Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарас: Партызаны зьнішчалі і акупантаў, і мірных людзей


Анатоль Тарас, архіўнае фота
Анатоль Тарас, архіўнае фота

Ці толькі акупантаў зьнішчалі савецкія партызаны? Які рэальны ўрон нанесьлі яны агрэсару? На гэтыя пытаньні адказвае пісьменьнік Анатоль Тарас, аўтар і ўкладальнік шэрагу гістарычных кніг, прысьвечаных месцу беларусаў у канфліктах імпэрыяў.

Да 70-й гадавіны вызваленьня Менску ад нацысцкай акупацыі яшчэ тыдзень, але сьвяткаваньні ў Беларусі — ужо ў разгары. Значнае месца ў супраціве акупантам афіцыйная гістарыяграфія адводзіць партызанскаму руху. Беларусь у падручніках дагэтуль значыцца як «рэспубліка-партызанка». Але ці толькі акупантаў зьнішчалі савецкія партызаны? Які рэальны ўрон нанесьлі яны агрэсару? На гэтыя пытаньні адказвае пісьменьнік Анатоль Тарас, аўтар і ўкладальнік шэрагу гістарычных кніг, прысьвечаных месцу беларусаў у канфліктах імпэрыяў. Зь ім пагутарыў Ігар Карней.

— Спадар Анатоль, Беларусь сем дзясяткаў гадоў пазыцыянуецца як магутны буфэр на шляху нямецкіх агрэсараў, а партызаны — як надзейная апора Чырвонай арміі. Апошнім часам зьяўляюцца рэдкія спробы пахіснуць стэрэатыпы, аднак яны патанаюць у агульным ідэалягічным патоку.

— У 2011 годзе я быў рэдактарам кнігі Сяргея Захарэвіча, якая выйшла ў сэрыі «Неизвестная Беларусь» і называецца «Партизаны СССР. От мифов к реальности». Яна была выдадзеная ў Вільні выдавецтвам «Наша будучыня» накладам 500 асобнікаў і вельмі хутка была прададзена, літаральна за два тыдні. А ў гэтым годзе тое ж выдавецтва надрукавала новы варыянт кнігі — «Советские партизаны. Мифы и реальность» — большым аб’ёмам, з новымі разьдзеламі, дадатковымі ілюстрацыямі. То бок шмат чаго новага — новых доказаў, новых прыкладаў, новых фактаў, новых лічбаў. Яна зроблена на падставе той кнігі, толькі ўжо іншы аўтар — Міхаіл Пінчук. Яе таксама дзе-нідзе можна набыць, але калі запытаецеся дзе — я вам адказу ня дам, бо сам дакладна ня ведаю. Адзінае, што ў кнігарнях яе няма і ня будзе. Хутчэй, ад аднаго чалавека будзе перадавацца да другога. Як пісалі тыя ж партызаны, прачытай і дай таварышу. Бо ёсьць у нас шмат такіх «таварышоў», якія, як тыя сабакі, бегаюць і шукаюць, каб некага да адказнасьці прыцягнуць. Дык вось мы не дадзім ім такой магчымасьці...

Кніга з сэрыі «Неизвестная Беларусь» — «Советские партизаны. Мифы и реальность»
Кніга з сэрыі «Неизвестная Беларусь» — «Советские партизаны. Мифы и реальность»

— Кніга, наколькі можна зразумець, якраз з шэрагу «антыпартызанскіх»?

— Яна антыпартызанская ў тым сэнсе, што паказвае, кім партызаны былі насамрэч. На самой справе яны былі ваенныя злачынцы, усе. І тыя, якія сапраўды зь немцамі ваявалі, і тыя, якія не ваявалі, усе былі ваенныя злачынцы. Больш за тое, гэта трагедыя, бо яны не маглі ня быць злачынцамі.

Вазьміце, прыкладам, правіянт. Ну што такое — адбіраць у селяніна апошнюю, скажам, свойскую птушку? Ён сам што будзе есьці? Ці апошні мех бульбы. Што гэта такое? Гэта злачынства, і ўсе партызаны злачынцы, бо яны былі рабаўнікі. І савецкія партызанскія атрады, і жыдоўскія, і польскія, і некалькі атрадаў нацыянальных — усе былі рабаўнікі. У іх не было іншага шляху, як рабаваць насельніцтва. Адны больш, другія менш, адны вельмі жорстка, другія мякка, але рабавалі.

Змагаліся зь немцамі? Так, некаторыя змагаліся, былі і такія, бо Масква патрабавала змагацца. Але ўсё таксама абапіралася на хлусьню. Што ў справаздачах партызанаў? Прыкладам, узарвалі мост. Быў маленькі драўляны масток сялянскі, па якім немцы ніколі ня езьдзілі. Падарвуць масток або спаляць, і пяць ці шэсьць атрадаў пішуць справаздачу — зьнішчаны важны стратэгічны аб’ект. Мост жа зьнішчаны, кожны хоча запісаць на сябе. Калі Кубэ забілі, колькі атрадаў дакладалі ў Маскву, што гэта іх справа? Дванаццаць! А ніводзін і побач ня быў. У гэтай кнізе ёсьць цікавы прыклад — на расейскім матэрыяле, але добра паказвае тагачасныя тэхналёгіі, ён ёсьць ува ўсіх кнігах пра расейскую, савецкую партызаншчыну. Была партызанская апэрацыя ў маленькім пункце Угодзкі Завод Маскоўскай вобласьці. Яны атакавалі гэты горад, дзе нібыта быў нямецкі гарнізон, забілі больш за 300 немцаў; папалілі машыны, папалілі склады, захапілі дакумэнты і г.д. А калі пачалі разьбірацца, усё аказалася фальшыўкай. Не было там ніякіх складоў, не было ніякіх машынаў. І забілі яны не 300 немцаў, а 10, зь якіх 5 немцаў і яшчэ столькі ж расейцаў. Вось вам і ўся мэханіка.

Рэйд у вёску па харчы, выпіўку і вопратку (з кнігі «Советские партизаны»)
Рэйд у вёску па харчы, выпіўку і вопратку (з кнігі «Советские партизаны»)

— Прыпіскі, фальсыфікацыі, каб проста апраўдаць сваё існаваньне?

— Савецкая «партызанка» наагул і беларуская ў прыватнасьці — гэта велізарны міт, які складаецца з шэрагу меншых мітаў. Галоўны міт: «партызанка» — гэта рух усяго народу. Хлусьня. Што да Беларусі, то нават паводле афіцыйных зьвестак — 5% насельніцтва, а паводле зьвестак незалежных дасьледчыкаў — у лепшым выпадку 2,5%. Няўжо гэта ўсенародны рух? Па-другое, хто былі партызаны? Ну, зразумела, беларускія сыны, таксама прадстаўнікі насельніцтва — найперш, сяляне, былыя палонныя і г.д. Але ж мы добра ведаем: усіх палонных, якія былі на тэрыторыі акупаванай БССР і былі этнічнымі беларусамі, увосень 1941 году немцы адпусьцілі дахаты. Гэтыя партызанскія аддзелы складаліся з каго? Была так званая партыйна-савецкая намэнклятура, перадусім раённага ўзроўню. Ужо 25 чэрвеня 1941-га вышэйшае кіраўніцтва БССР зьбегла ў Маскву, а раённых кіраўнікоў хто там чакаў? А на Беларусі былі аж 194 раёны! Заходнюю Беларусь немцы акупавалі недзе за тры дні, усходняй часткай яны займаліся больш за месяц. Раённых кіраўнікоў, яшчэ раз кажу, ніхто нідзе не чакаў, яны засталіся на месцах і, зразумела, баяліся, што немцы іх арыштуюць, заб’юць, хаваліся ў лесе. Дарэчы, шмат было вёсак і мястэчак, дзе немцаў наагул не было ў 1941-м, яны потым толькі зьявіліся, а мо не зьявіліся ўвогуле. Дык вось намэнклятура — так, але хто арганізаваў аддзелы? Як добра цяпер паказана ў шматлікіх, перш за ўсё расейскіх выданьнях, гэта рабіў НКУС (Народны камісарыят унутраных спраў, НКВД). Мала таго, яны гэтым цяпер ганарацца! Сам чытаў кнігі, дзе напісана: усё гэта — велізарная заслуга органаў унутраных спраў. Гэта тое, што прызнана афіцыйна: чэкісты арганізавалі «партызанку» разам зь мясцовымі партыйцамі, якіх шукалі, знаходзілі, бо тыя ж добра мясцовасьць ведалі. То бок усім кіраваў НКУС, і загады ляцелі з Масквы.

Партызанскае застольле з самагонкаю (з кнігі «Советские партизаны»)
Партызанскае застольле з самагонкаю (з кнігі «Советские партизаны»)

— Дасьледчыкі падаюць, што збройнай сілай партызанаў былі акружэнцы, тыя, хто зьбег з палону. Але ж ішлі ў лясы і звычайныя людзі, вяскоўцы?

— Што тычыцца нашага насельніцтва, сялянаў, дык сяляне пайшлі ў партызанскія аддзелы галоўным чынам недзе ўлетку-увосень 1943 году. Таму што кожны разумны чалавек бачыў, што Чырвоная армія перахапіла ініцыятыву, што яна ў тым годзе, праз два гады, але прыйдзе сюды, і тыя ж самыя НКУСаўцы схопяць за каўнер і запытаюць: а што ты, сабака, рабіў пад немцамі? Мо ты здраднік? Усе гэта разумелі, таму шмат хто падаўся да партызанаў. Зь іншага боку, немцы сваёй жорсткасьцю, сваімі карнымі апэрацыямі таксама ўздымалі абурэньне ў насельніцтва. Бо не было ў немцаў задачы дэталёва высьвятляць — партызан ты, пасобнік так званы ці не партызан. Забілі тут немца — усю вёску спаліць, жыхароў пастраляць, кагосьці ў Нямеччыну паслаць, каб працаваў. Ну каму гэта падабаецца? Нікому. Але ў 1941–42 гадах ніякага насельніцтва там не было, гэта былі намэнклятуршчыкі, НКУСаўцы, уключна зь міліцыянтамі, і акружэнцы — разам з тымі, хто трапіў у палон і адтуль зьбег. Такі вось быў рух. Дзе народ? Няма народу. Дарэчы, філёзаф Валянцін Акудовіч у сваёй кнізе «Код адсутнасьці» добра напісаў: народ «партызанку» не прымаў.

Партызаны распранаюць забітых немцаў
Партызаны распранаюць забітых немцаў

— Як тады быць з афіцыйнай гістарыяграфіяй, якая сьцьвярджае: партызаны літаральна абяскровілі ворага...

— Гэта яшчэ адзін савецкі міт, што партызаны нібыта нанесьлі вельмі вялікую шкоду акупантам. Панцеляймон Панамарэнка ў сваёй кнізе, якая выйшла спачатку пасьля вайны, а потым перапрацаваны варыянт зьявіўся пасьля яго сьмерці, піша: агулам партызаны зьнішчылі ворагаў — немцаў, мадзьяраў, іншых акупантаў, а таксама іх мясцовых пасобнікаў зь ліку паліцэйскіх фармаваньняў, дапаможных частак — больш за мільён чалавек. Лічба вялікая, вельмі. Але вось што пішуць сучасныя дасьледчыкі. Ёсьць такі Германскі гістарычны інстытут у Маскве, там першым дырэктарам быў Бэрнд Бонвеч. Дык вось расейскі часопіс «Родина» надрукаваў артыкул гэтага Бонвеча акурат што да нашага пытаньня: што ж насамрэч учынілі партызаны? На падставе архіўных дадзеных ён прадэманстраваў: партызаны на ўсёй прасторы ад Баранцавага мора да Чорнага забілі 35 тысяч немцаў, іншых акупантаў і іх прыслугачоў. Мяркуйце самі: 1 мільён і 35 тысяч — зусім розныя лічбы. Калі казаць пра Беларусь, Панамарэнка дэталёва расклаў: забітымі — недзе больш за 350 тысяч немцаў, танкаў — дзесьці 2 тысячы, нават звыш 200 самалётаў зьнішчылі. Чым яны іх зьнішчалі, як зьнішчалі — ніхто ня ведае. Сучасныя дасьледчыкі даказваюць, што ўсё гэта хлусьня — такога не магло быць, таму што быць не магло. Напрыклад, тыя ж танкі: адкуль яны зьявіліся ў Беларусі, калі ўсе танкі былі на фронце? Самалёты чым яны маглі зьбіваць? Не было тады ракетаў, і зэнітных гарматаў у іх не было. Панамарэнка, праўда, удакладняе — калі эшалёнам везьлі. Самалёты лятаюць, іх эшалёнамі ня возяць. Таму гэта таксама хлусьня, як і шмат што іншае.

«Баявы трафэй» — кныр зь вясковага падворку
«Баявы трафэй» — кныр зь вясковага падворку

— З кім тады ваявалі партызаны рэальна? Хай некалькі гадоў, але ж трэба было сябе нечым займаць, адпраўляць зводкі ў цэнтар?

— А вось з кім ваявалі партызаны на самой справе, дык гэта з насельніцтвам. Масква патрабавала зьнішчаць здраднікаў. А ў кожнай жа вёсцы быў солтыс, абавязкова — нейкая ж улада павінна існаваць? Былі людзі, якія працавалі на тых жа млынах. Млынары былі? Так. Перапрацоўвалі збожжа і немцам падаткі плацілі. Ага, здраднік, працуеш на акупантаў. А што, сяляне павінны былі тры гады жыць бяз збожжа, без мукі? Ну як жыць? Вось яны так і забівалі, гэта было вельмі лёгка. Вельмі часта забівалі ўсю сям’ю — і жонку, і старых, і дзетак малых, усіх падчыстую. І лічбы паказваюць: калі партызаны зьнішчылі на ўсёй прасторы ад поўначы да поўдня 35 тысяч акупантаў і іх пасобнікаў, дык цывільных грамадзянаў (перш за ўсё і галоўным чынам сялянаў) зьнішчылі ў 8–10 разоў больш. Во з кім партызаны ваявалі, са сваім народам! І падавалі, што гэта ўсё здраднікі. Добра, яны здраднікі. А кім тады былі насельнікі Чэхаславаччыны, Францыі, Нідэрляндаў? Мы ж чыталі, што ўся Эўропа працавала на вэрмахт. Тыя ж заводы «Шкода» выраблялі зброю для вэрмахту. Чаму іх не называлі здраднікамі? Паводле такой лёгікі, трэба было ўсіх чэхаў забіць, усіх галяндцаў, усіх французаў. Яны ж таксама здраднікі, яны ж працавалі на Нямеччыну! На заводах у Францыі, прыкладам, будавалі баявыя караблі для германскага флёту — «крыгсмарынэ». Таму гэта такі прымітыўны савецкі падыход, толькі, на жаль, зь вялікімі ахвярамі.

Калі партызаны зьнішчылі на ўсёй прасторы ад поўначы да поўдня 35 тысяч акупантаў і іх пасобнікаў, дык цывільных грамадзянаў зьнішчылі ў 8–10 разоў больш

— Ці была ў мірных людзей магчымасьць паводзіць сябе інакш, каб дагадзіць і адным, і другім?

— Нагадаю, што Чырвоная армія хутка-хутка зьбегла, усіх кінула, ніякіх інструкцыяў пры адступленьні не пакінула. Што было людзям рабіць? Адказу няма. Але калі пачытаць, якія былі загады, як да гэтага ставіліся ідэолягі, прапагандысты, дык вынікае, што ўсе абарыгены павінны былі скончыць жыцьцё самагубствам. Як адзін усе мільёны, кінутыя на самавыжываньне. Памерці, абы толькі не працаваць на немцаў. Прынамсі, у камуністаў такая была лёгіка. І калі пра гэта кажаш сучасным ідэолягам, яны аж чырванеюць ад злосьці. Маўляў, гэта дэмагогія. Ну якая ж гэта дэмагогія? Што людзі павінны былі рабіць тры гады? Ня жыць? У адказ цішыня. Таму партызаны гадамі людзей мардавалі, мардавалі, мардавалі, бо мелі адпаведную адмашку зьверху.

— Іншымі словамі, ад суседзтва з партызанскімі сховамі найбольш цярпелі менавіта вяскоўцы?

— Тут такі важны пункт. У лесе харчоў няма. Дзе ўзяць харчы, правіянт? Толькі ў вёсцы. Наіўны адказ «Гэта ў нас апошняе» адпачатку лічыўся няправільным і не спрацоўваў — «Аддавай!» Шмат людзей забівалі, якія аддаваць не хацелі, якія спасылаліся, што ў іх малыя дзеткі, што яны памруць ад голаду. Аддавай — і ўсё. Лёгіка жалезная: мы вас абараняем, а калі абараняем, то зараз і заб’ём, калі харчамі ня хочаш падзяліцца. Вось так было. Таму я і сьцьвярджаю, што ўвесь партызанскі рух — гэта велізарны міт. Ваявалі яны галоўным чынам са сваім народам, а шкоду ворагу прынесьлі вельмі нязначную.

— Выходзіць, ставіце пад сумненьне і эфэктыўнае прыкрыцьцё партызанамі рэгулярных часьцей?

— Гэта чарговы міт, толькі ў іншым кірунку. Маўляў, калі пачалася апэрацыя вызваленьня Беларусі «Багратыён», партызаны атакавалі немцаў з тылу, ззаду. Хлусьня. Паводле афіцыйных зьвестак, яны вызвалілі 12 маленькіх гарадоў і 3 чыгуначныя станцыі. Як вызвалілі? Немцы адтуль сышлі, а партызаны прыйшлі. Вось гэта называецца «вызвалілі». Зразумела, такая трактоўка супярэчыць афіцыйнаму погляду на «партызанку», бо як гэта так — мы ж рэспубліка-партызанка, мужна змагаліся, прычынілі ворагу велізарную шкоду і г.д. Усё гэта хлусьня, таму што нічога гэтага не было. Але такія погляды вельмі не падабаюцца ні нашаму, ні маскоўскаму афіцыёзу. Яны і праз 10 гадоў ня будуць падабацца. Ну што я магу зрабіць? Асабіста я так гляджу на гэтае пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG