Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч пасьпяшаўся пахваліцца ў Нью-Ёрку


Міхаіл Мясьніковіч
Міхаіл Мясьніковіч

Выкіды рэчываў ад стацыянарных крыніцаў забруджваньня паветра ў Беларусі летась склалі амаль паўмільёна тон.

Параўнальна з 2013 годам яны ўзрасьлі на 3,9%. Пра гэта 9 сакавіка паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.

Увосень 2014 году ў Нью-Ёрку на ўсясьветным саміце па зьмяненьні клімату тагачасны прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясьніковіч з ААНаўскай трыбуны прапагандаваў беларускі досьвед захаваньня чыстай атмасфэры. У прыватнасьці, ён казаў пра стымуляваньне замежных прамыслоўцаў і інвэстараў пры рэалізацыі канкрэтных экалягічных праектаў і кліматычных інвэстыцыяў у Беларусі. Таксама Мясьніковіч заклікаў краіны сьвету адмовіцца ад спэкуляцыі паветрам праз продаж сваіх квотаў іншым дзяржавам.

Цяпер высьвятляецца, што Беларусі хваліцца ў Нью-Ёрку не было чым.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

"Мясьніковіч проста пасьпяшаўся«,— лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Праблема чыстага паветра сама па сабе вырашыцца ў 2015 годзе. У нас рэзка зьніжаецца прамысловая вытворчасьць. Напрыклад, адно з самых „брудных“ прадпрыемстваў краіны — гарадзенскі „Азот“ працуе цяпер усяго пару-тройку дзён на тыдзень. Выходзіць, што толькі адзін гэты камбінат напалову зьменшыць свае выкіды ў атмасфэру.

І такіх прыкладаў шмат. Таму будзем лічыць, што гэтая праблема вырашыцца натуральным шляхам. Меней вытворчасьці — меней выкідаў у паветра».

Фармальна Беларусь зьменшыла выкіды ў атмасфэру, пачынаючы з 1990 году, на 35%.

«Але асноўнае скарачэньне адбылося на пачатку 90-х гадоў — пасьля распаду Савецкага Саюзу», — адзначае Леанід Заіка:

Можна ўявіць тую сытуацыю. З магчымых 30 мільёнаў тон нафты мы перапрацоўвалі толькі 8 мільёнаў, гэта амаль у чатыры разы меней, чым цяпер.

«Можна ўявіць тую сытуацыю. З магчымых 30 мільёнаў тон нафты мы перапрацоўвалі толькі 8 мільёнаў, гэта амаль у чатыры разы меней, чым цяпер. Мінэральныя ўгнаеньні былі такія дарагія, што калгасы прадавалі іх у суседнюю Польшчу, а самі нічога ня ўносілі ў глебу. Невыпадкова самыя чыстыя прадукты ў нас былі якраз на пачатку 90-х гадоў. І тады гэта заўважылі літаральна ўсе».

Калі глядзець на структуру выкідаў, то ў 2014 годзе параўнальна з 2013-м узрасьлі брудныя адкіды сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і зьменшыліся — прамысловасьці. Удзельная вага арганізацыяў іншых галін эканамічнай дзейнасьці істотна не зьмянілася.

Белстат таксама паведамляе, што сьпіс гарадоў з найбольшымі аб’ёмамі выкідаў брудных рэчываў у атмасфэру ачольвае Наваполацак (52 тысячы тон). Затым ідуць Менск (23 тысячы), Горадня (10 тысяч) і Новалукомль (8 тысяч тон).

Экспэрты тлумачаць, што Наваполацак забруджваецца адкідамі «Нафтана», Горадня — «Азота», Новалукомль — мясцовай цеплавой станцыі. А вось сталіцу забруджваюць шмат прадпрыемстваў, як той казаў, «па сукупнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG