Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі кнігу «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

У Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі карэспандэнта Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»


18:19 3.6.2013
Слова бярэ Алег Грузьдзіловіч: «Я літаральна ўчора на сваім лецішчы размаўляў з чалавекам, які пацярпеў у тэракце. Уявіце, што прайшло ўжо два гады, а ён дагэтуль ня можа нармальна хадзіць. Ён ужо два гады вырваны з жыцьця і ці вернецца ён у нармальнае жыцьцё, не вядома. Я да таго, што раны, боль, якія нанёс тэракт, яны не загойваюцца. Прапаную ўшанаваць памяць тых, хто загінуў у гэтым тэракце»

Заля ўстае. Алег Грузьдзілові зачытвае імёны загінулых у тэракце.

18:14 3.6.2013
Валер Каліноўскі распавядае пра Алега Грузьдзіловіча: «Выйшла з друку кніга з сэрыі Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе пад назвай „Хто ўзарваў менскае мэтро?“, яе аўтар — карэспандэнт радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч.

Алег ужо 18 гадоў працуе карэспандэнтам Радыё Свабода, яго добра ведаюць усе былыя і цяперашнія беларускія сілавікі, міліцыянты, КДБ, судзьдзі, ён шмат папсаваў ім крыві, за што яго неаднаразова затрымлівалі. У тым ліку ў КДБ. Нядаўна Алег атрымаў папярэджваньне пракуратуры за адзін са сваіх рэпартажаў і за гэтую кнігу, якую мы сёньня прадстаўляем — пракуратура вінаваціць Алега за тое, што той ставіць пад сумнеў справядлівасьць судовай сыстэмы Беларусі хоць гэта і ёсьць праца журналіста — ставіць пад сумнеў.

Алег Грузьдзіловіч — журналіст, які спэцыялізуецца на праваабарончай тэматыцы, якога можна сустрэць у судах, на плошчах, пад час разгону мітынгаў. У 2011 годзе ён зрабіў унікальны відэарэпартаж з аўтазака, калі пад час разгону маўклівых акцыяў пратэсту затрымалі самога Алега. У 2011 годзе пасьля выбуху ў менскім мэтро Алег шмат і нястомна працаваў над асьвятленьнем тэракту і ягоных наступстваў, даваў слова пацярпелым, увосень 2011 года некалькі месяцаў Алег Грузьдзіловіч як на працу хадзіў у Дом правасудзьдзя дзе Вярхоўны суд Беларусі вёў беларускі „працэс стагодзьдзя“ — паводле абвінавачваньня Дзьмітрыя Канавала і Ўладзіслава Кавалёва ва ўчыненьні тэракту 11 красавіка 2011 года. Ягоныя он-лайн паведамленьні зьяўляліся на сайце Свабоды, рэпартажы гучалі ў эфіры.»

18:08 3.6.2013
Прэзэнтацыя пачынаецца з невялікага інтэрв’ю з Алегам Грузьдзіловічам.

«У загалоўку назвы кнігі стаіць пытальнік: „Хто ўзарваў менскае мэтро?“ Ці дае кніга адназначны адказ, ці сее больш сумневаў?» — пытаецца Валер Каліноўскі.

«Так, я даю гэты адказ, — адказвае Грузьдзіловіч. — Мой адказ: Канавалаў — вінаваты, Кавалёў — не вінаваты ў тэракце, але ён мог ведаць, але не данёс».

«Але таямніц засталося вельмі шмат», — дадае Алег Грузьдзіловіч.

Прэзэнтацыя пачынаецца з невялікага інтэрв’ю з Алегам Грузьдзіловічам.

Пракуратура вынесла папярэджаньне табе за гэтую кнігу, нібыта за тое, што ставіш у ёй пад сумнеў справядлівасьць судовай сыстэмы Беларусі? Ты сапраўды замахнуўся на ўсю судовую сыстэму Беларусі?», — такое другое пытаньне Валера Каліноўскага.

«Ня ведаюць гэтыя людзі (работнікі пракуратуры) кнігі маёй, не чыталі яны яе. Проста выканалі загад. У кнізе маёй ёсьць фактаў, дзе я згодны з вынікамі сьледзтва», — адказвае Алег.

Алег Грузьдзіловіч: «Пэўныя высновы ўсё ж зрабілі. Мы бачым ахоўнікаў у мэтро, пільны кантроль. Але мой экспэрымэнт паказаў, што гэты кантрль не такі і пільны. Але галоўныя выснова — яны разумеюць, што ўжо нельга трымаць свае дзеяньні далёка ад грамадзтва. Я ж ня першы атрымаў папярэджаньне за рэпартаж. Год таму тое было з журналістам Эўрарадыё. Значыць, мэтро цяпер ужо забароненая зона».
18:06 3.6.2013
У залі зьявіўся Ўладзімер Някляеў.

Вядуць прэзэнтацыю Валер Каліноўскі і Алег Грузьдзіловіч
18:04 3.6.2013
У залі каля трох дзясяткаў чалавек, сярод іх шмат журналістаў, праваабаронцы Алег Воўчак, Валер Шчукін, Андрэй Бандарэнка. Перад пачаткам прэзэнтацыі да аўтара ўжо стаяла чарга па аўтографы на новым выданьні сэрыі «Бібліятэка свабоды»
17:58 3.6.2013

Пра аўтара


​Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску.

У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.



У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

Жанаты, мае трох сыноў і двух ўнучак.
17:55 3.6.2013

Быццам

Уступнае слова Аляксандра Лукашука


У тэракце ў менскім мэтро загінулі пятнаццаць чалавек.

Незваротная страта, непапраўнае гора, нязбыўны боль. Двух абвінавачаных расстралялі. Лягчэй нікому ня стала — грамадзтва раскалолася, як рака ў крыгаход.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук
Гэта быў самы адкрыты і самы падрабязны суд такога маштабу за ўсю гісторыю Беларусі, зь беспрэцэдэнтным удзелам пацярпелых, замежных і айчынных экспэртаў, апэратыўнымі рэпартажамі і такой колькасьцю камэнтароў у інтэрнэце, якая засьведчыла, што свабода грамадзкай думкі існуе, нягледзячы на ўсе забароны.

​Суду не паверылі, і гэта расплата за гады няспынных арыштаў грамадзянаў быццам за лаянку, быццам за супраціў, быццам за малую патрэбу, быццам за мітынг, быццам за падаткі, быццам за што заўгодна.

Калі няма даверу, нічога нельга выключыць. Калі нічога нельга выключыць, усё можна паставіць пад сумнеў. Калі ўсё можна паставіць пад сумнеў, няма мяжы паміж чорным і белым. Калі няма мяжы паміж чорным і белым, дабра не адрозьніць ад зла. Калі дабра не адрозьніць ад зла, зьнікае розьніца паміж законам і загадам. Калі зьнікае розьніца паміж законам і загадам, справядлівасьці не шукаюць у судзе. Калі справядлівасьці не шукаюць у судзе, узрываюць мэтро.

Не абавязкова ўзрываюць, не абавязкова мэтро — але вінаватых шукаюць заўсёды пад знакам «быццам».

Гэтая кніга — пра розьніцу паміж «быццам» і «насамрэч».

Бо розьніца ёсьць.
17:53 3.6.2013
Жывую відэатрансьляцыю пачынаем неўзабаве.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG