Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Доку Умараў стаў шагідам» — паведамілі пра сьмерць лідэра чачэнскіх ваеўнікоў


Доку Умараў
Доку Умараў
Інтэрнэт-сайт радыкальных ісламістаў Паўночнага Каўказу ў Расеі «афіцыйна» паведаміў у аўторак, што іх лідэр Доку Умараў «стаў шагідам», гэта значыць загінуў.

У паведамленьні не згадана, калі менавіта і пры якіх абставінах гэта адбылося.

Іншае паведамленьне на гэтым жа сайце «Каўказ-цэнтар» інфармуе аб абраньні на пасаду новага «эміра Эмірату Каўказ» дзеяча ісламістаў, які называе сябе Алі Абу Мухамад.

У папярэднія гады аб гібелі Умарава ў выніку спэцапэрацыяў расейскіх сілавых структураў паведамлялі каля дзесяці разаў, але кожны раз гэтыя паведамленьні не пацьвярджаліся.

Апошні раз пра сьмерць Доку Умарава заяўляў у пачатку месяца цяперашні кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.

Доку (Дока) Умараў, які ў апошні час называў сябе на арабскі спосаб Дока Абу Усман, удзельнічаў у чачэнскім незалежніцкім руху зь сярэдзіны 1990-х. У 2006, калі гэты рух Расея фактычна ўжо падавіла і кантралявала большую частку Чачні, Умараў стаў апошнім прэзыдэнтам самаабвешчанай Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі, якой ужо практычна не існавала. І ўжо ў 2007 годзе ён, перайшоўшы на прынцыпы радыкальнага ісламу, уласнай заявай ліквідаваў сваю віртуальную дзяржаву, абвясьціўшы замест яе «чачэнскі вілаят» (вобласьць) новай, больш шырокай віртуальнай дзяржавы, «Эмірату Каўказ», і абвясьціў сябе эмірам ўсяго гэтага «эмірату», які павінен ахапіць увесь Паўночны Каўказ і значныя тэрыторыі поўдня Расеі на аснове радыкальнага ісламу. Яму было каля 50 гадоў.

Доку Умараў лічыўся тэрарыстам, а яго групоўкі «Эмірат Каўказ» далей лічацца тэрарыстычнымі ня толькі ў Расеі, але і ў ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG