Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарогу перасякерваць, заступаць дарогу, стаяць на перашкодзе


Юрась Бушлякоў, Менск

Калегі-журналісты папрасілі падказаць які беларускі сынонім да вельмі частай ў мове сучасных мэдыяў фразэмы устаўляць палкі (-у) ў кола (-ы). Гэтае спалучэньне прыйшло да нас кніжным шляхам, яно скалькаванае з адпаведнай фразэмы францускай або ангельскай мовы. Параўнайце, скажам, ангельскае: to put a spoke in some one’s wheel. На месцы дзеяслова ўстаўляць у разьбіранай фразэме могуць быць яшчэ прынамсі тры другія дзеясловы: ставіць, соваць і сунуць (напрыклад, сунуць палку ў кола).

На жаль, за гэтай кніжнай фразэмаю з вобразам палкі, стаўлянай у кола, мы часта ня бачым іншых беларускіх устойлівых спалучэньняў, патрэбных, калі гаворым пра перашкоды некаму ў нечым. Найперш тут цэлая група фразэмаў з назоўнікам дарога: заступаць дарогу, засесьці дарогу, дарогу перабягаць, перасякаць дарогу, станавіцца на дарозе, стаяць на дарозе, стаяць упоперак (папярок, поперак) дарогі. А яшчэ сярод рэзэрваў мовы вобразная, мэтафарычная беларуская фразэма перасякерваць дарогу. Можам сказаць, што ні ў чым нікому не перашкодзім – то бо не перасякерым дарогі. Перашкаджаючы, тым самым стаім на перашкодзе. Стаяць на перашкодзе – чарговы сынонім у нашым радзе. У “Малым руска-беларускім слоўніку прыказак, прымавак і фразем” аўтарства Зьмітра Санька знайшоў яшчэ спалучэньне шостку падкідаць. Шостка – гэта шасьцёрка. Шостку падкідаюць ня толькі ў картах…

Як бачым, пад рукою шмат сынонімаў – ня варта абыходзіцца ў сваёй мове адной-адзінай фразэмаю ўстаўляць палкі ў кола. Гаворым па-беларуску: перасякерваць дарогу, перабягаць дарогу, заступаць дарогу, стаяць на перашкодзе, шостку падкідаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG