Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар «Шкловалакна»: спаленьне кацянятаў — паклёп


Полацкая пракуратура дагэтуль ня ў курсе гэтых падзеяў на ААТ «Шкловалакно», нягледзячы на дасланыя туды электронныя звароты з просьбай правесьці праверку здарэньня. З гарвыканкаму і іншых дзяржаўных структур таксама пакуль няма адказу.

Раней пра выпадак спаленьня кацянятаў распавялі актывісты суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага, да іх зьвярнуліся са скаргамі працаўнікі прадпрыемства.

Адказ за подпісам Генэральнага дырэктара ААТ «Шкловалакно» Мікалая Качаноўскага атрымаў грамадзкі актывіст, юрыст Алег Граблеўскі.

Алег Граблеўскі
Алег Граблеўскі

«Як грамадзянін я ня мог застацца ўбаку, прачытаўшы ў інтэрнэце пра тое, што ў шклоплавільнай печы спалілі жывых кацянятаў — быццам бы яны псавалі гатовую прадукцыю „Шкловалакна“. Таму я зьвярнуўся ў шэраг інстанцыяў, каб правялі праверку інцыдэнту, які, па словах тамтэйшых работнікаў, здарыўся ў сярэдзіне кастрычніка. Напісаў у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, Міністэрства аховы працы і сацыяльнай абароны, Генэральную пракуратуру, Фэдэрацыю прафсаюзаў, а таксама дырэктару ААТ „Полацак-Шкловалакно“. З Фэдэрацыі прафсаюзаў я атрымаў паведамленьне, што мой зварот перанакіраваны ў віцебскую абласную прафсаюзную структуру. І атрымаў адказ ад дырэктара „Полацак-Шкловалакна“. Там напісана, што ўсё гэта паклёп і факты не пацьвердзіліся. Маўляў, у плавільную печ нічога староньняга трапляць не павінна. Маўляў, праводзілася праверка, і сьведак здарэньня няма. Галоўны акцэнт менавіта такі: ня тое, што факту не было, а што сьведак не знайшлося», — паведаміў Свабодзе Алег Граблеўскі.

На ягоную думку, любая ўнутраная праверка кіраўніцтвам прадпрыемства — гэта праверка зацікаўленым бокам. І малаверагодна, каб нехта з працаўнікоў пайшоў супраць начальства — даў пісьмовыя тлумачэньні, што нешта ведае пра тое, як у плавільнай печы спалілі кошку з кацянятамі па дамоўленасьці паміж кіраўніцтвам двух цэхаў. Таму, лічыць спадар Граблеўскі, трэба чакаць вынікаў праверкі з боку пракуратуры.

Але такая праверка не праводзілася. Больш за тое: у гарадзкой пракуратуры ня ведаюць пра гэты выпадак, хоць у гэтую ўстанову былі накіраваныя сотні электронных зваротаў ад неабыякавых грамадзян. Апавядае кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў:

Віктар Стукаў
Віктар Стукаў

«Я заходзіў у пракуратуру па іншых справах. А пра справу са спаленьнем катоў спытаўся заадно: хацеў даведацца, як яна прасоўваецца. Наш прафсаюз ня можа стаяць убаку ад гэтага здарэньня: калі людзі распавялі нам пра інцыдэнт, то наша задача — бараніць працаўнікоў, раз ім даводзіцца выконваць і такія загады начальства, як расправа над жывёламі... Дык у пракуратуры дужа зьдзівіліся: ніякіх зваротаў яны не атрымлівалі. І, кажуць, не маглі атрымаць, бо ў іх не працуе тая электронная сыстэма. Сказалі, што звароты маглі прыйсьці ў Віцебскую абласную пракуратуру, аднак і адтуль ніякіх адказаў няма. Няма адказу і з Полацкага гарвыканкаму — туды мы таксама дасылалі электронныя звароты».

Адзіны афіцыйны адказ, які атрымаў кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу, — таксама ад гендырэктара прадпрыемства. Ён слова ў слова супадае з адказам, які атрымаў Алег Граблеўскі: факты не пацьвердзіліся, сьведак не знайшлося, у СМІ — паклёп, за які прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць.

Алёна Валынец-Чарняева, кіраўніца грамадзянскай кампаніі «Не — жорсткаму абыходжаньню з жывёламі», занепакоеная тым, што няма ніякай рэакцыі на электронныя звароты ў полацкія інстанцыі:

«Электронныя звароты адпраўляліся праз інтэрнэтны сэрвіс zvarot.by адразу ў дзьве інстанцыі: у Полацкі райвыканкам і ў Полацкую гарадзкую пракуратуру. Адказы павінны былі прыходзіць да кожнага адрасата індывідуальна. І ў нас яшчэ такога ні разу не было, каб ніводзін чалавек не атрымаў адказу!»

Кампанія зваротаў з нагоды інцыдэнту са спаленымі кацянятамі пачалася 16 кастрычніка. Паводле закону аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў адказы належала даслаць не пазьней як праз 15 дзён. І толькі ў тым выпадку, калі патрабуецца дадатковае вывучэньне сытуацыі, — не пазьней як празь месяц.

Аднак сытуацыю дадаткова ніхто не вывучае — у пракуратуры, як высьветлілася, пра яе нават ня ведаюць. І ніякіх праверак, апрача ўнутранай, ініцыяванай зацікаўленым бокам — кіраўніцтвам, на ААТ «Полацак-Шкловалакно» не праводзілася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG