Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры БХД абмеркавалі стратэгію супрацы з кіраўнікамі ўкраінскіх цэркваў і дэпутатамі ўрадавай кааліцыі


Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Сустаршыні афіцыйна незарэгістраванай партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Георгі Дзьмітрук і Павал Севярынец падчас двухдзённага візыту ў Кіеў правялі шэраг сустрэчаў з кіраўнікамі ўкраінскіх цэркваў і дэпутатамі Вярхоўнай Рады з партыяў «Народний фронт», «Батьківщина» і «Самопоміч», паведамляе прэсавая служба БХД.

Дзьмітрука і Севярынца прынялі зьверхнік Украінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскага Патрыярхату) патрыярх Філарэт, прадстаяцель Украінскай грэка-каталіцкай царквы Блажэньнейшы Сьвятаслаў, прэзыдэнт Усеўкраінскага саюзу цэркваў хрысціян веры эвангельскай Мікалай Паночка і намесьнік старшыні Ўсеўкраінскага Саюзу аб’яднанняў евангельскіх хрысціян-баптыстаў Уладзімер Шамчышын.

Таксама беларускія палітыкі сустрэліся з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Барысам Тарасюком («Батьківщина», былы міністар замежных спраў Украіны, віцэ-прэзыдэнт «Эўранэсту»), Ганнай Гапко («Самопоміч», кіраўнік Камітэту Вярхоўнай Рады па міжнародных справах) і Астапам Семераком («Народний фронт», першы намесьнік старшыні Камітэту ВР па пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі), а таксама Арцёмам Міргародскім (кіраўніком сакратарыяту плятформы «Рэанімацыйны пакет рэформаў») і старшынём Інстытуту рэлігійнай свабоды Аляксандрам Зайцам.

Кіраўнікі БХД выказалі салідарнасьць з народам Украіны, які сутыкнуўся са збройнай агрэсіяй Крамля, абмеркавалі стратэгію супрацы ў рамках Балта-чарнаморскай супольнасці й саміту Ўсходняга партнэрства ў Рызе, а таксама правялі перамовы адносна падрыхтоўкі пакету рэформаў, патрэбных і Ўкраіне, і Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG