Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвесткі пра легалізацыю зброі ў Расеі аказаліся перабольшанымі


Цягам дня грамадзяне Расеі атрымалі і страцілі права на нашэньне зброі. Напярэдадні расейскія СМІ паведамілі, што ўрад ухваліў зьмены ў «Правілы абарачэньня цывільнай і службовай зброі на тэрыторыі РФ», інтэрпрэтаваўшы гэта як «рэвалюцыйны крок у расейскім заканадаўстве». Аднак, удакладнілі сёньня ў МУС Расеі, сьцьвярджэньне пра легалізацыю асобных відаў зброі ня мае пад сабой падставаў — гаворка выключна пра ўдакладненьне тэхнічнага рэглямэнту. А якая сітуацыя з дазволамі на зброю ў Беларусі? На пачатку 1990-х на законных падставах узброіліся сотні высокапастаўленых асобаў.

Увечары 18 лістапада расейскія мэдыі дружна распаўсюдзілі сэнсацыю: грамадзяне, якія маюць адмысловы дазвол на захаваньне траўматычнай зброі, атрымалі права насіць яе пры сабе ў мэтах самаабароны. Уладальнікаў падобных ліцэнзіяў, паводле афіцыйнай статыстыкі, на тэрыторыі Расеі набіраецца пад 7 мільёнаў чалавек толькі сярод цывільных, а зь легалізацыяй колькасьць ахвотных займець «ствол» магла падвысіцца ў разы.

Удакладнялася, што адпаведныя зьмены ў правілы абарачэньня зброі былі ўнесеныя ва ўрад яшчэ 8 лістапада і цягам 10 дзён іх ухвалілі. Раней насіць зброю можна было толькі падчас паляваньня, правядзеньня спартовых мерапрыемстваў, трэніровачных і вучэбных стрэльбаў, цяпер жа — дзе і калі заўгодна. Аднак ужо сёньня МУС Расеі абверг інфармацыю, заявіўшы, што ніякіх прынцыповых зьменаў у закон ня ўнесена, а ўсе навацыі — выключна тэхнічныя. Вось што апавялі ў прэсавай службе ведамства:

«Грамадзянам Расеі пры наяўнасьці дазвольных дакумэнтаў можна насіць для самаабароны асобныя віды зброі яшчэ ад 1996 году. Пры гэтым гаворка выключна пра цывільную зброю абмежаванага паражэньня (траўматычную), у якой дульная энэргія падчас стрэлу не перавышае 91 кіляджоўля. Да агнястрэльнай цывільнай не адносіцца аўтаматычная зброя, а таксама зброя зь ёмістасьцю магазына больш за 10 патронаў. Унесеныя ў правілы зьмены носяць чыста тэхнічны характар і нічога прынцыпова не зьмяняюць. Папраўкі проста прывялі правілы нашэньня зброі ў адпаведнасьць з законам „Аб зброі“».

Адрозна ад Беларусі, у Расеі існуе разгалінаваная сетка ахоўных агенцтваў, а ўласных «бодзі-гардаў» маюць ці ня ўсе публічныя пэрсоны, пачынаючы ад палітыкаў і дэпутатаў і сканчаючы камэрсантамі і зоркамі шоў-бізнэсу.

Што да Беларусі, то першая спроба ўзброіць чыноўнікаў ды палітыкаў была зробленая на пачатку 1990-х. З атрыманьнем незалежнасьці выключнае права арміі, МУС і КДБ на валоданьне табэльнай зброяй пахіснулася. Чыноўнікі рознага рангу пачалі ўзбройвацца газавымі копіямі знакамітых марак пісталетаў ды рэвальвэраў. Праўда, некаторыя зь іх намякалі на гатовасьць дзейнічаць і цяжэйшай зброяй: «Я гатовы з гранатамётам у руках абараняць прэзыдэнта!», — пагражаў апанэнтам народны абраньнік Віктар Кучынскі. Памятны і інцыдэнт з экс-міністрам прадпрымальніцтва Аляксандрам Сазонавым, які ўчыніў страляніну наўпрост у рэстарацыі.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Генадзь Казлоў апавядаў Свабодзе, што адмысловага рашэньня наконт узбраеньня дэпутатаў, насуперак легендам, не прымалася. Але людзі былі ўсур’ёз заклапочаныя ўласнай бясьпекай, і тым, хто зьвяртаўся па дазвол на набыцьцё зброі, МУС не адмаўляла. Паколькі ахова дэпутатам не належалася, на час выкананьня дэпутацкіх абавязкаў можна было атрымаць газавы пісталет як сродак самаабароны. Пры гэтым, запэўнівае спадар Казлоў, да працэдуры ставіліся надзвычай адказна: пісталеты ідэнтыфікаваліся па нумарах, часовым уладальнікам выдаваліся карткі.

Іншы экс-дэпутат Віктар Алампіеў кажа, што асабіста ў яго ніколі не было спакусы ўзброіцца, а жаданьне некаторых калегаў пабравіраваць пісталетам называе поўным глупствам:

«Газавыя пісталеты тады набываць, у прынцыпе, можна было. Але я ня ведаю, каб у кагосьці з маіх бліжэйшых аднадумцаў — Какоўка, Цялежнікаў, Сапронаў — зь якімі я быў у дэмакратычнай меншасьці ў апазыцыі і кантактую да гэтага часу, была зброя. У мяне яе таксама няма. Навошта яна ўвогуле патрэбная мірным людзям у мірнай краіне? Гэта трэба быць нейкім нездаровым чалавекам, каб прагнуць узброіцца. Калісьці яшчэ ў школьныя гады я схадзіў з бацькам на паляваньне, падстрэліў выпадкова зайца, той паранены пачаў крычаць. Я як паслухаў, дабіў яго і сказаў сабе: усё, на паляваньне я больш не хадок. Дый што тая зброя, калі трэба жыць па іншых законах?»

Карэспандэнт: «Ці лічыце, што расейскае, беларускае грамадзтва сасьпела, каб мець зброю дзеля самаабароны?»

Дай гэтай дураце пісталет, дык заўтра яны ўжо каля Берасьця будуць страляць

Алампіеў: «Беларусам зброя непатрэбная ў прынцыпе. Дзеля чаго, якая неабходнасьць? А калі паназіраць, што цяпер адбываецца ў Расеі, дык гэта ж непрыкрытая дурата! Разумееце? А дай гэтай дураце пісталет, дык заўтра яны ўжо каля Берасьця будуць страляць. Яны самі сябе пусьцілі ўразнос, і калі цяпер яшчэ іх узброіць, то гэта будзе катастрофа. Пісталеты, бачыце, вар’ятам спатрэбіліся. Яны ж адзін аднаго спачатку перастраляюць, а потым на іншых пойдуць...»

Дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 скліканьня атрымлівалі зброю ўжо на сталай аснове. Зрэшты, пасьля абраньня прэзыдэнтам Аляксандра Лукашэнкі паступіў загад аб раззбраеньні, а ў якасьці кампэнсацыі абяцалі грашовую выплату. Сродкі за здадзены арсэнал атрымалі далёка ня ўсе, а куды былі складаваныя пісталеты, невядома дагэтуль. Паводле некаторых зьвестак, значная частка пайшла на патрэбы супрацоўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі, астатняе перадалі асацыяцыі «Насельніцтва за бясьпеку», якая атрымала права навучаць, як карыстацца газавай зброяй.

Але выглядае, што экспрапрыяваць зброю ўдалося не ўва ўсіх. На пачатку 2000-х Аляксандар Лукашэнка падпісаў новы ўказ, паводле якога высокапастаўленыя чыноўнікі абавязваліся здаць набытую ў 1990-х наразную зброю. Тагачасны міністар унутраных спраў удакладніў, што гаворка ідзе пра «тысячы адзінак» зброі, на якую ў пэрыяд з 1991 па 1994 гады МУС павыдаваў дазволы «без нарматыўных актаў». Зрэшты, паўторная экспрапрыяцыя не дала вялікага плёну, а той жа Навумаў хоць і сам падаў прыклад раззбраеньня, але здаў, як пазьней выявілася, толькі адзін пісталет з трох, якія меў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG