Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, галоўны інжынэр Вадзім Ліхута і гендырэктарка «Экамэдсэрвіса» Галіна Валжанкіна на судзе
Анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, галоўны інжынэр Вадзім Ліхута і гендырэктарка «Экамэдсэрвіса» Галіна Валжанкіна на судзе

Судзяць лекараў «Экамэдсэрвіса». Жывы рэпартаж

абноўлена

10 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску працягваўся разгляд «справы Экамэдсэрвіса». Абвінавачаныя: былая гендырэктарка мэдычнага цэнтру «Экамэдсэрвіс» Галіна Валжанкіна, анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, галоўны інжынэр Вадзім Ліхута. Іх абвінавачваюць у службовай нядбайнасьці, якая прывяла да сьмерці пацыенткі Юліі Кубаравай. Судзьдзя — Ала Абакунчык. Пракурор — Мікалай Жэчка.

У залі суду прысутнічаюць Юры і Ала Кубаравы — бацькі памерлай Юліі Кубаравай. Яны патрабуюць грашовай кампэнсацыі маральных і матэрыяльных стратаў.

9 студзеня суд прызнаў Алу Кубараву грамадзянскім пазоўнікам па справе.

Пацярпелы Юры Кубараў заявіў, што гэты працэс для яго — кшталту Нюрнбэрскага працэсу. Ён абвінавачвае мэдыкаў і кіраўнікоў «Экамэдсэрвіса» ў бесчалавечнасьці.

27 сакавіка 2013 году пасьля плястычнай апэрацыі жыхарка Горадні Юлія Кубарава не ачуняла і памерла праз 4 тыдні ў 4-м сталічным шпіталі. Паводле сьледзтва, у часе апэрацыі дрэнна працаваў апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
10:45 10.1.2014
Пачалося судовае сьледзтва. Пракурор Жэчка пачаў зачытваць абвінавачваньне да былой гендырэктаркі Цэнтру Галіны Валжанкінай. Яна абвінавачваецца ў нядбайным выкананьні сваіх абавязкаў, што выявілася ў адсутнасьці кантролю за спраўным станам апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, што прывяло да сьмерці пацыенткі. Валжанкіна выконвала і функцыі галоўнага лекара і несла адказнасьць за працэс лячэньня.
10:37 10.1.2014
Суд наклаў арышт на маёмасьць «Экамэдсэрвіса» ў межах выстаўленага патрабаваньня — 10 мільярдаў 20 мільёнаў рублёў.
10:26 10.1.2014
Судзьдзя апытала меркаваньні бакоў аб неабходнасьці накладаньня арышту на маёмасьць «Экамэдсэрвіса» ў сувязі з буйным пазовам аб кампэнсацыі. Прадстаўнік «Экамэдсэрвіса» выступіў супраць. Судзьдзя пайшла на 10 хвілін на перапынак, каб вырашыць пытаньне з арыштам маёмасьці.
10:16 10.1.2014
Судзьдзя назвала суму пазову да «Экамэдсэрвіса» ад Юрыя Кубарава — 5 мільярдаў рублёў за маральную шкоду і 10 мільёнаў рублёў за матэрыяльную.

Такія ж сумы і ад Алы Кубаравай — 5 мільярдаў і 10 мільёнаў.

Такім чынам агулам да «Экамэдсэрвіса» — 10 мільярдаў 20 мільёнаў рублёў.

У якасьці грамадзянскага адказчыка суд прызнаў юрыдычную асобу — «Экамэдсэрвіс».
10:08 10.1.2014
Працэс аднавіўся. У залі таксама прысутнічае маці памерлай Юлі Кубаравай Ала Кубарава, якая ўчора была прызнаная судом грамадзянскім пазоўнікам.
XS
SM
MD
LG