Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За дваццаць год прэзыдэнцкай гаварыльні Беларусь залезла ў даўгі, як сабака ў дзядоўнік»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 13 жніўня 2014 году

Адной з галоўных тэмаў у нашай пошце па-ранейшаму застаюцца падзеі ва Ўкраіне. Лёс украінскай незалежнасьці вырашаецца цяпер на Данбасе, у крывавых сутычках паміж урадавымі войскамі і прарасейскімі сэпаратыстамі. Многія слухачы Свабоды не без падстаў мяркуюць, што ад таго, хто пераможа ў гэтай вайне, шмат у чым можа залежаць і будучыня беларускай незалежнасьці.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш слухач Андрэй Налівайка з Наваполацку перакананы, што Беларусь будзе ўцягнута ў гэтую вайну на баку Расеі. Ён піша:

«Выбарчая кампанія Лукашэнкі можа быць аб’яднана з прапагандысцкай падрыхтоўкай да вайны з Украінай. Магчыма, нас чакае паўтор падзеяў 2010–2011 гадоў, толькі ў яшчэ больш жудасным варыянце. На тле глыбокіх эканамічных праблемаў Беларусі расейскія гэбісты могуць інсьпіраваць тут некалькі тэрактаў ці грамадзкіх забурэньняў. Усё будзе зроблена так, каб Лукашэнку здалося, што гэтыя падзеі справакаваныя Украінай і Захадам. Тады ён зможа адкрыта далучыцца да пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. Пуцін дзеля гэтага грошай не пашкадуе...

Каб сарваць такі сцэнар, неабходныя рэальныя санкцыі супраць Расеі, а таксама зьніжэньне цэнаў на нафту — прынамсі да 90 даляраў за барэль.

Расея ўжо глыбока падсела на наркотык гістэрыі ды нянавісьці, і шляху назад, хутчэй за ўсё, няма. Нам трэба разумець, што зараз уступілі ў дзеяньне сілы, якія непараўнальна мацнейшыя за любыя іншыя сілы ўнутры Беларусі. Пуцін закіпяціў кацёл зь нечыстотамі, якімі ўрэшце сам жа можа атруціцца. На нашых вачах пачынаецца новы этап гісторыі».

На сёньня, спадар Андрэй, цяжка ўявіць сцэнар, пры якім Беларусь брала б удзел у расейска-ўкраінскай вайне на баку Расеі. Вядома, фармальна Менск вымушаны падтрымліваць палітыку Крамля — статус найбліжэйшага саюзьніка гэтага вымагае. Але ў рэальнасьці ўцягваць Беларусь у вайну з краінай, якую 99 працэнтаў насельніцтва лічыць дружалюбнай і сваяцкай — гэта было б палітычным самагубствам для таго лідэра, які б наважыўся на такі крок.

І пакуль што мы назіраем дзеяньні Лукашэнкі ва ўкраінскіх справах якраз у рэчышчы дамінуючай грамадзкай думкі. Ён не асуджае дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, але пры гэтым падтрымлівае досыць цесныя і прыязныя стасункі з афіцыйным Кіевам.

За ўкраінскімі падзеямі пільна сочыць і наш слухач Барыс Руцько зь Менску. Ён перакананы, што пераможцам у гэтым канфлікце выйдзе Расея, якая пачала адраджаць сваю колішнюю імпэрскую веліч. Спадар Барыс піша:

«Сам Парашэнка ўласнымі рукамі разьвязаў мех, які ні ў якім выпадку разьвязваць было нельга. Пасьля гэтага Паўднёвы Ўсход Украіны пад адным небам з Кіевам жыць ня будзе. Яны сталі ворагамі назаўсёды, навекі. Мы яшчэ і кроўную помсту там пабачыць можам... Пад уладу Кіева гэтыя людзі ніколі ня вернуцца, можаце не сумнявацца.

Гэты момант асаблівы і для Расеі. Настаў час, калі расейская дзяржава становіцца на шлях да сваёй магутнасьці, імпэрскай велічы. Натуральна, што гэта — час выпрабаваньняў і для ўлады, і для народа, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Барыс Руцько зь Менску. —

Прыкра, што ў гэтай сытуацыі прэзыдэнт Пуцін паводзіць сябе пасіўна, недзе нават баязьліва. І тым самым пераконвае расейскіх грамадзянаў, што ён тут — часова, што на чале вялікай Расеі з 2018 году (а можа, і раней) павінен стаць Сталін Другі, які выканае вялікую гістарычную місію, вярнуўшы пад расейскі скіпэтар тыя народы, якія разбрыліся за гады перабудовы і так званай „дэмакратыі“.

Калі б была на тое палітычная воля Пуціна, дык Расея і без уводу войскаў ва Ўкраіну нэўтралізавала б кіеўскую хунту. Ёсьць жа ў Расеі „Іскандэры“, якія б’юць на 500 кілямэтраў. Адзін залп — і на месцы ўкраінскай вайсковай часьці — пустэльня».

Калі б палітыкі кіраваліся вашымі, спадар Руцько, парадамі, дык у сьвеце даўно ўжо грымела б Трэцяя сусьветная вайна.

Прэзыдэнт Парашэнка робіць тое, што павінен рабіць любы кіраўнік дзяржавы: адстойвае незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць сваёй краіны. А сьцьверджаньні пра тое, што людзі на ўсходзе Ўкраіны назаўсёды перасварыліся і навекі сталі ворагамі — яўнае перабольшаньне. На працягу гісторыі было безьліч крывавых войнаў паміж этнічна блізкімі народамі. Ня раз такія войны грымелі і на тэрыторыі сучаснай Украіны (згадайма хоць бы 17-е стагодзьдзе, калі ў крывавы вір казацкіх войнаў былі ўцягнутыя і ўкраінцы, і палякі, і расейцы, і беларусы). Часта браліся за зброю ўкраінцы, адстойваючы сваю незалежнасьць ад занадта настойлівых усходніх братоў у мінулым 20-м стагодзьдзі. І кожны раз, калі сканчаліся войны, народы рана ці позна знаходзілі сілы для прымірэньня. Суседзяў не выбіраюць: з гэтым даводзіцца мірыцца.

Наш слухач Аляксей Былінскі з Рэчыцы на працягу ўжо многіх гадоў пільна сочыць за абяцаньнямі ўлады скараціць чыноўнікаў і адолець карупцыю. Супастаўляючы гэтыя абяцаньні з рэальным станам рэчаў, слухач прыйшоў да невясёлых высноў (цытую ліст):

«Правільныя лёзунгі прамаўляе Аляксандар Лукашэнка. Ну хто ж будзе пярэчыць, што моцная эканоміка ды сумленная ўлада — гэта падмурак незалежнасьці краіны і росквіту нацыі? Ды толькі як можа наша эканоміка быць моцнай, калі за дваццаць год прэзыдэнцкай гаварыльні Беларусь залезла ў даўгі, як сабака ў дзядоўнік? І адкуль можа ўзяцца сумленная ўлада, калі там гэтулькі хабарнікаў? Што праўда, Лукашэнка іх актыўна выяўляе, звальняе, саджае — з году ў год. Але колькасьць карупцыянэраў не зьмяншаецца. Што міжволі схіляе да роздуму: можа, у самой дзяржаўнай сыстэме нешта ня так, калі яна ўвесь час узнаўляе карупцыю?

Лукашэнка любіць паўтараць, што скараціў чыноўніцкі апарат на траціну. Ды толькі на бюджэце гэта чамусьці не адбілася. А чаму? Бо нават калі ён некага і скараціў, дык зэканомленыя грошы пайшлі на падвышэньне заробкаў тым чыноўнікам, якія засталіся.

Калі ён праводзіць скарачэньне, то гэта павінна быць відавочна для грамадзтва. І пачынаць трэба з Адміністрацыі прэзыдэнта. Апублікуйце канкрэтны сьпіс — з пасадамі, прозьвішчамі тых, каго скарацілі. Але ж нічога гэтага няма.

...Так, любая дзяржава хацела б мець моцную эканоміку і сумленную ўладу. Але дзе іх узяць? Пакуль што моцная ў нас не эканоміка, а ўлада. Праўда, такой сілай багацьця не здабудзеш. Багацьце ствараецца розумам. А вось дзе розуму набрацца тым, хто пакрыўджаны прыродай — гэта сапраўды пытаньне!».

За дваццаць год прэзыдэнцтва Лукашэнкі было некалькі гучных кампаніяў скарачэньня чыноўніцкага апарату. І кожны раз называліся вельмі сур’ёзныя лічбы: то на чвэрць абяцалі скараціць, то нават на траціну... Паводле справаздачаў, скарачэньні нібыта адбываліся. Але ў рэчаіснасьці чыноўніцкіх пасадаў меней ня стала. У любым абласным і раённым цэнтры будынкі і выканкамаў, і колішніх абкамаў ды райкамаў партыі — паўнюткія, усе чыноўніцкія кабінэты занятыя. Многія яшчэ і скардзяцца, што месца малавата, трэба, маўляў, новыя офісы будаваць. І гэта пры тым, што за апошнія два дзесяцігодзьдзі насельніцтва Беларусі скарацілася больш як на мільён, адпаведна, зьменшылася і патрэба ў начальніках. Да таго ж варта мець на ўвазе: да 1991 году ўладныя функцыі шмат у чым дубляваліся партыйнымі камітэтамі рознага ўзроўню: райкамамі, абкамамі, ЦК КПБ. У жніўні 1991-га ўсе яны былі распушчаныя: партыйныя офісы ў той час апусьцелі. Практычна тады кіраўнічы апарат павінен быў скараціцца больш як напалову. Але прайдзіцеся па колішніх райкамах і абкамах сёньня: усе яны цалкам запоўненыя чыноўным людам. Зьніклі райкамы — затое штаты райвыканкамаў за мінулыя два дзесяцігодзьдзі павялічыліся ўдвая, а то і болей.

І на заканчэньне кароткі ліст-падзяка ад Анатоля Чачоткі зь Менску. Ён напісаў нам, атрымаўшы па пошце ў падарунак кнігу «Лісты пра Свабоду». Спадар Анатоль піша:

«Вельмі парадавала сустрэча з сапраўднымі беларусамі, якія ўсёй душой хварэюць за лёс нашай Бацькаўшчыны. Гэта і Кастусь Сырэль, і Ільля Копыл, і Мікола Бусел, і Андрусь Анцух, і Павал Сац, і мноства іншых аўтараў лістоў пра Свабоду, допісы якіх на працягу многіх гадоў ня раз можна было пачуць у вашым эфіры. Хочацца верыць, што і такіх імёнаў, і такіх лістоў будзе болей і болей.

Асаблівая падзяка заснавальніку сэрыі Аляксандру Лукашуку і ўкладальніку кнігі „Лісты пра Свабоду“ Валянціну Жданко. Буду шчасьлівы, калі зьявяцца новыя кнігі ў сэрыі „Бібліятэка Свабоды“ і я стану іх уладальнікам».

Да 60-годзьдзя Беларускай Свабоды, якое адзначаецца сёлета, мы выдалі дзьве кнігі — ня толькі «Лісты пра Свабоду», пра якія вы, спадар Анатоль, пішаце, але і «Лісты на Свабоду» — выбраныя допісы з тых тысяч і тысяч лістоў, якія гучалі ў перадачы «Паштовая скрынка 111» на працягу апошніх пятнаццаці гадоў. Мы з задавальненьнем дашлем гэту новую кнігу і вам, і многім іншым актыўным слухачам, аўтарам цікавых допісаў, удзельнікам Клюбу нашых сяброў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG