ў Беларусі ўсё традыцыйна. Лукашэнка паехаў па чарнобыльскіх раёнах, апазыцыя зладзіла «Чарнобыльскі шлях». Ніякага больш маштабнага адзначэньня з нагоды круглай гадавіны. А Беларусь жа — галоўная пацярпелая краіна. Менавіта тут павінен быў быць цэнтар усіх міжнародных імпрэзаў. Было б лягічна, каб улады правялі нейкія маштабныя мерапрыемствы. Магчыма, нават саміт з удзелам зацікаўленых дзяржаў. Калі ўжо не кіраўнікоў дзяржаў запрасіць, то хоць бы міністраў па экалёгіі. Ці зладзіць маштабную навуковую канфэрэнцыю з удзелам вядомых у сьвеце людзей, з удзелам Лукашэнкі. Але нічога падобнага не адбылося.

Гэта ж тычыцца і «Чарнобыльскага шляху». Усё традыцыйна. І колькасьць удзельнікаў, і фармат, і афармленьне. Ніякага ўражаньня, што сёлета круглая дата.

Улады таксама дзейнічалі традыцыйна. На месцы плянаванага мітынгу зрабілі агароджу, турнікет, хацелі ладзіць зьневажальную працэдуру праверкі ўсіх удзельнікаў. Ну, добра, што хоць нікога не затрымалі. Зрэшты, можа, пазьней кагосьці будуць судзіць за нейкія парушэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG