Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўка Яцанюка — завяршэньне ці працяг палітычнага крызісу?


Якія прычыны мае і якія наступствы будзе мець адстаўка прэм’ера Ўкраіны Арсенія Яцанюка? Чым падобны і чым адрозны яго сыход ад адстаўкі «аранжавага» ўраду Юліі Цімашэнкі ў 2005 годзе?

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: На паверхні прычына — тое, што Арсені Яцанюк стаў «кульгавай качкай». У лютым Вярхоўная рада дала незадавальняючую ацэнку працы ўраду на чале зь Яцанюком. Літаральна некалькі галасоў не хапіла, каб выказаць ураду недавер і адправіць яго ў адстаўку. Пасьля таго галасаваньня ўрадавая кааліцыя развалілася, зь яе выйшлі фракцыі Юліі Цімашэнкі і «Самапомачы». Таксама варта прыгадаць, што напярэдадні галасаваньня прэзыдэнт Пятро Парашэнка вельмі нядвухсэнсоўна прапанаваў Яцанюку сысьці ў адстаўку, нагадаўшы, што прынамсі 70% украінцаў адмоўна ацэньваюць працу ўраду.

Іншымі словамі, урадавы крызіс быў абумоўлены і канфліктам паміж кіроўнымі сіламі Ўкраіны, паміж прэзыдэнтам і ўрадам.

Фармальна правал галасаваньня пра адстаўку ў лютым даваў Яцанюку імунітэт, другі раз паводле закону пытаньне пра адстаўку можна было паставіць толькі на наступнай сэсіі Рады, увосень. Але зьмястоўна палітычны рэсурс дзейнага прэм’ера быў вычарпаны.

Яшчэ адной перашкодай на шляху да яго адстаўкі ў лютым была адсутнасьць альтэрнатывы. Але неўзабаве яна зьявілася ў асобе сьпікера парлямэнту Ўладзімера Гройсмана, чыя кандыдатура была вылучаная фракцыяй прэзыдэнта.

Варта сказаць, што траекторыя цяперашняга палітычнага працэсу ва Ўкраіне нагадвае лёс многіх пострэвалюцыйных урадаў — дастаткова прыгадаць адстаўку ўраду Юліі Цімашэнкі, які пасьля «аранжавай рэвалюцыі» пратрымаўся 9 месяцаў. У гэтым сэнсе ўрад Яцанюка прытрымаўся яшчэ доўга — 2 гады. Людзі, якія прыйшлі пасьля рэвалюцыі, часта спальваюць сваю папулярнасьць, рэвалюцыя спараджае надзеі, якія мала хто можа спраўдзіць.

Не Яцанюк вайну пачаў, але ён, як адзін зь лідэраў «рэвалюцыі годнасьці», асоба, якая была ва ўладзе з першых дзён пасьля перамогі рэвалюцыі, з гэтымі нягодамі асацыюецца

Часам такія ўрады закладаюць падмурак рэформаў. Ці здолеў зрабіць гэта ўрад Яцанюка — пакажа час. Фармальна эканамічныя вынікі Ўкраіны несуцяшальныя, трохкратнае падзеньне курсу грыўні, падзеньне жыцьцёвага ўзроўню, падзеньне экспарту, рост злачыннасьці. Ну і вайна, страта тэрыторыяў. Не Яцанюк вайну пачаў, але ён, як адзін зь лідэраў «рэвалюцыі годнасьці», асоба, якая была ва ўладзе з першых дзён пасьля перамогі рэвалюцыі, з гэтымі нягодамі асацыюецца.

На плячах новага прэм’ера ня будзе такога цяжару. Аднак і аўтарытэту Яцанюка ў яго ня будзе. Шмат хто ва Ўкраіне кажа, што Гройсман — нашмат менш самастойная палітычная постаць, чым Яцанюк, што прэм’ерам фактычна робіцца прэзыдэнт Пятро Парашэнка. У гэтым ёсьць перавагі — магчыма, будзе менш спрэчак паміж прэзыдэнтурай і кабмінам, але цяпер адказнасьць за бягучы стан эканомікі ляжа наўпрост на прэзыдэнта.

Рэформы — рэч цудоўная, але калі яны доўга суправаджаюцца зьбядненьнем насельніцтва, то наступствы могуць быць вельмі сумныя

Украінскія ўлады часта папракаюць у недастатковым тэмпе рэформаў, у вялікай карупцыі, якую ўлады няздольныя перамагчы. Але мне асабіста падаецца, што зараз Украіне не зашкодзіла б крыху нямоднай стабільнасьці. Зразумела, дэмакратычнай. Але каб урад меў устойлівыя палітычныя пазыцыі, каб эканоміка ня падала. Рэформы — рэч цудоўная, але калі яны доўга суправаджаюцца зьбядненьнем насельніцтва, то наступствы могуць быць вельмі сумныя. Калі прыгадаць украінскі досьвед пасьля «аранжавай рэвалюцыі», то адстаўка Цімашэнкі прывяла да калейдаскопу слабых урадаў, да ненатуральных альянсаў пераможцаў рэвалюцыі з пераможанымі, а нарэшце — да рэваншу сілаў, здавалася, ушчэнт разгромленых «аранжавай» рэвалюцыяй.

Карбалевіч: Пытаньне пра адстаўку ўраду Яцэнюка стаіць на палітычным парадку дня Ўкраіны ужо 2-3 месяцы. На тле эканамічнага крызысу, вялікага незадавальненьня насельніцтва ўладай трэба было нечым ахвяраваць. Самым лягічным кандыдатам на ролю «ахвярнага казла» быў непапулярны прэм’ер.

Таму «ход Яцэнюком» — гэта сыгнал Захаду, маўляў, мы пачулі незадавальненьне заходняга грамадзтва і прымаем меры

Думаю, апошняй кропкай гэтага рашэньня стаў рэфэрэндум у Нідэрляндах. Акрамя ўсіх іншых чыньнікаў, якія паўплывалі на рашэньне нідэрляндзкіх грамадзян, быў і такі аргумэнт: украінская ўлада не праводзіць рэформаў, не змагаецца з карупцыяй, а толькі патрабуе ад Захаду новых грошай. А тут яшчэ афшорны скандал Парашэнкі.

Таму «ход Яцэнюком» — гэта сыгнал Захаду, маўляў, мы пачулі незадавальненьне заходняга грамадзтва і прымаем меры. Вось ствараецца новы ўрад, які будзе праводзіць новую, больш рашучую палітыку, таму трэба працягваць палітыку інтэграцыі Ўкраіны ў Эўропу.

Цыганкоў: Мне спадабаліся словы самога Яцанюка, якімі ён тлумачыў сваё рашэньне: «Маё рашэньне прадыктаванае некалькімі прычынамі: палітычны крызыс ў дзяржаве, разьвязаны штучна, жаданьне зьмяніць адзін твар асьляпіла палітыкаў і паралізавала іх волю да рэальных пераменаў у краіне. Працэс зьмены ўраду ператварыўся ў бяздумны бег на месцы».

Натуральна, што чалавек, які сыходзіць у адстаўку, можа сабе дазволіць такія рэзкія выказваньні. Я б пагадзіўся з такой ацэнкай, бо сапраўды

Наколькі беларусы прыхільныя да стабільнасьці, настолькі ўкраінцы, на нашае разуменьне, занадта прыхільныя да хаосу

апошнія месяцы ва украінскай палітыцы няма больш актуальнага і гарачага пытаньня, чым як зьмяніць кіраўніка ўраду Яцанюка. Тут тое, што называецца ўкраінскай палітычнай традыцыяй. Колькі гадоў мы назіраем за дэмакратычнай палітыкай ва Ўкраіне, для беларусаў гэта ўвогуле іншы сьвет. Наколькі беларусы прыхільныя да стабільнасьці, настолькі ўкраінцы, на нашае разуменьне, занадта прыхільныя да хаосу.

Як толькі яны выбіраюць прэзыдэнта ці прэм’ер-міністра, адразу, мне здаецца, пачынаецца рэзкае падзеньне іх рэйтынгаў, прычым незалежна ад таго, што яны робяць. І хтосьці з украінскіх кіраўнікоў вымушаны ісьці ў адстаўку. Звычайна можна прагназаваць, што палітыкі не пратрымліваюцца больш за год на сваім месцы.

Магчымае прызначэньне Ўладзімера Гройсмана, паплечніка прэзыдэнта Парашэнкі, будзе азначаць, што раўнавага — ці гэта прэзыдэнцка-парлямэнцкая рэспубліка, ці наадварот (якая ўвесь час хістаецца) — чарговы раз зьменіцца на карысьць прэзыдэнцкай улады. Да чаго гэта прывядзе і ці дапаможа гэта больш стабільнаму разьвіцьцю эканомікі, можна будзе пабачыць праз пэўны час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG