Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь атрымае ад Расеі больш за 1 мільярд даляраў нафтавых мытаў


Менавіта гэтую лічбу назваў сёньня, выступаючы на сумесным паседжаньні Нацыянальнага сходу Беларусі першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка.

Ён сказаў, што можна было пачуць розныя лічбы на гэты конт, але 1 мільярд 26 мільёнаў — гэта сапраўдная лічба. «Мы разьлічвалі яе ў верасьні і кастрычніку, перад падпісаньнем дамоваў з расейскім урадам», — сказаў Уладзімер Сямашка.

Ён патлумачыў, чаму дамова з уладамі Расеі падпісаная толькі на 2015 год:

«Гэта зьвязана з тым, — сказаў першы віцэ-прэм’ер беларускага ураду, — што Масква пакуль ня ўпэўненая ў тым, як пройдзе вялікі нафтавы манэўр. І таму мы з кіраўнікамі расейскага ўраду дамовіліся падпісаць дакумэнты на 2015 год, паглядзець, што адбудзецца з гэтым манэўрам у першай палове наступнага году, а ўжо ў другой палове 2015 году працягнуць размовы пра тое, якой будзе кампэнсацыя з боку Расеі ў наступныя два гады».

Уладзімер Сямашка сказаў, што трэба рыхтавацца да таго, што з кожным годам гэта кампэнсацыя будзе меншай, і таму беларускі ўрад вырашыў укладаць больш грошай у мадэрнізацыю двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў — у Наваполацку і Мазыры.

Сямашка сказаў, што цяпер кожнае гэта прадпрыемства траціць на мадэрнізацыю ад 150 да 250 мільёнаў даляраў на год. «Гэта вялікія грошы, але толькі такім шляхам можна мець выгоды ад перапрацоўкі нафты», — сказаў віцэ-прэм’ер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG