Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не складаюцца адносіны Беларусі з МВФ?


Менск наведала чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду. Чаму беларускія ўлады ня просяць грошай у МВФ? Якія ўмовы выдзяленьня крэдыту выстаўляе фонд?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Чаму беларускія ўлады ня просяць грошай у МВФ?


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: «Апошнім часам мы назіраем дзіўны парадокс. Лукашэнка езьдзіць па ўсім сьвеце ў пошуках грошай. У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах ён амаль трое сутак чакаў, пакуль яго прымуць на ўзроўні віцэ-прэм’ера гэтай краіны.

І якраз у гэты час у Менск прыехала чарговым разам місія МВФ дзеля маніторынгу эканамічнай сытуацыі. Здавалася б, вось яна — магчымасьць заняць грошай. Беларускія афіцыйныя асобы (у прыватнасьці кіраўніца Нацбанку Ермакова) кажуць пра нібыта жаданьні атрымаць ад фонду новы крэдыт. Аднак далей за агульныя пажаданьні не ідзе. Бо працэдура атрыманьня крэдытаў МВФ вядомая, яна стандартная для ўсіх краін. Трэба падрыхтаваць праграму рэформаў. Але беларускія ўлады нават не спрабуюць зрабіць гэты першы крок. Чаму?»

Барыс Жаліба: «Перавагі крэдыту МВФ у тым, што ён вельмі танны, звычайна ў межах 3%. А разьмяшчэньне беларускіх аблігацыяў на фінансавых рынках Азіі, пра што ішла гаворка падчас візыту Лукашэнкі ў Паўднёва-Ўсходнюю Азію, можа адбыцца пад 7–8%.

МВФ кожнай краіне, якая бярэ крэдыт у фонду, выстаўляе патрабаваньні. Каб эканоміка краіны працавала на рынкавых умовах. Каб была абмежавана крэдытная эмісія. Каб былі нармальныя камэрцыйныя крэдыты, а не субсыдыяваньне зь бюджэту. Каб не было празьмернага кантролю над цэнамі. Каб рост заробкаў быў абмежаваны, не перавышаў росту прадукцыйнасьці працы. Каб ішла прыватызацыя, падтрымліваўся малы і сярэдні бізнэс. І калі б у кіраўніцтва краіны была палітычная воля, то яно б прыняло гэтыя ўмовы і ня езьдзіла за трыдзевяць зямель у пошуках грошай, прычым даражэйшых».

Чубрык: «Фонд улічвае спэцыфіку кожнай краіны»


Аляксандар Чубрык: «Вы сказалі, што ўмовы, на якіх выдаюцца крэдыты МВФ, стандартныя. Насамрэч гэта ня так. Фонд улічвае спэцыфіку кожнай краіны».

Карбалевіч: «Калі я казаў пра стандартныя патрабаваньні, то меў на ўвазе, што дзеля выдзяленьня крэдыту абавязкова патрэбна праграма рэформаў. Якая яна паводле зьместу, справа іншая, тут якраз і ўлічваецца спэцыфіка краіны. Але беларускі бок нават не спрабуе гэтую праграму распрацаваць і прапанаваць».

Чубрык: «У 2011 годзе пасьля заканчэньня крэдытнай праграмы зь Беларусьсю 2009–2010 гадоў МВФ зрабіў выснову, што гэта быў працэс навучаньня, як трэба працаваць з нашай краінай. Бо, у адрозьненьне ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, МВФ, навучаны папярэднім досьведам, хацеў бы патрабаваць ад Беларусі папярэдніх захадаў. Мінулым разам такой папярэдняй умовай была дэвальвацыя беларускага рубля на 20%. Цяпер МВФ, думаю, будзе патрабаваць збалянсаванага бягучага рахунку плацёжнага балянсу ці абмежаваньня дырэктыўных крэдытаў. То бок атрымліваецца, што крэдытаў Беларусь яшчэ не атрымала, а папярэдне трэба пайсьці на жорсткія захады, якія будуць мець нэгатыўныя палітычныя наступствы для ўладаў — у разьліку на падвышэньне толькі імавернасьці атрыманьня грошай ад фонду.

Другі момант. МВФ патрабуе, каб праграма рэформаў была падтрыманая на найвышэйшым узроўні, то бок яе мусіць падпісаць Лукашэнка. Фонд лічыць, што гэта будзе гарантыяй таго, каб пасьля заканчэньня крэдытнай праграмы эканамічная палітыка Беларусі не разьвярнулася на 180 градусаў, як гэта адбылося пасьля рэалізацыі мінулай праграмы».


Якія ўмовы выдзяленьня крэдыту выстаўляе фонд?


Карбалевіч: «Нядаўна Лукашэнка ў інтэрвію тэлекампаніі Russia Today даволі прыязна ацаніў умовы МВФ падчас выкананьня мінулай крэдытнай праграмы, казаў, што патрабаваньні фонду былі даволі рацыянальныя. А вы кажаце, што ўмовы МВФ непрымальныя для беларускіх уладаў».

Жаліба: «Гэта толькі на словах. МВФ заяўляе, што не выстаўляе палітычных патрабаваньняў. І гэта так. МВФ выстаўляе эканамічныя патрабаваньні.

Мінулая крэдытная праграма 2008–2010 году адбывалася падчас усясьветнага эканамічнага крызісу. Тады МВФ выдаваў шмат крэдытаў розным краінам. Ён зыходзіў зь лёгікі, што калі адна краіна паваліцца, то пацягне за сабой іншыя. У зьвязку з усясьветным крызісам МВФ заплюшчыў вочы на тое, што Беларусь ня выканала некаторых патрабаваньняў фонду.
Цяпер МВФ ставіць умовы крэдытаваньня: структурныя рэформы. А гэта азначае зьмену вытворчых адносін у Беларусі

Цяпер вострая фаза ўсясьветнага крызісу прайшла, ёсьць толькі яго пэўныя наступствы. І таму цяпер МВФ ставіць умовы крэдытаваньня: структурныя рэформы. А гэта азначае зьмену вытворчых адносін у Беларусі. Чаго якраз і ня хочуць беларускія ўлады».

Карбалевіч: «Палітычнае пытаньне можа ўзьнікнуць толькі на самым фінальным этапе, калі Рада дырэктараў МВФ будзе прымаць рашэньне аб падтрымцы крэдытнай праграмы шляхам галасаваньня. Але працэс ня можа зрушыцца з пачатковай стадыі.

Што тычыцца асабістага подпісу Лукашэнкі, то тут я ня бачу ніякай праблемы. Усё роўна рашэньні па ключавых пытаньнях у Беларусі прымае адзін чалавек. Усе гэта ведаюць. І неістотна, будзе там яго подпіс ці не».

Чубрык: «Калі казаць фармальна, то пакуль МВФ не выстаўляе Беларусі ніякіх умоваў. Бо пакуль Беларусь нават не падала заяўку ў МВФ. Таму ўсе мае разважаньні — гэта толькі экспэртныя меркаваньні».


Чаму для кіраўніцтва Беларусі ўмовы фонду непрымальныя?


Чубрык: «Падчас мінулай праграмы МВФ вылучыў папярэдняе патрабаваньне: дэвальвацыя рубля. Ня думаю, што цяпер фонд выставіць падобнае патрабаваньне. Бо абменны курс у нас плаваючы.

Як я ўжо казаў, цяпер МВФ будзе патрабаваць збалянсаванага бягучага рахунку. Бо падчас выкананьня мінулай праграмы Беларусь была адзінай краінай, у якой у працэсе рэалізацыі праграмы МВФ падвысіўся дэфіцыт бягучага рахунку. То бок праграма, якая была скіраваная на яго зьмяншэньне, прывяла да адваротнага выніку. Таму відавочна, што найбольш пільная ўвага МВФ будзе скіраваная на гэтае пытаньне.
Як можна абмежаваць імпарт? Напрыклад, праз дэвальвацыю рубля

А каб збалянсаваць бягучы рахунак, нам трэба альбо моцна падвысіць экспарт, альбо істотна зьменшыць імпарт, альбо і тое і другое адначасова. Цяпер гэты рахунак устойлівы. Але ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве такой ўстойлівасьці ня бачна.

Вось тая праграма мадэрнізацыі, якая цяпер абвешчаная, будзе садзейнічаць росту імпарту без павялічэньня экспарту блізкім часам. Таму ў выніку вырасьце дэфіцыт бягучага рахунку.

Што тычыцца экспарту. Пэрспэктывы росту энэргетычнага экспарту няпэўныя. Невялікія пэрспэктывы і неэнэргетычнага экспарту. Эфэкт ад стварэньня Мытнага зьвязу ўжо мінуў. Таксама вычарпаны эфэкт ад дэвальвацыі. Не прагназуецца рост сусьветнай і расейскай эканомікі, што таксама не адчыняе перад беларускім экспартам вялікіх пэрспэктываў.

Як можна абмежаваць імпарт? Напрыклад, праз дэвальвацыю рубля. Альбо праз скарачэньне выдаткаў бюджэту, спажываньня хатніх гаспадарак, праз згортваньне інвэстыцыйных праграмаў. Напрыклад, такі шлях прайшла ў 2009 годзе Латвія. Яна пайшла на моцнае скарачэньне валавога ўнутранага прадукту, узроўню жыцьця. Але іх бягучы рахунак з моцна дэфіцытнага зрабіўся прафіцытным.

А ў Беларусі кіраўніцтва ставіць пытаньне пра рост валавога ўнутранага прадукту на 8,5%. А структурныя рэформы, пра што казаў сп. Жаліба, прывядуць да зьмены эканамічнай мадэлі. І беларускія ўлады будуць гэтаму супраціўляцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG