Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пячора ўнаймы


Раніцай 24 ліпеня 1925 году на Беларусі зьніклі жыды. Замест іх на абшарах Радзімы зьявіўся народ, які дагэтуль тут мала хто бачыў — яўрэі. «...Считать необходимым — изживать из употребления в белорусском языке слова „жыд“, заменив его словом „яўрэй“, — гаварылася ў пастанове Бюро ЦК КП(б)Б. — Для этого в дальнейшем дать соответствующие директивы коммунистам — иметь в виду настоящее постановление в своей работе, в частности по Инбелкульту и Госиздату».

Пра беспартыйных, «сочуствуюшчіх», розных «попутчіков» і «эклектыкаў» у пастанове нічога не гаварылася. І яны яшчэ доўга ўжывалі слова «жыд», чарнасоценцы паганыя. Бо для таго, каб цябе назвалі чарнасоценцам, часам хопіць трох літар тваёй роднай мовы. Што ў 1925-м, што ў 2013-м.

...Вусьцішна робіцца, калі адна мова пачынае гаспадарыць у доме другой. Гаспадарыць не раўнуючы як нахабны сусед, які, заседзеўшыся да паўночы ў гасьцях, спустошыўшы лядоўню, выпіўшы ўсю самагонку і пераставіўшы мэблю, раптам абвяшчае, што ён, «пажалуй», паселіцца тут навечна. Менавіта такая гісторыя, здаецца, і адбылася з гордым беларускім словам «жыд». Адбылася гісторыя, а Гісторыя скончылася: беларуская мова апынулася на адно слова далей ад Эўропы — і гэта толькі здаецца, што адлегласьць у адно слова дастатковая, каб пасьпець ускочыць у апошні вагон цягніка. Мова, зьбяднелая на адно слова, здольная выжыць. Але мова, у якой словы крадуць ледзьве ня кожны дзень, — ужо ня мова, а крымінальная справа.

Процьма народу пасьля гэтае пастановы ЦК аўтаматычна зрабілася пячорнымі антысэмітамі. У тым ліку самі жыды, прынамсі тыя, якім яшчэ ўчора і ў галаву не прыходзіла выракацца такога падазро-о-о-нага беларускага назову сваёй нацыі. У антысэміта ператварыўся, напрыклад, Зьмітрок Бядуля. Што да беларусаў, дык у пячору да жыданенавісьнікаў трапіў Янка Купала. Супраць «усебеларускіх жыдоў» ён нічога ня меў, пісаў пра іх вершы і ўважаў за паўнапраўную частку новай супольнасьці (хаця і неяк няўклюдна заклікаў іх «сплаціць свой доўг прад Беларусьсю» — бо «жыды ж ёсьць жыды», яны ўсім нешта вінныя, і «нармальнага» чалавека цяжка пераканаць у адваротным, а Купала быў «нармальны»).

Цяжка знайсьці больш бессэнсоўны занятак, чым помсьціць мове за шавінізм, жорсткасьць і тупасьць асобных яе носьбітаў. Цяжка ўявіць сабе, каб немцы, у мэтах пераадоленьня нацысцкай спадчыны, узялі б і адмовіліся пасьля вайны ад слова «Jude». Але ўявім: няма слова — і ўсё, нацызм скончыўся і ўсе радасныя бягуць адбудоўваць сынагогі і ставіць помнікі?

Так не бывае. Ірацыянальны страх перад мовай — гэта, відаць, беларуская асаблівасьць. Нам наогул лепш маўчаць. Тады і вершы пішуцца, і ежа з рота не вывальваецца, і ўвагі ніхто не зьвяртае, і верагоднасьць быць запісаным у чарнасоценцы і нацысты значна меншая. Бо, ужываючы слова «жыд», ты міжволі азіраешся — ці не пачуў хто. Крыўда будзе вялікая, а помсьціць будуць не табе, а мове. Дык не падстаўляйма беларускую. Яўрэі дык яўрэі. Атос, Партос, д’Артаньян, Кампраміс.

Глядзець камэнтары (16)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG