Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ратыфікацыя па-беларуску: з адмысловай заявай


Уладзімер Пуцін, Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнты краін, што ўваходзяць у ЭЭС
Уладзімер Пуцін, Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнты краін, што ўваходзяць у ЭЭС

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а за імі і чальцы Савету Рэспублікі 9 кастрычніка ратыфікавалі дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе. У дакумэнты аб ратыфікацыі ўключаная спэцыяльная заява беларускага боку. На думку некаторых экспэртаў, гэтая заява застанецца толькі палітычным выказваньнем, а ня дзейным дакумэнтам.

Перад галасаваньнем у Авальнай залі старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка паведаміў сваім калегам:

Мікалай Самасейка
Мікалай Самасейка

«Ва ўсіх нашых партнэраў павінна быць разуменьне таго, што мы будуем эканамічны саюз, які не прадугледжвае бар’ераў, абмежаваньняў і выняткаў у гандлі і сфэры паслуг. У сувязі з гэтым у артыкуле першым нашага законапраекту прадугледжваецца тэкст заявы, якую зрабіў беларускі бок 29 траўня 2014 году ў Астане пры падпісаньні Дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе: «Рэспубліка Беларусь заяўляе, што добрасумленна будзе выконваць свае абавязаньні ў рамках дамовы пры ўмове, што на трох- альбо двухбаковай аснове будуць дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасьці пра зьняцьце бар’ераў, абмежаваньняў і выняткаў у гандлі і сфэры аказаньня паслуг».

На пытаньне журналістаў, ці можна ў сувязі з гэтай заявай пісаць, што беларускі парлямэнт ратыфікаваў дамову з агаворкамі, Мікалай Самасейка (дарэчы, прафэсійны юрыст) сказаў, што так рабіць нельга, бо гэта не агаворкі, а заява беларускага боку.

З Самасейкам пагаджаецца спэцыяліст у галіне міжнароднага права, былы выкладчык гэтага прадмету ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце Павал Знавец. Ён адзначае, што беларускаму боку ў далейшым будзе цяжка апэляваць да заявы:

Павал Знавец
Павал Знавец

«Заява — гэта палітычная акцыя, выказваньне сваёй пазыцыі. Але калі тое, пра што гаворыцца ў заяве, не адлюстраванае ў дамове, то гэта ня ёсьць агаворка. Дамова — канкрэтны дакумэнт. І калі ў ёй няма палажэньняў, якія ўказваюць, што дамова ня дзейнічае пры пэўных умовах, у пэўных разьдзелах альбо частках, то дамова дзейнічае. Як кажуць у падобных сытуацыях, заяву да дамовы не прышыеш.

А заява так і застаецца заявай. Гэта пайшлі палітычныя гульні. Пуцін, можна сказаць, даціснуў сваіх партнэраў па Эўразійскім саюзе».

Сябра прэзыдыюму Савету міністраў Сяргей Румас, які прадстаўляў дэпутатам асноўныя палажэньні дамовы, пералічыў шмат момантаў у ёй, якія павінны, на яго думку, пасьля ратыфікацыі паспрыяць разьвіцьцю беларускай эканомікі. Разам з тым спадар Румас прызнаў: агульнага рынку без выняткаў і абмежаваньняў дагэтуль не існуе:

Сяргей Румас
Сяргей Румас

«Выняткі, абмежаваньні і выключэньні ахопліваюць 9 таварных пазыцыяў, якія ахопліваюць каля 30 працэнтаў таварнага абароту. Таму нельга казаць, што рынак функцыянуе паўнавартасна, калі такая значная частка яго знаходзіцца ў вынятках».

Сяргей Румас сказаў, што па некаторых пытаньнях бакі пры падрыхтоўцы дамовы адышлі назад. Напрыклад, гарманізацыя фінансавых рынкаў перанесеная з 2020 году на 2025-ты. Раней меркавалася, што спрэчкі паміж сябрамі дамовы, можа, будзе вырашаць суд або Эўразійская камісія. Цяпер такое права застаецца толькі за судом. Не ўдалося дасягнуць кансэнсусу па адзінай эканамічнай палітыцы — разгляд гэтага пытаньня не перададзены ў кампэтэнцыю наднацыянальных органаў. Гэта адбываецца таму, — падкрэсьліў Сяргей Румас, — што бізнэс у адной краіне бачыць канкурэнтаў у іншых краінах — удзельніцах дамовы.

Леў Марголін
Леў Марголін

Безумоўна, такі рынак не назавеш паўнавартасным, — адзначае эканаміст Леў Марголін:

«Вядома, нам хацелася, каб не было ніякіх абмежаваньняў, напрыклад, у транспартнай галіне. Абмежаваньні тут ёсьць. Але яны ўсё ж такі не перашкаджаюць бальшыні беларускіх перавозчыкаў працаваць і на расейскім рынку. І мы вымушаныя былі на гэта пагадзіцца. Бо нафта пераважвае ўсё».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG