Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 31 кастрычніка. Мова бразыльскіх вуліц і лекцыя пра эўрапейскую культуру ў Менску


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У музэі Якуба Коласа адбудзецца літаратурнае сьвята «Каласавіны», прысьвечанае 132-й гадавіне ад нараджэньня паэта. А 10-й гадзіне там пачнецца дзіцячы ранішнік «Казкі жыцьця», на якім дзеці будуць чытаць вершы Коласа і гуляць ў народныя гульні з дапамогай фальклёрных калектываў.

У Менску працягваецца бразыльска-беларускі фэстываль вулічнага мастацтва VULICA BRASIL. А 18-й у Цэнтры сучасных мастацтваў пройдуць курсы беларускай мовы «Мова нанова» па тэме «Мастацтва вуліц». А 20-й пачнецца вечарына ў Чырвоным дворыку з музычнай падтрымкай I.F.U, Zagortsev, Gaamer, Induus.

У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбудзецца лекцыя «Культура як узнаўляльны рэсурс. Трансфармуючая роля культуры ў Эўразьвязе». Ці можа досьвед Эўропы быць карысным у кіраваньні культурай у Беларусі разважае брытанскі культуроляг Тэры Сандэл.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1905 — у Менску адбылася трагедыя, якая ўвайшла ў падручнікі пад назваю «Курлоўскі расстрэл». У гэты дзень каля вакзалу — цяпер цэнтральнага чыгуначнага, а тады ён называўся Віленскім — сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.

1937 — карнікамі НКВД быў расстраляны Антон Баліцкі — дзяржаўны дзяяч, адзін з актыўных праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.

1961 — цела Сталіна было вынесенае з маўзалею на Краснай плошчы Масквы.

1968 — Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоілі званьні народных паэтаў Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1930 — Леў Гумілеўскі, скульптар, народны мастак Беларусі.

1934 — Тадэвуш Кокштыс, народны артыст Беларусі, актор тэатру імя Якуба Коласа.

1937 — Яўген Кулік, мастак, адзін з аўтараў мадэрнізаванага варыянту герба «Пагоня», які быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам у якасьці дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

У гэты дзень памерлі:

1932 — Кіпрыян Кандратовіч, расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, генэрал, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.

1992 — Міхась Ткачоў, гісторык, палітык, ініцыятар аднаўленьня сацыял-дэмакратыі ў Беларусі і першы старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1991-1992).

1993 — Фэдэрыка Фэліні, выбітны італьянскі рэжысэр.

Календар Бахарэвіча

31 кастрычніка 1517 каля 12.00 Лютэр вывешвае свае 95 тэзаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG