Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія салдаты незадаволеныя бяздарным камандаваньнем


Што байцы АТА кажуць пра падзеі апошніх дзён? Як яны ставяцца да магчымасьці перамір’я? Ці ёсьць у іх камандзіры-куміры? Распавядае карэспандэнт Свабоды Дзьмітро Шурхала, які цяпер знаходзіцца ў Марыюпалі.

Дракахруст: Што байцы АТА, у тым ліку і старэйшыя афіцэры, кажуць пра падзеі апошніх дзён — чаму расейскія войскі і сэпаратысты здолелі дасягнуць такіх посьпехаў? Чаму сілы АТА гэтак часта трапляюць у «катлы»? Праціўнік мае істотную перавагу ў тэхніцы, у жывой сіле, гэта вынік нечаканасьці, вынік здрады?

Шурхала: Старэйшыя афіцэры вельмі неахвотна дзеляцца інфармацыяй. Больш гатовыя гаварыць шараговыя байцы ці камандзіры ўзроўню камандзіра ўзводу.

Яны тлумачаць сытуацыю памылкамі вышэйшага камандаваньня. Вельмі памылковым лічыцца плян наступу на Ілавайск. Гэта важны стратэгічны пункт, ён перакрывае дарогу Данецк—Растоў-на-Доне. Але тое, як была забясьпечаная гэтая апэрацыя, дало магчымасьць расейскім войскам і сэпаратыстам пасьпяхова контратакаваць. Асноўныя прэтэнзіі — тое, што камандаваньне ня ўмее эфэктыўна плянаваць і праводзіць вайсковыя апэрацыі. Раней шмат казалі пра здраду, цяпер значна менш кажуць пра здраду ў вышэйшым кіраўніцтве. Кажуць, што яно неэфэктыўнае, што наступ на Ілавайск быў няўдала сплянаваны, што вельмі расьцерушылі сілы, імкнучыся вызваліць як мага больш населеных пунктаў, атачыць Данецк і Луганск. Ну і тое, што не разьлічылі, не прадбачылі магчымасьць зьяўленьня ня нейкіх расейскіх добраахвотнікаў, а рэгулярных аддзелаў узброеных сілаў Расеі.

Дракахруст: А колькі сілаў у праціўніка? Колькі іх сканцэнтравана вакол Марыюпаля?

Байцы разумеюць, што гэтая вайна — на доўгую пэрспэктыву

Шурхала: Паводле ацэнак украінскіх сілавікоў, праціўнік не сканцэнтраваў вакол Марыюпаля такіх сілаў, якія б дазволілі ім ці ўзяць горад штурмам ці ўзяць у аблогу. Але і з украінскага боку таксама няма сілаў, каб адкінуць іх ад гораду. Хапае сілаў, каб стрымліваць іх наступ з боку Новаазоўску. Вайскоўцы не выключаюць удар па Марыюпалі з поўначы, з Данецку.

Я быў учора на станцыі Валнаваха, за 60 кілямэтраў ад Марыюпаля. Там украінскія войскі за 15-20 кілямэтраў спынілі атрады сэпаратыстаў. Але там не было такіх баёў, як сёньня пад Марыюпалем, з гарматным двубоем.

Аднак заявы сэпаратыстаў, што яны атачылі Марыюпаль, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Прынамсі, пакуль існуе чыгуначная сувязь паміж горадам і астатняй Украінай.

Дракахруст: Як байцы ставяцца да магчымага перамір’я, пра якое ідуць перамовы паміж Кіевам, Масквой і іншымі зацікаўленымі бакамі?

Шурхала: Стаўленьне салдатаў да перамір’я не такое катэгарычна адмоўнае, якое было месяцы два таму. Тады казалі, што перамір’е — гэта здрада, што трэба дабіваць сэпаратыстаў, сканчаць вайну перамогай. Цяпер такіх катэгарычных заяваў не чуваць, байцы разумеюць, што гэтая вайна — на доўгую пэрспэктыву. Але тыя байцы, зь якімі я размаўляў сёньня і ўчора, гатовыя ваяваць і пад Марыюпалем, і ў Марыюпалі.

У горадзе завяршаецца паскоранае фармаваньне мясцовага батальёну самаабароны. Людзі настроеныя дастаткова рашуча абараняць свой горад.

Дракахруст: А ці ёсьць ва ўкраінскіх салдатаў нейкія камандзіры-героі? Яны, як вы кажаце, незадаволеныя вышэйшым камандаваньнем, але ці кажуць яны пра некага: вось гэты палкоўнік ці генэрал — гэта сапраўдны бацька-камандзір?

Шурхала: Я чуў такія адназначна станоўчыя водгукі — маўляў, гэта наш сапраўдны герой — толькі пра афіцэраў не вышэй за камбата. Пра некаторых камбатаў чуў ад салдат, што добры камандзір, удала ваюе, беражэ жыцьці сваіх байцоў. Пра генэрала Руслана Хамчака, які выйшаў з акружэньня вось тут, на поўдні Данецкой вобласьці, я таксама чуў пераважна станоўчыя водгукі. Але чуў і адмоўныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG