Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэнзын таньнець ня будзе, — Жаліба


На працягу трох месяцаў цэны на нафту маркі Brent упалі на 24% з 108,77 даляра за барэль.

У чацьвер на таргах ў Лёндане яе цана апусьцілася ніжэй за 83 даляры за барэль. Расейская нафта маркі Urals каштуе на некалькі даляраў таньней.

Прычынай гэтаму, на думку спэцыялістаў, зьяўляецца тое, што Савудаўская Арабія зьніжае цэны на нафту. Гэта будзе мець нэгатыўны эфэкт для шэрагу нафтаздабыўцаў, уключаючы расейскіх, кажуць экспэрты.

Беларуская эканоміка хутчэй за ўсё ня зьведае ніякага эфэкту ў сувязі з падзеньнем кошту на нафту, лічыць эканаміст Барыс Жаліба. Прынамсі, зьніжэньня цаны нафтапрадуктаў, у першую чаргу бэнзіну, чакаць ня варта.

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

«Цана нафты на расейска-беларускім рынку не залежыць ад сусьветнага кошту. Таму што ў нас вельмі моцна лябіююцца інтарэсы нафтаперапрацоўшчыкаў. Да таго ж невядома, ці вагаецца нейкім чынам для іх кошт расейскай нафты, калі адбываецца яе патаньненьне на сусьветным рынку. Нашыя нафтаперапрацоўшчыкі застрахаваліся і будуць трымаць кошт бэнзыну, прывязаным да курсу даляра, і цана расейскай нафты на міжнародным рынку тут ня мае для іх значэньня. Да таго ж чакаецца, што з навага году адбудзецца падаражаньне расейскай нафты з-за ўвядзеньня падатку на здабычу карысных выкапняў». Барыс Жаліба адзначыў, што беларуская эканоміка, наадварот, можа страціць праз продаж уласнай нафты: «Як вядома, уся нафта, якая здабываецца ў Беларусі, ідзе на продаж. І вось тут будзе адлюстроўвацца падзеньне сусьветных коштаў — беларуская эканоміка недаатрымае», — лічыць эканаміст.

Спэцыялісты адзначаюць, што падзеньне сусьветных цэн на нафту ўзмоцніць эфэкт ад санкцый Захаду супраць Расеі.

«Расейская Фэдэрацыя забівае сабе ў бюджэт цану на нафту на ўзроўні прыкладна 102 даляры. Калі ж сусьветная цана на нафту будзе ніжэй гэтай адзнакі, Расея будзе губляць велізарныя сродкі», — кажа прафэсар Івана-Франкоўскага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэта нафты і газу Дзьмітры Вольчэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG