Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кветкі для Ганны


Сёньня ў Маскве пройдзе акцыя памяці Ганны Паліткоўскай, забітай восем гадоў таму. Прамая трансьляцыя з 13.00 менскага часу.

У аўторак, 7 кастрычніка, спаўняецца восем гадоў з дня забойства аглядальніка «Новай газэты» Ганны Паліткоўскай. Нягледзячы на прысуды, вынесеныя абвінавачаным у арганізацыі і выкананьні гэтага злачынства, да гэтага часу нельга адназначна сьцьвярджаць, што ўстаноўленыя і прыцягнутыя да адказнасьці ўсе ўдзельнікі забойства журналісткі. Імя заказчыка невядомае да гэтага часу.

Сёньня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International правядзе акцыю «Кветкі для Ганны» ў памяць Паліткоўскай. Як паведамляецца на сайце гэтай арганізацыі, прыхільнікі Amnesty International прынясуць да рэдакцыі «Новай газэты», дзе працавала журналістка, букет, зроблены з папяровых кветак, складзеных з старонак тых сродкаў масавай інфармацыі, якія пажадалі далучыцца да акцыі. Радыё Свабода таксама прымае ў ёй удзел.

Ганна Паліткоўская была забітая ўдзень 7 кастрычніка 2006 году ў пад’ездзе дома, дзе жыла. У той жа дзень прадстаўнікі праваахоўных органаў заявілі, што зьвязваюць гэтае забойства з прафэсійнай дзейнасьцю журналісткі. Сьледзтва працягвалася амаль год, калі на старонкі газэтаў трапілі фатаздымкі 11 затрыманых у сувязі са справай аб забойстве Ганны Паліткоўскай. Зрэшты з гэтых 11 толькі чацьвёра апынуліся ў судзе, але пасьля былі апраўданыя прысяжнымі аднагалосна.

Зь мёртвай кропкі справа зрушылася дзякуючы журналістам «Новай газэты», якія на працягу некалькіх гадоў вялі ўласнае расьсьледаваньне абставінаў забойства Ганны Паліткоўскай, дзяліліся здабытымі зьвесткамі зь чальцамі сьледчай брыгады і настойвалі на працягу пошуку злачынцаў.

Сяргей Сакалоў
Сяргей Сакалоў

«Сьледзтва магло быць больш эфэктыўным, калі б не прыўнесеныя звонку элемэнты, — лічыць шэф-рэдактар „Новай Газэты“ Сяргей Сакалоў, — сварка паміж двума ведамствамі: Генпракуратурай і Сьледчым камітэтам. Або выступы лідэраў дзяржавы са сваімі публічнымі вэрсіямі, якія сьледзтва вымушана было адпрацоўваць. Калі б не было настолькі карумпаванай улады, праваахоўнай сыстэмы, якая прадавала за грошы ўсю інфармацыю, якая трапляла ў „Дзяжурную частку“. Усе гэтыя прыўнесеныя абставіны сьледзтву перашкаджалі».

Пра прагрэс у расьсьледаваньні забойства журналісткі сталі казаць у траўні 2011 году — адразу пасьля арышту Рустама Махмудава, якога сьледчыя называюць непасрэдным выканаўцам забойства. Празь некалькі месяцаў адбылося яшчэ адно затрыманьне: пад хатні арышт узялі падпалкоўніка міліцыі Дзьмітрыя Паўлючэнкава. Першапачаткова ён праходзіў па справе як ключавы сьведка абвінавачваньня, але празь некалькі гадоў яго абвінавацілі ў арганізацыі забойства Ганны Паліткоўскай. Паўлючэнкаў заключыў пагадненьне са сьледзтвам, паабяцаўшы расказаць усё, што ведае пра гэта злачынства ўзамен на гарантыі бясьпекі і асаблівы парадак судовага разбору. У сьнежні 2012 году суд прыгаварыў яго да 11 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.

Рустам Махмудаў, Лом-Алі Гайтукаеў, Джабраіл Махмудаў, Ібрагім Махмудаў і былы супрацоўнік МУС Сяргей Хаджыкурбанаў (зьлева направа), абвінавачаныя ў забойстве журналісткі "Новай газеты" Ганны Паліткоўскай
Рустам Махмудаў, Лом-Алі Гайтукаеў, Джабраіл Махмудаў, Ібрагім Махмудаў і былы супрацоўнік МУС Сяргей Хаджыкурбанаў (зьлева направа), абвінавачаныя ў забойстве журналісткі "Новай газеты" Ганны Паліткоўскай

Улетку 2013 году Масгарсуд пачаў разьбірацца ў справе меркаваных саўдзельнікаў забойства Ганны Паліткоўскай. На лаву падсудных вярнуліся раней апраўданыя прысяжнымі браты Ібрагім і Джабраіл Махмудавы і былы супрацоўнік міліцыі Сяргей Хаджыкурбанаў. Разам зь імі судзілі трэцяга брата Махмудавых — Рустама і іх дзядзьку Лом-Алі Гайтукаева. Атрымаць вэрдыкт прысяжных удалося толькі з другой спробы — першую калегію распусьцілі з прычыны няяўкі засядацеляў, а 9 чэрвеня гэтага году суд абвясьціў прысуд.

Найменшы тэрмін — 12 гадоў пазбаўленьня волі — прызначаны Ібрагіму Махмудаву. Ён адзіны, каго прысяжныя ўганаравалі сваёй ласкай. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, роля Ібрагіма заключалася ў тым, каб, стоячы ў некалькіх кварталах ад дому, дзе жыла Ганна Паліткоўская, дачакацца яе зьяўленьня і паведаміць свайму брату Джабраілу пра набліжэньне ахвяры. Джабраіл Махмудаў атрымаў 14 гадоў пазбаўленьня волі за тое, што, як сьцьвярджаюць пракуроры, прывёз свайго брата Рустама на месца злачынства. Рустама Махмудава прысяжныя прызналі выканаўцам забойства, пагадзіўшыся з пракурорамі, што менавіта ён страляў у Ганну Паліткоўскую. На думку Паўла Мялехіна, які старшыняваў на працэсе, за гэта злачынства Рустам Махмудаў павінен адбываць пажыцьцёвы тэрмін. Такое ж пакараньне прызначанае яго дзядзьку — Лом-Алі Гайтукаеву, якога абвінавацілі ў арганізацыі злачынства. Паводле абвінаваўчага заключэньня, улетку 2006 году Гайтукаеў атрымаў замову і грошы (150 тысяч даляраў) на забойства аглядальніка «Новай газэты» Ганны Паліткоўскай, распрацаваў плян злачынства і прыцягнуў да яго рэалізацыі сваіх пляменьнікаў і былых супрацоўнікаў МУС Дзьмітрыя Паўлючэнкава і Сяргея Хаджыкурбанава. Апошні атрымаў 20 гадоў калёніі строгага рэжыму за каардынацыю дзеяньняў злачыннай групы.

Суд таксама спагнаў з асуджаных 5 мільёнаў рублёў на карысьць дзяцей забітай журналісткі.

Пракуроры засталіся задаволеныя: менавіта такіх пакараньняў яны і прасілі для падсудных, а дзяржабвінаваўца Марыя Семяненка назвала прысуд «вяршыняй узаемадзеяньня і працы сьледчага камітэта і пракуратуры па гэтай крымінальнай справе».

«Мы з прысяжнымі прайшлі крок за крокам увесь той шлях, які прайшло сьледзтва, штохвілінна ўзнаўляючы рэальную карціну забойства Ганны Сььцяпанаўны Паліткоўскай. І праўдзівасьць дадзенай карціны пацьвердзіў вэрдыкт прысяжных», — казала пасьля абвяшчэньня прысуду Марыя Семяненка.

Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу: і Махмудавы, і Гайтукаеў, і Хаджыкурбанаў дамагаюцца яго адмены, заяўляючы пра сваю невінаватасьць. А іх адвакаты слуханьні па справе Ганны Паліткоўскай у Маскоўскім гарадзкім судзе называюць беспрэцэдэнтнымі паводле колькасьці дапушчаных парушэньняў, абмежаваньняў для абвінавачаных і іх абаронцаў.

«Абарона была зьвязаная па руках і нагах, — наракаў па заканчэньні разбору ў Масгарсудзе адвакат Сяргея Хаджыкурбанава Аляксей Міхальчык, — мы літаральна слова не маглі вымавіць без таго, каб атрымаць заўвагу ад судзьдзі, які быў за старшыню на працэсе. Больш за 5 адводаў было заяўлена гэтаму судзьдзі. Хачу пералічыць тыя довады, якія, у прыватнасьці, прыводзіла абарона. Першае. Кілер, які забіў Ганну Сьцяпанаўну Паліткоўскую, які быў зьняты камэрамі вонкавага назіраньня, вонкава зусім не падобны на таго, каго абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні гэтага злачынства — Рустама Махмудава. Абсалютна розны целасклад. Чалавек літаральна ў два разы танчэйшы і больш сухі, мае зусім іншую будову цела, чым Рустам Махмудаў. Другое. На пісталеце была выяўлена жаночая ДНК, прычым, не на самім пісталеце, а ўнутры яго, на зваротнай спружыне. Значыць, па меншай меры, на шляху гэтага пісталета да кілера ягоная кранала жанчына. Хто гэтая жанчына — сьледзтва ня вызначыла. Адпаведна, шлях пісталета да канца ня высьветлены. Трэцяе. Гайтукаева, калі ён знаходзіўся ў турме (а як сьцьвярджае абвінавачваньне, ён у гэты час рыхтаваў забойства Паліткоўскай), праслухоўвалі супрацоўнікі ФСБ. Аказалася, што 7 кастрычніка, у дзень забойства, ён таксама праслухоўваўся. Пры гэтым усе запісы былі зьнішчаныя са спасылкай на тое, што яны не ўяўляюць апэратыўнай цікавасьці. Яшчэ адзін момант тычыцца непасрэдна майго падабароннага Сяргея Хаджыкурбанава, які, як сьцьвярджае абвінавачваньне, прыняў удзел у падрыхтоўцы гэтага злачынства. Пры гэтым няма ніводнага доказу таго, што ён сазвоньваўся з астатнімі падсуднымі, сустракаўся ці якім-небудзь іншым спосабам абменьваўся зь імі інфармацыяй ».

На думку Аляксея Міхальчыка, гэты прысуд наўрад ці будзе адменены:

«Ён задавальняе вельмі многіх. Сілавыя структуры, якія могуць заяўляць пра раскрыцьцё злачынства. Ён задавальняе пракуратуру. Ён задавальняе суд. І, адпаведна, другі раз рызыкаваць, ладзіць лятарэю, як вырашаць прысяжныя, я думаю, ніхто ня будзе. Але мы будзем дамагацца яго адмены».

Абарона не сумняецца: калі прысуд уступіць у сілу, сьледзтва ня будзе зацікаўленае ў пошуку заказчыка і далейшым расьсьледаваньні забойства Ганны Паліткоўскай.

«Прысуд — гэта кантрольны стрэл у Паліткоўскую. Усё! На гэтым пастаўлена кропка. Ніхто і ніколі ня будзе шукаць ні заказчыкаў, ні рэальных выканаўцаў дадзенага забойства, — кажа адвакат

Прысуд — гэта кантрольны стрэл у Паліткоўскую. Усё! На гэтым пастаўлена кропка. Ніхто і ніколі ня будзе шукаць ні заказчыкаў, ні рэальных выканаўцаў дадзенага забойства

Ібрагіма Махмудава Сайдахмет Арсамерзаеў. — У Вайсковым акруговым судзе была адна справа, у Масгарсуд прыйшла іншая, усечаная адсоткаў на 25-30. Гэтыя 25-30 адсоткаў справы, якія не прыйшлі ў Масгарсуд, былі доказамі на карысьць абароны. Калі б мы змаглі іх падаць, нават самы ангажаваны прысяжны ня змог бы, у яго б сумленьня не хапіла прагаласаваць за вінаватасьць нашых падабаронных. Двойчы асабіста я заяўляў пісьмовае хадайніцтва з просьбай прадаставіць нам гэтыя матэрыялы, запытаць у сьледчага. Нам было адмоўлена. Зыходзячы з гэтага, я лічу, знайсьці забойцу сьледзтва не хацела. Ім гэта было непатрэбна».

Для дзяцей Ганны Паліткоўскай з прысудам Масгарсуда гісторыя пошуку забойцаў маці ня скончаная, бо па-ранейшаму няма ніякай пэўнасьці ў тым, хто выступіў заказчыкам злачынства. За гады, якія прайшлі з часу забойства Ганны Паліткоўскай, прыводзіліся самыя разнастайныя вэрсіі (іх выказвала, у тым ліку і кіраўніцтва краіны). Прозьвішча заказчыка ў абмен на судовыя льготы абяцаў назваць Дзьмітры Паўлючэнкаў, але не зрабіў гэтага, хоць і згадаў Барыса Беразоўскага. У «Новай газэце» гэта назвалі «палітычным паднашэньнем тым, хто менавіта гэтае прозьвішча і хацеў бы пачуць». На думку сына Ганны Паліткоўскай Ільлі, ніводная з усіх агучаных вэрсіяў пра заказчыка, не наблізілася да праўды.

«Паколькі я ведаю справу знутры, магу адназначна сказаць, што ўсе гэтыя рэплікі, якія былі сказаныя за ўвесь гэты час — Беразоўскі, не Беразоўскі, за мяжой заказчык знаходзіцца, не за мяжой — гэта фантазіі альбо тых, хто такія заявы рабіў, альбо іх спэцыялістаў па сувязях з грамадзкасьцю. Ніводнае з гэтых выказваньняў ня мае пад сабой нічога, — упэўнены Ільля Паліткоўскі. — Я, паверце, больш інфармаваны, чым гэтыя людзі, таму што ідзе паралельнае расьсьледаваньне, але да гэтага часу ў нас няма ніводнай вэрсіі, каб мы маглі сказаць — так, хутчэй за ўсё, быў менавіта гэты заказчык».

Ганна Паліткоўская была вядомая сваімі публікацыямі на тэму Чачні і Паўночнага Каўказа. Апошні апублікаваны пры яе жыцьці артыкул — «Карная змова» — быў прысьвечаны складзу і дзейнасьці чачэнскіх атрадаў, якія ваююць на баку фэдэральных сілаў. Паводле слоў сябра кіраўніцтва Міжнароднага гісторыка-асьветніцкага, праваабарончага і дабрачыннага таварыства «Мэмарыял» Аляксандра Чаркасава, для многіх, пра каго пісала і каму дапамагала Ганна Паліткоўская, яна была ня столькі журналісткай, колькі праваабаронцам.

«Другая чачэнская вайна, узброены канфлікт на Паўночным Каўказе, які пачаўся ў 1999 годзе, выклікаюць у памяці публікацыі Ганны Паліткоўскай. Няма іншага журналіста з такім стылем, з такім уменьнем зьвяртаць увагу чытача на страшныя і трагічныя падзеі», — падкрэсьліў Аляксандр Чаркасаў.

Акрамя Масквы, мітынгі памяці аглядальніка «Новай газэты» Ганны Паліткоўскай пройдуць сёньня ў некалькіх іншых расейскіх гарадах. Гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках «Міжнароднага тыдня акцыяў», які працягнецца з 6 па 12 кастрычніка і прысьвечаны падтрымцы незалежных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG