Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пры Ўпраўленьні справамі Прэзыдэнта вырабляюць вышыванкі ФОТА


Невялікі дамок, што месьціцца ў Менску па адрасе Кісялёва, 40, зьнешне больш падобны да тыповай музычнай школы, ніколі не здагадаесься, якое багацьце схаванае ўнутры. А гэта навукова-вытворчае прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца» — сапраўдны запаведнік беларускіх артэфактаў, дзе іх вывучаюць, зьбіраюць, вырабляюць і не даюць назаўжды зьнікнуць.
На ганку нас сустракае вядучы спэцыяліст аддзелу маркетынгу Тамара. Яна распавядае, што «Скарбніца» сёлета сьвяткуе 40-годзьдзе. Увесь гэты час майстры ня толькі вырабляюць беларускія сувэніры на продаж. Яны вывучаюць беларускія рамёствы і маюць велізарную калекцыю з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Кожны год дэсант майстрых са «Скарбніцы» высаджваецца ў новым куточку краіны, зьбірае ідэі і пераймае тэхнікі рукадзельля, якімі карыстаюцца мясцовыя жыхаркі. З экспэдыцый у Менск прыяждждаюць узоры строяў, пано, збанкоў, куфраў ды іншых скарбаў — часам іх набываюць, але яшчэ часьцей жыхары самыя дораць іх галерэі «Скарбніцы». Пасьля знаходкі захоўваюцца на прадпрыемстве і робяцца крыніцай натхненьня для тутэйшых майстрых.

Вышыванкі ды іншыя вырабы прадпрыемства «Скарбніца» можна набыць у крамах краіны, праўда, кошты кусачыя. Строі, пано, сталовая бялізна каштуюць ад аднаго да некалькіх мільёнаў рублёў — з «вышымайкамі» не параўнаць.

Затое, калі ты вядомы замежны госьць, сьпявак ці палітык, табе можа пашанцаваць атрымаць беларускія скарбы ў падарунак. Ня так даўно вырабы «Скарбніцы» зьявіліся ў прыватных калекцыях Ангелы Мэркель і Франсуа Алянда. Гэта і ня дзіўна, бо прадпрыемства падпарадкоўваецца Упраўленьню справамі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таму забясьпечвае народнай вопраткай, нацыянальнымі сувэнірамі і падарункамі ўсе найбольш важныя дзяржаўныя мерапрыемствы і сустрэчы ў Беларусі ды за мяжою.

Два дызайны мужчынскай кашулі былі распрацаваныя адмыслова для Аляксандра Рыбака — пра гэта майстрыхам прадпрыемства распавядаем мы, а яны радуюцца, бо пра гэты факт ужо і забыліся.

На прадпрыемстве 4 цэхі, хоць іх больш хочацца называць майстэрнямі: паўсюль толькі ручная ледзь не ювэлірная праца.

Наша экскурсія пачынаецца з пакоя ткачых. Майстэрня застаўлена «бабулінымі кроснамі» розных кшталтаў і памераў.

Зразумела, што ткаць на кроснах у беларускіх адукацыйных установах ня вучаць. Дзяўчаты ў ткацтва трапляюць рознымі шляхамі: у асноўным, вядома, зь лёгкай прамысловасьці, але ткачыхі абяцаюць, што могуць навучыць ручному ткацтву каго заўгодна, калі толькі ён хоча працаваць:

«А як раней у вёсках было. Адно ў аднаго вучыліся і ткалі. Ды такія малюнкі ткалі!»

Што праўда, праца ня простая: толькі на запраўку станка сыходзіць цэлы дзень. Пасьля ткачыха павінна запомніць усе узоры, якія зьбіраецца ткаць — праца як у праграміста, але кампутар не дапаможа, спадзявацца можна толькі на ўласную галаву ды рукі, у якіх таксама мусіць быць добрая памяць.

Узнагарода ў тым, што выткаць можна літаральна што заўгодна: і паясы, і посьцілкі, і бялізну, і проста тканіну для вопраткі. Калі ня ведаць, то нават і не паверыш, што ўсё гэта вырабляецца на адным і тым жа прымітыўным станку.

Акрамя ткацкай майстэрні дзейнічаюць яшчэ тры: там вопратку распрацоўваюць, шыюць і вышываюць.

Сталыя замоўцы: народныя музычныя калектывы, крамы, якія хочуць адмысловае адзеньне «з нацыянальным калярытам». Сярод ужо гатовых рэчаў знаходзім стос бізнэс-сувэніраў для аднаго зь беларускіх банкаў. Але на прыдпрыемстве заўважаюць, што попыт апошнім часам зьмяняецца: сталі часцей зьвяртацца па шлюбныя строі маладыя, а нядаўна навучэнцы адной зь менскіх беларускамоўных гімназій самі ініцыявалі пашыў «вышыкашулек» для школьнай формы.

У сутарэньні пад дамочкам «Скарбніцы» зладжана невялікая галерэя. У ёй у цяплічна-музэйных умовах захоўваецца ўсё, чым жывуць майстрыхі. Побач стаяць строі, якія былі распрацаваныя на прадпрыемстве, і іх стогадовыя прататыпы з вёсак. Тут жа можна паразглядаць і распытаць мастакоў адкуль паходзіць кожны з нашумелых касьцюмаў, у якіх сустракаюць ля трапаў замежных прэзыдэнтаў.

Але больш за ўсё нам спадабалася, што, па-першае, трапіць у гэтую скарбніцу можа кожны — па пярэдняй замове за сьмешныя грошы вам правядуць экскурсію па прадпрыемстве. І, па-другое, на прадпрыемстве можна павучыцца і самому: тут ёсьць майстар-клясы па ткацтве альбо саломцы.

Яна Самайловіч, Андрэй Шаўлюга

artsiadziba.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG