Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стралкі й гімнасты — у Аўстралію. Сэкс-кантроль ставіць крыж.


Уладзімер Глод

(эфір 27 Жніўня 2000)

Да адкрыцьця летніх Алімпійскіх гульняў у Сыднэі застаецца ўжо толькі 19 дзён. Менавіта гэтая галоўная падзея чатырохгадовага цыклю й вызначыла тэматыку сёньняшняе праграмы. Яна цалкам прысьвечаная алімпійскай тэме.
Сёньня вы даведаецеся пра падрыхтоўку да спаборніцтваў беларускіх стралкоў і гімнастаў,
а таксама дазнаецеся, чаму Міжнародны Алімпійскі камітэт выключыў са складу зборнай Беларусі дзьвюх спартовак.

Праграму вядзе Ўладзімер Глод.

(Глод: ) «Першымі зь беларускіх спартоўцаў на «зялёны кантынэнт» вылецелі гімнасты. Іхную дэлегацыю ўзначальвае славутая чэмпіёнка Антаніна Кошаль. У сераду 23 жніўня гімнасты прыляцелі ў Аўстралію. Тут шляхі жаночае і мужчынскае частак каманды разышліся. Дзяўчаты спыніліся ў Сыднэі, дзе яны будуць праводзіць вучэбна-трэніровачны збор, які зьяўляецца завяршальным этапам перадалімпійскае падрыхтоўкі. Бадай, самым адказным ён стане для Тацяны Грыгарэнкі, Юлі Сабко й Сьвятланы Тарасевіч. Менавіта, з гэтых трох спартовак трэба абраць адну, якая ўвойдзе шостым і апошнім нумарам у склад беларускае каманды. Што тычыцца першых пяці нумароў, дык яны ўжо замацаваныя за Аленаю Палазковай, Тацянаю Жарганавай, Марынаю Заржыцкай, Натальляй Нарановіч і Ганнаю Мейсак.

Мужчыны-гімнасты накіраваліся ў горад Брысбэн, дзе да 5 верасьня будуць спалучаць працэсы акліматызацыі, адаптацыі да Аўстраліі і трэніровак. У адрозьненьне ад дзяўчатаў хлопцы свой сэкстэт ужо вызначылі. Гэта Іван Іванкоў, Віталь Рудніцкі, Зьміцер Касьпяровіч і тры Аляксандры — Кружылаў, Шостак і Сінкевіч. Разам зь імі знаходзяцца яшчэ тры гімнасты, але яны будуць стартаваць толькі ў тым выпадку, калі хтосьці зь першай шасьцёркі захварэе або атрымае траўму.

Безумоўны лідэр беларускіх гімнастаў Іван Іванкоў. Ён двухразовы абсалютны чэмпіён сьвету і Эўропы. Зьвярніце ўвагу на слова «абсалютны». Яно азначае, што Іван ня проста пераможца ў асобным практыкаваньні, напрыклад, на «кані», а чэмпіён паводле сумы ўсіх практыкаваньняў, у шматбор'і. А гэта ў гімнастыцы — прыкмета самае высокае клясы. Да таго ж, Іванкову трэба змагацца, так бы мовіць, і за мінулую Алімпіяду. Справа ў тым, што яшчэ 4 гады таму ён разглядаўся як адзін з галоўных прэтэндэнтаў на алімпійскую перамогу. Але тады надзвычай цяжкая траўма перавяла спартоўца з удзельнікаў Алімпіяды ў ейныя гледачы.

На плечы Івана кладзецца й цяжкая ноша лідэра усяе каманды. Зразумела, ад таго, як выступае першы нумар, залежыць настрой усяго калектыву. А беларуская каманда марыць змагацца за алімпійскія мэдалі. На думку Іванкова, галоўнымі супернікамі ягонае каманды будуць спартоўцы Расеі, Украіны, Кітаю, Японіі і, магчыма, Злучаных Штатаў Амэрыкі. Беларусам, дарэчы, як японцам і амэрыканцам, не пашэнціла з жэрабем. Хаця на апошнім чэмпіянаце сьвету нашыя хлопцы былі другімі, у Сыднэі яны ня будуць выступаць у мацнейшай плыні. А гэта вельмі дрэнна. Судзьдзі, як вядома, людзі суб'ектыўныя і так атрымліваецца, што на розных спаборніцтвах яны, як правіла, крыху падвышаюць ацэнку ўсім, хто трапіў у мацнейшую плынь. А гэта азначае, што расейцы, украінцы й кітайцы будуць мець пэўную падтрымку ад арбітраў. Таму, лічыць Іван Іванкоў у Сыднэі, як ніколі, патрэбна будзе выступаць з поўнай самааддачаю. І нават маленькая памылка ў такім становішчы можа перакрэсьліць усе намаганьні каманды.

Пра што сёньня шкадуе лідэр беларускіх гімнастаў, дык гэта пра тое, што пасьля сканчэньня трэніровак прыйдзецца пакінуць Брысбэн і ехаць у Сыднэй. Брысбэн для Івана Іванкова надзвычай фартовы горад. Менавіта тут у 1994 годзе Іван упершыню стаў абсалютным чэмпіёнам сьвету.

А зараз пяройдзем да кулявое стральбы. Нечакана зборную каманду Беларусі пакінула алімпійская чэмпіёнка Ірына Шылава. Разам зь ёю выключылі з каманды й Ганну Румянцаву. Замест іх у Сыднэй вырашана паслаць Аксану Каўтановіч. Пра тое, чым выкліканая гэтая раптоўная замена, распавядае Міхал Стэльмак…»

(Стэльмак: ) "Як паведаміў нашаму радыё старэйшы трэнэр нацыянальнае каманды Беларусі ў кулявой стральбе Ўладзімер Чайка, "чыстка" адбылася 23 жніўня. У гэты дзень у Менску праводзіліся кантрольныя спаборніцтвы сярод спартоўцаў, чые кандыдатуры на паездку ў Сыднэй знаходзіліся пад пытаньнем. У іхным ліку былі Ірына Шылава й Ганна Румянцава. На жаль, сказаў Уладзімер Чайка, абедзьве стралялі ня лепшым чынам і ня выканалі нарматывы, устаноўленыя Міністэрствам спорту й турызму. Наступствы аказаліся для спартовак драматычнымі — замест іх было вырашана ўключыць у алімпійскую каманду 23-гадовую Аксану Каўтановіч. Новая «алімпійка», паводле словаў старэйшага трэнэра, адстралялася амаль што на «выдатна» — выбіла 398 ачкоў з 400 магчымых.

У гэтай гісторыі з заменамі, трэба сказаць, шмат незразумелага. Рэч у тым, што яшчэ тыдзень таму на афіцыйных праводзінах беларускіх алімпійцаў, якія прайшлі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, была агучаная канчатковая лічба ўдзельнікаў спаборніцтваў у Аўстраліі — 141. Па другое, цяперашнія «экзамэны» ў Шылавай і Румянцавай прымаліся без удзелу галоўнага трэнэра зборнай у кулявой стральбе Аляксандра Кядзярава. Кядзяраў на чале астаняе часткі каманды знаходзіцца гэтымі днямі у чэскім горадзе Пльзень, дзе завяршаецца перадалімпійская падрыхтоўка. Ня выключана, што галоўны трэнэр не захацеў удзельнічаць у чыноўніцкіх «гульнях», якімі суправаджаліся фактычна ўсе этапы камплектаваньня алімпійскае каманды Беларусі.

Цяперашняе скандальнае рашэньне ў камандзе стралкоў зьвяртае на сябе ўвагу яшчэ й тым фактам, што адна з ахвяраў «чысткі», а менавіта Ірына Шылава — асоба, вельмі вядомая ў спартовых колах. Яна — алімпійская чэмпіёнка, залатую ўзнагароду заваявала ў 1988 годзе Сэўле. Незадоўга да свайго «чорнага» дня Шылава публічна абвясьціла пра намер яшчэ раз узысьці на алімпійскі «Эвэрэст». І вось на ейных плянах пастаўлены «крыж». Такім чынам, у Сыднэй беларускія стралкі накіруюцца толькі з адным алімпійскім чэмпіёнам Канстантынам Лукашыкам.

Між іншым, хмары згушчаліся й над ягонай кандыдатураю, паколькі апошнім часам ён выступаў ня вельмі добра. Але, здаецца, непрыемнасьці абыйшлі Лукашыка бокам. Дарэчы, назіральнікі й спэцыялісты вельмі разыходзяцца ў сваіх прагнозах наконт алімпійскіх пэрспэктываў беларускіх стралкоў. Вось, напрыклад, якія меркаваньні з гэтае нагоды выказаў нашаму радыё адзін з найвядомейшых айчынных трэнэраў Васіль Каваленка:

«Прагнозы такія: я мяркую, што будуць два, нават тры мэдалі. Ёсьць шанцы заваяваць іх. Але пры пэўных умовах. Калі слушна арганізуюць падрыхтоўку на заключным этапе. Я згадваю мінулую Алімпіяду ў амэрыканскай Атлянце. Тады стралкі Беларусі ня лепшым чынам правялі кантрольныя зборы й менавіта з-за гэтае прычыне, на мой погляд, ня вельмі ўдала выступілі. Зрэшты, у стралковых спаборніцтвах, як і ў іншых відах спорту, усё залежыць ад трэнэра і ад стралка», — лічыць Васіль Каваленка".

(Глод: ) "Склад беларускае алімпійскае каманды скараціўся. І калі алімпійскую чэмпіёнку Сэула ў кулявой стральбе Ірыну Шылаву не бяруць у Сыднэй з-за нізкіх паказьнікаў у выніках збораў, дык дзьве прадстаўніцы лёгкай атлетыкі былі пазбаўленыя алімпійскіх ліцэнзіяў паводле сэкс-кантролю адмысловае алімпійскае камісіі. Распавядае Ігар Карней…"

(Карней: ) "Тэст, паводле якога беларускія лёгкаатлеткі апынуліся па-за спаборніцтвамі, праводзіцца выключна напярэдадні Алімпійскіх гульняў. Спаборніцтвы ўсясьветнага ды эўрапейскага ўзроўняў у гэтым сэнсе больш лібэральныя. Мы сьвядома не называем прозьвішчы пакараных, паколькі зараз для іх гэта вельмі сур'ёзная траўма, перш за ўсё маральная.

Самае дзіўнае, што пра суровы вэрдыкт МАК у Беларускім Алімпійскім камітэце або нічога ня ведаюць, або старанна хаваюць усе падрабязнасьці.

Гаворыць кіраўнік прэсавага цэнтру НАК Пётар Рабухін:

"Я пра гэта даведаўся толькі ад нашае перакладніцы, якая афармляе акрэдытацыйныя карты нашых спартоўцаў. Больш аніякай інфармацыі няма: дзе праводзіўся гэты кантроль, хто гэта рабіў, было гэта заплянавана Фэдэрацыяй ці кімсьці яшчэ – ня ведаю".

Непасрэдна ў Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Беларусі пра вынікі сэкс-кантролю таксама нічога не кажуць. А доктар каманды кажа, што спартоўцы ня едуць у Аўстралію, паколькі ў адной траўма, а другая — захварэла.

Кіраўніцтва Міжнароднага Алімпійскага камітэту яшчэ раней дэкляравала, што Алімпійскія гульні — гэта перш за ўсё спаборніцтвы роўных магчымасьцяў. І ўсялякія адхіленьні ад нормы будуць перапыняцца вельмі жорстка. Сэкс-кантроль, уведзены дастаткова нядаўна, мае сэнсам выраўняць спартоўцаў, як гэта ні дзіўна, па палавой прыкмеце.

Дакладна вядома, што спэцыфічныя працэсы на гэнэтычным узроўні пад узьдзеяньнем мэдыка-хімічных стымулятараў (што стала нормаю ў вялікім спорце), здольныя гэтыя працэсы шматразова паскорыць. У выніку колькасьць гармонаў, уласьцівых мужчынам, пачынае прагрэсаваць менавіта ў жаночым целе. Цікава, што наяўнасьць у мужчынаў-спартоўцаў жаночых гармонаў мэдыкамі ўспрымаецца даволі спакойна: мяркуецца, што на хуткасьць, скакучасьць, сілу й г.д. гэта не ўплывае. І надворот, наяўнасьць у жанчыны адпаведных мужчынскіх рысаў як быццам узвышае яе над суперніцамі.

На тое, ці трэба, так бы мовіць, звышрадыкальна абыходзіцца з жанчынамі, ёсьць розныя меркаваньні. Безумоўнае шкадаваньне, зьвязанае перш за ўсё з аслабленьнем складу каманды Беларусі, натыкаецца на безапеляцыйныя прынцыпы Алімпійскага руху. Іншая справа, што пасьля такога дыягназу чалавеку складана жыць. У спорце, як сьлед, гэтыя людзі больш не затрымліваюцца, а нэгатыўная рэкляма можа паламаць усё далейшае жыцьцё. Многія спартоўцы ўпэўненыя, што лепш, так бы мовіць, заляцець з анаболікамі, чым на сэкс-кантролі.

Што не дае падставаў да сумненьня, дык гэта відавочны факт: патрабаваньні ў вялікім спорце робяцца ўсё больш адмысловымі й спэцыфічнымі".

(Глод: ) "І на гэтым мы з вамі, шаноўныя слухачы, разьвітваемся. Да наступнага выхаду ў эфір праграмы "Заўзятар"…"

XS
SM
MD
LG