Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няскораны Марыніч» — кніга пра былога міністра і палітвязьня


У менскім бізнэс-цэнтры Imaguru (вул. Фабрыцыюса, 4) сёньня пройдзе прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Тамковіча «Няскораны Марыніч. Гісторыя ў фота».

Гэта 17-я кніга Тамковіча пра дзеячоў беларускай палітыкі, культуры і грамадзтва.

Кнігу меркавалі апублікаваць да 75-годзьдзя Міхаіла Марыніча. Але ён не дажыў да гэтай даты. 75 гадоў Марынічу споўнілася б 13 студзеня 2015 году. Да юбілею ён не дажыў 3 месяцы — памёр 17 кастрычніка 2014-га.

«Працаваць над кнігай я пачаў крыху менш, чым год таму. У той час спадар Міхаіл быў вельмі хворы пасьля другога інсульту, амаль не размаўляў, таму хацелася нешта добрае для яго зрабіць. Увесь жнівень я езьдзіў да Марыніча на лецішча. Першапачаткова кніжка задумвалася як размовы з Марынічам. Натуральна, іх было вельмі шмат. Але я вырашыў зрабіць такі фармат: 5 размоваў з Марынічам. Амаль усё было гатова, я нават дамаўляўся зь ім, каб паказаць рукапіс, але не пасьпеў...

А чаму я вырашыў напісаць пра яго не эсэ, ня нарыс, а кнігу? Па-першае, мне шмат хто казаў, што гэта быў незвычайны чалавек, вельмі сумленны, шчыры, прыстойны. Ну, і па-другое, падштурхнула ягоная хвароба, зь якой ён мужна змагаўся да апошняга. Я сам прайшоў такі ж іспыт, таму я, як ніхто іншы, разумею і спачуваю. На жаль, трэба сьпяшацца ў жыцьці» — распавёў Аляксандар Тамковіч Свабодзе.

У кнізе больш за 120 фатаздымкаў.

"Яшчэ адна прычына, чаму я раблю такія біяграфічныя кніжкі, — у сёньняшняй гістарыяграфіі існуе страшэнная цэнзура, і я вельмі баюся, што пройдзе 15–20 гадоў, людзі ўжо ня будуць памятаць, што і як там было, хто змагаўся і на чыім баку. Каб не распаўсюджваліся міты, створаныя прапагандай, я выбраў дакумэнтальны жанр", — патлумачыў Тамковіч.

Міхаіл Марыніч працаваў старшынём Менскага гарвыканкаму, паслом Беларусі ў Чэхіі, Славаччыне і Вугоршчыне, міністрам зьнешніх эканамічных сувязяў, амбасадарам у Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня. Марыніч прэтэндаваў на ўдзел у выбарах прэзыдэнта Беларусі 2001 году, зарэгістраваў ініцыятыўную групу, аднак ня змог сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. У 2004 годзе Марыніч быў арыштаваны КДБ, а пазьней асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі за нібыта крадзеж аргтэхнікі ў амбасады ЗША. У 2006 годзе міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Марыніча вязьнем сумленьня. У кастрычніку 2010 году Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што ў дачыненьні да Міхаіла Марыніча ўжываліся катаваньні, а крымінальная справа ў дачыненьні да яго была палітычнай расправай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG