Заява зьмешчана на старонцы Рады БНР у facebook.
У заяве, адзначаецца: «Рада БНР прызнае, што пабудова прававой і дэмакратычнай дзяржавы ў постсавецкіх краінах немагчымая без адназначнай юрыдычнай ацэнкі злачынстваў савецкага таталітарнага рэжыму на тэрыторыі нашых краінаў, рассакрэчаньня архіваў і публікацыі поўнае інфармацыі аб злачынствах і тых, хто іх учыняў.
Рада БНР лічыць прынятае Вярхоўнаю Радаю Ўкраіны рашэньне важным прэцэдэнтам для іншых краінаў, якія пацярпелі ад савецкай улады і дзе камуністычны рэжым яшчэ не атрымаў належнай юрыдычнай ацэнкі».
Рада БНР, гаворыцца ў заяве, «лічыць неабходным для Беларусі прыняцьце аналягічных законаў, якія б:
— Адназначна асуджалі злачынствы акупацыйнага савецкага рэжыму ў Беларусі;
— Рассакрэчвалі архівы палітычных спэцслужбаў СССР і рэжыму Лукашэнкі;
— Прызнавалі ў якасьці барацьбітоў за незалежнасьць Беларусі Слуцкі полк БНР, Асобны атрад БНР у краінах Балтыі, незалежніцкія партызанскія войскі „Зялёны Дуб“ і „Чорны Кот“ і іншыя беларускія незалежніцкія збройныя сілы ХХ стагодзьдзя, а таксама беларускіх добраахвотнікаў, якія цяпер удзельнічаюць у Антытэрарыстычнай апэрацыі збройных сілаў Украіны ў Данбасе, з выдзяленьнем ім ільготаў і ўзнагародаў адпаведна гэтаму статусу» — гаворыцца ў заяве Рады БНР.