Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія экспэрты: баявы дух беларускай арміі падае


У беларускім войску...
У беларускім войску...

Міжнародны інстытут стратэгічных дасьледаваньняў зь Вялікабрытаніі лічыць, што баявая здольнасьць беларускіх сухапутных войскаў застаецца «неакрэсьленай», тым ня менш адзначае паніжэньне баявога духу прызыўнікоў у беларускай арміі.

У сваім штогадовым аглядзе абаронных патэнцыялаў каля 170 краінаў сьвету — «The Military Balance 2013» — у разьдзеле прысьвечаным Беларусі брытанскія вайсковыя экспэрты напісалі сярод іншага:

«Беларусь атрымала пераважную большасьць свайго вайсковага абсталяваньня ў спадчыны ад Савецкага Саюзу, і ўплыў Расеі на беларускую вайсковую дактрыну застаецца моцным. Высокая інфляцыя ў 2011 адмоўна паўплывала на баявы дух той часткі ўзброеных сілаў, якая фармуецца з прызыўнікоў і якая ў выніку была паменшаная. Вайсковае і палітычнае кіраўніцтва было кампрамэтаванае ў ліпені 2012 году, калі беларускую паветраную прастору парушыў лёгкі самалёт, у пратэсьце супраць недахопу дэмакратыі ў краіне. Гэты палёт каштаваў пасады камандзіру ваенна-паветраных сілаў».

Паводле брытанскага інстытуту, у дзеючай беларускай арміі служаць 48 тысяч чалавек. У вайсковым запасе знаходзяцца блізка 290 тысяч чалавек; у ваенізаваных фармацыях — 110 тысяч чалавек. Выдаткі на беларускую армію ў 2012 годзе склалі каля 0.9% ВУП краіны (547 мільёнаў даляраў).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG