28 жніўня споўнілася 50 гадоў «Маршу на Вашынгтон» 1963 году — гістарычнаму эпізоду ў барацьбе за грамадзянскія правы ў Амэрыцы. У гэтым шэсьці ўзялі ўдзел больш за 200 тысяч актывістаў афраамэрыканскага руху. Цэнтральнай падзеяй стала прамова Марціна Лютэра Кінга «У мяне ёсьць мара». Гэтая падборка фотаздымкаў прысьвечана гісторыі руху за раўнапраўе ў ЗША ў 50-х і 60-х гадах мінулага стагодзьдзя.
Гісторыя барацьбы за грамадзянскія правы ў ЗША на фотаздымках

1
17-гадовы вучань Натаніэл Сьцюард на ўроку ў школе Сьвятога Дамініка ў Вашынгтоне 21 траўня 1954 года. Школа адной зь першых увяла зьмешаныя клясы пасьля таго, як Вярхоўны Суд ЗША на працэсе, які атрымаў назву «Браўн супраць Рады па адукацыі», забараніў сегрэгацыю ў школах.

2
Адвакаты Тургуд Маршал (у цэнтры), Джордж Хайерс (зьлева) і Джэймс Нэбрыт сьвяткуюць рашэньне Вярхоўнага суда па справе «Браўн супраць Рады па адукацыі» 17 траўня 1954 года. Рашэньне паклала канец сэгрэгацыі ў амэрыканскіх школах. У 1967 Тургуд Маршал стаў першым афраамэрыканцам ў Вярхоўным судзе ЗША.

3
14-гадовы хлопчык Эмэт Ціл гасьцяваў у сваіх родных у Місісіпі ў 1955 годзе, калі яго выкралі, жорстка зьбілі, а затым забілі і кінулі цела ў раку. Двое белых, якія нападалі, патлумачылі свае дзеяньні тым, што хлопчык сьвіснуў белай жанчыне. Прысяжныя, сярод якіх не было ніводнага афраамэрыканца, апраўдалі забойцаў. Гэта справа стала знакавай у руху за цывільныя правы.

4
Актывістка барацьбы за грамадзянскія правы Роза Паркс з Марцінам Лютэрам Кінгам ў 1955 годзе. Паркс арыштавалі за тое, што яна адмовілася саступіць месца ў аўтобусе беламу пасажыру. Яе акт грамадзянскага непадпарадкаваньня паклаў пачатак байкоту аўтобусных ліній у Мантгомэры, кампаніі пратэсту супраць сегрэгацыі ў грамадзкім транспарце ў штаце Алабама.

5
Роза Паркс ў аўтобусе ў Мантгомэры з журналістам ў 1956 годзе, пасьля таго, як Вярхоўны Суд ЗША прыняў рашэньне, што сэгрэгацыя ў гарадзкім транспарце зьяўляецца незаконнай. Рашэньне суда было прынята пад ціскам актывістаў, якія байкатавалі грамадзкі транспарт.

6
25 верасьня 1957 года дзевяць афраамэрыканскіх дзяцей пад аховай марскіх пяхотнікаў ЗША ўвайшлі ў школу ў горадзе Літл-Рок у штаце Арканзас. Прэзыдэнт Дуайт Эйзэнхаўэр аддаў загад урадавым войскам суправаджаць дзяцей у школу, каб на іх не напалі разьюшаныя пратэстоўцы. Губэрнатар штату Орвал Фобус вырашыў не дапусьціць дзевяцёх дзяцей у Цэнтральную сярэднюю школу горада.

7
Актывісты-студэнты з Агаё перад паездкай у Місісіпі ў 1964 годзе. Гэтая кампанія, якая атрымала назву «Лета свабоды», ставіла мэтай зарэгістраваць як мага больш выбарнікаў-афраамэрыканцаў у Місісіпі, штаце, які да гэтага спрабаваў выключыць афраамерыканцаў з удзелу ў выбарах.

8
«Ланцуг» белых і чорных дэманстрантаў перад будынкам гарадзкой Рады Нью-Ёрку 23 жніўня 1963 году.

9
Лідэр руху за Грамадзянскія правы і прапаведнік Марцін Лютэр Кінг (трэці зьлева) перад Маршам на Вашынгтон 28 жніўня 1963 г.

10
Калёна паміж Капітоліем і Мэмарыялам Лінкальна падчас Маршу на Вашынгтон.

11
Прэзыдэнт ЗША Ліндан Джонсан паціскае руку Марціну Лютару Кінгу пасьля падпісаньня ў Белым доме 2 ліпеня 1964 г. гістарычнага Білю аб грамадзянскіх правах.

12
Карэта Скот Кінг (пятая справа) вядзе Марш на Мэмфіс 9 красавіка 1968 г, празь пяць дзён пасьля таго, як у Мэмфісе, штат Тэнэсі, быў забіты яе муж, Марцін Лютэр Кінг. Справа ад яе — дачка Іяланда і двое сыноў — Марцін і Дэкстер.

13
Людзі зьбіраюцца на Марш беднякоў у Вашынгтоне 19 чэрвеня 1968. Кампанія была арганізавана Марцінам Лютэрам Кінгам, каб дамагчыся эканамічнай дапамогі для самых бедных раёнаў ЗША. Яна была працягнута пасьля забойства Кінга ў красавіку 1968 года.